Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗІ́НЧАНКА Анатоль Іванавіч

(н. 28.11.1946, пас. Шчаглоўка Данецкай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі і біятэхналогіі. Д-р біял. н. (1992). Скончыў Маскоўскі ун-т (1970). З 1982 у Ін-це мікрабіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па распрацоўцы хіміка-ферментатыўнага падыходу да трансфармацыі нуклеінавых кіслот у біялагічна актыўныя злучэнні з процівіруснай і проціпухліннай актыўнасцю.

Тв.: Enzymatic synthesis of nucleoside 5’-mono and -triphosphates (y сааўт.) // FEBS Letters. Amsterdam, 1990. Vol. 260, № 2; Enzymatic synthesis of ATP from RNA and adenine (y сааўт.) // Biotechnology Letters. London, 1995. Vol. 17, № 6.

т. 7, с. 71

Зінчук Віктар Уладзіміравіч

т. 18, кн. 1, с. 391

ЗІНЬКО́ВІЧ Мітрафан Іванавіч

(27.6.1900, в. Пячары Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 24.9.1943),

генерал-маёр танк. войск (1943), Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1933). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Бранскім, Цэнтр., Варонежскім франтах. Танк. корпус на чале з З. вызначыўся 22.9.1943 пры фарсіраванні Дняпра ў Чарнігаўскай вобл. (Украіна). Загінуў у баі пры вызваленні г. Прылукі.

М.І.Зіньковіч.

т. 7, с. 72

ЗІ́ТАЛА,

рака, гл. Дзятлаўка.

т. 7, с. 72

ЗІЯ-УЛЬ-ХАК Махамад

(12.8.1924, г. Джаландхар, Індыя — 17.8.1988),

пакістанскі ваен. і дзярж. дзеяч. Удзельнік інд.-пакістанскіх войнаў (1965, 1971). З 1973 генерал і нач. штаба сухапутнай арміі. У 1977 узначаліў дзярж. ваен. пераварот, у 1977—78 кіраўнік урада і ваен. адміністрацыі. З 1978 прэзідэнт Пакістана. Імкнуўся да ісламізацыі эканам. і грамадскага жыцця ў краіне. Загінуў у авіякатастрофе.

т. 7, с. 72

ЗЛА́КАВЫЯ МУ́ХІ

(Chloropidae),

сямейства караткавусых круглашоўных насякомых атр. двухкрылых. Каля 2500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у траве на лугах, узлесках, балотах. Большасць лічынак жыве ўнутры сцёблаў злакаў і асок, на суквеццях, утвараюць галы. На Беларусі каля 100 відаў, найб. вядомыя з родаў шведскіх мух (Oscinella), зеленавочак (Chlorops), мераміз (Meromyza).

Даўж. 1—8 мм. Цела шэрае, чорнае, зеленаватае або жоўтае з чорнымі палосамі. За год 1—5 генерацый. Лічынкі большасці З.м. расліннаедныя, могуць пашкоджваць сцёблы і насенне злакаў; ёсць сапрафагі; некат. драпежныя, жывуць у яйцавых коканах павукоў, багамолаў, у глебе на каранёвых тлях і інш. Некат. віды ў тропіках — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл.

т. 7, с. 72

ЗЛА́КІ,

парадак (Роасеае) аднадольных кветкавых раслін і адзінае сямейства (Роасеае, ці Gramineae) гэтага парадку, высокаспецыялізаваная і адасобленая таксанамічная група; тое, што мятлюжкакветныя.

т. 7, с. 72

ЗЛА́ТАВА Людміла Іванаўна

(н. 22.11.1937, г. Чыта, Расія),

бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. Беларусі (1980). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1962). У 1962—91 салістка, у 1991—93 дырэктар опернай трупы Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае цёплым серабрыстым голасам. Створаныя ёю вобразы вылучаюцца праўдай характараў, шчырасцю пачуццяў, жаноцкасцю. У операх нац. рэпертуару выканала партыі Марфачкі («Алеся» Я.Цікоцкага), Ірыны, Маці («Калючая ружа» і «Зорка Венера» Ю.Семянякі), Янінкі («Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера). Сярод лепшых работ у опернай класіцы: Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Адзіна, Нарына («Любоўны напітак», «Дон Паскуале» Г.Даніцэці), Серпіна («Служанка-пані» Дж.Б.Пергалезі), Мюзета («Багема» Дж.Пучыні), Цэрліна, Сюзанна («Дон Жуан», «Вяселле Фігара» В.А.Моцарта), Мікаэла, Лейла («Кармэн», «Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Марфа, Шамаханская царыца, Снягурачка («Царская нявеста», «Залаты пеўнік», «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава).

Літ.:

Ракава А. Тэатр — яе жыццё: (Людміла Златава) // Тэатр. Мінск. 1988. № 1.

А.Я.Ракава.

Л.І.Златава.
Л.Златава (справа) у ролі Сюзанны.

т. 7, с. 72

ЗЛАТАГО́РАЎ (сапр. Гольдберг) Павел Самойлавіч

(30.12.1907, г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл. — 24.9.1969),

рускі і бел. рэжысёр оперы. Засл. арт. Беларусі (1940), засл. арт. Расіі (1947). Скончыў Цэнтр. тэхнікум тэатр. мастацтва ў Маскве (1931). З 1933 рэжысёр Муз. т-ра імя Неміровіча-Данчанкі (з 1941 — імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі). Адначасова з 1935 рэжысёр, у 1939—42 гал. рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Ў 1931—36 і 1946—50 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве. Паставіў на бел. сцэне оперы «Рыгалета» Дж.Вердзі (1935), «Тоска» (1937) і «Чыо-Чыо-сан» (1940) Дж.Пучыні, «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага (1940). Найб. значная работа З. — сцэнічнае ўвасабленне оперы «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (2-я рэд., 1939). Вучань У.Неміровіча-Данчанкі, удзельнічаў у яго пастаноўках опер «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча (1934), «Ціхі Дон» І.Дзяржынскага (1936), «У буру» Ц.Хрэннікава (1939).

Б.С.Смольскі.

т. 7, с. 72

ЗЛАТАУ́СТ,

горад у Расіі, у Чэлябінскай вобл., на р. Ай (Паўд. Урал). Засн. ў 1754, горад з 1865. 201 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Цэнтр чорнай металургіі і машынабудавання; дрэваапр., харч. прам-сць; вытв-сць будматэрыялаў. З 19 ст. цэнтр маст. гравюры на метале. Філіял Чэлябінскага тэхн. ун-та. Драм. т-р. Краязнаўчы музей (з 1825).

т. 7, с. 72