Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЕЙЛЬ, Вайль (Weill) Курт (2.3.1900, г. Дэсаў, Германія — 3.4.1950), нямецкі кампазітар. Вучыўся ў Вышэйшай муз. школе ў Берліне (1918), у 1921—24 у Ф.Бузоні. У 1919—20 у т-рах Дэсаў і Людэншайда. З канца 1920-х г. супрацоўнічаў з Б.Брэхтам. З 1933 у Вялікабрытаніі, з 1935 у ЗША. Вядомасць яму прынесла «Трохграшовая опера» з вершамі Брэхта (1928). Пісаў музыку для «брадвейскіх т-раў», надаў сацыяльнае гучанне жанру мюзікла. Стварыў новы тып сатыр. драмы з музыкай, выкарыстаўшы падкрэслена банальныя формы сучаснай лёгкай музыкі, элементы джаза і інш. Аўтар 19 муз.-сцэн. твораў, у т. л. опер «Шчаслівы канец» (1929), «Узнясенне і падзенне горада Махагоні» (1930), «Згублены ў зорках» (1949), мюзіклаў («Вулічнае здарэнне», 1947, і інш.), балета са спевамі «Сем смяротных грахоў» (1933), кантаты «Новы Арфей» (1925), Берлінскага рэквіема (1928), 2 сімфоній (1921, 1933), музыкі да кінафільмаў і інш. Зрабіў уплыў на творчасць П.Хіндэміта, Дж.Гершвіна, Б.Брытэна.

Літ.:

Schebera J. K. Weill. Leipzig, 1980.

т. 4, с. 61

ВЕ́ЙМАР, Ваймар (Weimar),

горад у ФРГ, у зямлі Цюрынгія. Размешчаны ў Цюрынгенскай катлавіне на р. Ін. 60 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Развіта камбайнабудаванне і выраб дакладных вымяральных прылад. Паліграф. прам-сць. У Веймары мемар. музеі: Нац. музей Гётэ, Паркавы дом Гётэ, Дом Шылера, Дом Ліста, а таксама Музей ням. л-ры, архіў Гётэ і Шылера, Ням. нац. т-р (1906—08), Вышэйшая школа архітэктуры і буд-ва (1904—07, арх. Х.К. ван дэ Велдэ). Каля Веймара — мемар. комплекс Бухенвальд. Турызм.

Упершыню ўпамінаецца ў 975. З 1254 горад. У 1573—1918 сталіца герцагства (з 1815 — Вял. герцагства) Саксен-Веймар-Айзенах. У 18—19 ст. адзін з асн. маст. і культ. цэнтраў Германіі. У Веймары працавалі І.С.Бах, І.Г.Гердэр, І.В.Гётэ, Ф.Шылер, Ф.Ліст. У 1919 у Веймары прынята рэсп. канстытуцыя Германіі (гл. ў арт. Веймарская рэспубліка). Аблічча Веймара вызначаюць маляўнічыя паркі (найбольшы — парк Гётэ) і арх. помнікі 16—18 ст.: Дом Кранаха (каля 1526), Герцагскі палац (цяпер музей; перабудаваны ў 1790—1803 у стылі класіцызму), палац Бельведэр (1726—32) і інш.

т. 4, с. 61

ВЕ́ЙМАРСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

парламенцкая дэмакр. рэспубліка ў Германіі ў 1919—33. Узнікла ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918. Юрыдычна аформлена Устаноўчым сходам у г. Веймар (6.2.1919—21.5.1920). У гістарыяграфіі ФРГ неафіцыйна наз. 1-й Герм. рэспублікай (2-й рэспублікай лічыцца ФРГ). Дзейнічала канстытуцыя 31.7.1919, паводле якой абвяшчаліся дэмакр. свабоды, усеагульнае выбарчае права, надзяляўся вял. паўнамоцтвамі прэзідэнт краіны, прадстаўніцтва партый у парламенце (рэйхстагу) было прапарцыянальна атрыманым галасам выбаршчыкаў, захаваліся традыцыі федэралізму (дзяржава складалася з аўтаномных 15 рэспублік-зямель і 3 вольных гарадоў), парламент быў двухпалатны — ніжняя палата (рэйхстаг) выбіралася ўсеагульна, верхняя (рэйхсрат) складалася з прадстаўнікоў урадаў зямель. У эканоміцы захоўвалася панаванне буйных землеўладальнікаў, прамыслоўцаў і банкіраў. Кіраўнічыя колы, вымушаныя пад націскам працоўных пагадзіцца з дэмакр. канстытуцыяй, на справе не прынялі парламенцкую дэмакратыю. У жыцці краіны пераважалі правыя і рэакц. тэндэнцыі. Левыя сілы (сацыял-дэмакраты і камуністы), канфліктуючы паміж сабой, не здолелі абараніць парламенцкую дэмакратыю. Схільнасць лібералаў да кансерватызму і рэакцыі садзейнічала пашырэнню ўплыву нацыянал-сацыялісцкай партыі, якая пасля прыходу да ўлады (1933) знішчыла Веймарскую рэспубліку.

Літ.:

Руге В. Германия в 1917—1933 гг.: От Вел. От Вел. Окт. соц. революции до конца Веймарской республики: Пер. с нем. М., 1974;

Драбкин Я.С. Становление Веймарской республики. М., 1978;

Mocht und Ohnmacht der Weimarer Republik. Berlin, 1990.

М.Г.Елісееў.

т. 4, с. 61

ВЕ́ЙМУТАВА ХВО́Я,

гл. ў арт. Хвоя.

т. 4, с. 61

ВЕЙН (Vane) Джон Роберт

(н. 29.3.1927, Тардэбіг, графства Херэфард-энд-Вустэр. Вялікабрытанія),

англійскі фармаколаг. Чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Д-р філасофіі (1953). Скончыў ун-т у Бірмінгеме (1946). З 1946 у Оксфардзе, з 1953 у Іельскім ун-це, з 1955 у Ін-це фундаментальных мед. даследаванняў пры Каралеўскім каледжы хірургаў, з 1973 дырэктар аддзела даследаванняў і развіцця Фонду Уілкама ў Лондане. Навук. працы па вылучэнні простагландзінаў і вывучэнні іх хіміі і біяхіміі. Нобелеўская прэмія 1982 (разам з С.Бергстрамам і Б.Самуэльсанам).

т. 4, с. 61

ВЕ́ЙНА,

вёска ў Беларусі, у Магілёўскім р-не. Цэнтр сельсавета і аграгандлёвай фірмы «Вейна». За 10 км на ПдУ ад г. Магілёў, 13 км ад чыг. ст. Магілёў-1. 1544 ж., 555 двароў (1996). Фабрыка па вытв-сці напітку пепсі-кола «Вейнаўская крыніца». Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Вейнаўская Пакроўская царква.

т. 4, с. 61

ВЕ́ЙНАЎСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудавана ў 1-й пал. 19 ст. ў в. Вейна (Магілёўскі р-н). Цэнтрычны, у плане блізкі да квадрата будынак са скругленымі вугламі. У сілуэце дамінуе цыліндрычны барабан са сферычным купалам. Вуглавыя часткі гал. фасада завершаны круглымі вежамі з купальнымі пакрыццямі. Бакавыя ўваходы вылучаны рызалітамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. У інтэр’еры фрэскавая размалёўка ў стылі класіцызму, выявы 4 евангелістаў і 4 шматфігурныя кампазіцыі на біблейскія сюжэты. Размаляваны таксама скляпенні і сцены апсіды.

т. 4, с. 62

ВЕ́ЙНГАРТНЕР, Вайнгартнер (Weingartner) Фелікс Паўль фон (2.6.1863, г. Задар, Харватыя — 7.5.1942), аўстра-нямецкі дырыжор, кампазітар, муз. пісьменнік. Вучыўся ў г. Грац (Аўстрыя), у Лейпцыгскай кансерваторыі (1881—93). Працаваў оперным і канцэртным дырыжорам у ням. гарадах. У 1908—11 і 1935—36 дырэктар і гал. дырыжор Венскай оперы, у 1919—24 — т-ра «Фольксопер». Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў аўстра-ням. дырыжорскай школы. Тонкі інтэрпрэтатар твораў Л.Бетховена, Р.Вагнера, Г.Берліёза, А.Барадзіна, П.Чайкоўскага. Сярод яго твораў 9 опер, 7 сімфоній, 3 сімф. паэмы, інстр. і харавыя творы.

Тв.:

Рус. пер. — О дирижировании. Л., 1927;

Исполнение классических симфоний: Советы дирижерам. Т. 1. М., 1965.

т. 4, с. 62

ВЕ́ЙНІК Альберт Віктар Іазефавіч

(н. 3.10.1919, г. Ташкент — 24.11.1996),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Чл.-кар. АН Беларусі (1956), д-р тэхн. н. (1953), праф. (1995). Скончыў Маскоўскі авіяц. тэхнал. ін-т (1944). З 1956 у Ін-це энергетыкі, з 1958 у Фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі. Адначасова ў 1957—69 у БПІ. Навук. працы па цеплавой тэорыі ліцейных працэсаў. Распрацаваў абагульненую тэрмадынамічную тэорыю, якая аб’ядноўвае класічную тэрмадынаміку, тэрмадынаміку неабарачальных працэсаў, цепла- і масаабмен і інш.

Тв.:

Расчет отливки. М., 1964;

Термодинамика. 3 изд. Мн., 1968;

Термодинамическая пара. Мн., 1973.

М.У.Токараў.

т. 4, с. 62

ВЕ́ЙНКА, Падвейка,

рака ў Беларусі, у Лагойскім р-не Мінскай вобл., правы прыток Дзвінасы (бас. Віліі). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 98 км². Пачынаецца за 1 км на Пд ад в. Роўнядзь, цячэ па паўн. схілах Мінскага ўзвышша. Ад вытоку амаль да в. Пячное цячэ праз лес, далей да вусця (9,4 км) каналізаваная.

т. 4, с. 62