ВЕЙЛЬ,
Вайль (Weill) Курт (2.3.1900, г. Дэсаў, Германія — 3.4.1950), нямецкі кампазітар. Вучыўся ў Вышэйшай муз. школе ў Берліне (1918), у 1921—24 у Ф.Бузоні. У 1919—20 у т-рах Дэсаў і Людэншайда. З канца 1920-х г. супрацоўнічаў з Б.Брэхтам. З 1933 у Вялікабрытаніі, з 1935 у ЗША. Вядомасць яму прынесла «Трохграшовая опера» з вершамі Брэхта (1928). Пісаў музыку для «брадвейскіх т-раў», надаў сацыяльнае гучанне жанру мюзікла. Стварыў новы тып сатыр. драмы з музыкай, выкарыстаўшы падкрэслена банальныя формы сучаснай лёгкай музыкі, элементы джаза і інш. Аўтар 19 муз.-сцэн. твораў, у т. л. опер «Шчаслівы канец» (1929), «Узнясенне і падзенне горада Махагоні» (1930), «Згублены ў зорках» (1949), мюзіклаў («Вулічнае здарэнне», 1947, і інш.), балета са спевамі «Сем смяротных грахоў» (1933), кантаты «Новы Арфей» (1925), Берлінскага рэквіема (1928), 2 сімфоній (1921, 1933), музыкі да кінафільмаў і інш. Зрабіў уплыў на творчасць П.Хіндэміта, Дж.Гершвіна, Б.Брытэна.
Літ.:
Schebera J. K. Weill. Leipzig, 1980.
т. 4, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)