ВЕЗІ́Р,
візір (араб.), тытул міністраў і вышэйшых саноўнікаў у некаторых краінах Б. і Сярэдняга Усходу гал. чынам у сярэднія вякі і новы час.
т. 4, с. 60
ВЕЗІ́РАЎ Наджаф-бек Фаталі-бек аглы
(17.2.1854, г. Шуша, Нагорны Карабах — 9.7.1926),
азербайджанскі драматург. Адзін з заснавальнікаў нац. тэатра. Скончыў Пятроўскую с.-г. акадэмію ў Маскве (1878). Вывучаў рус. і зах.-еўрап. л-ру. Аўтар п’ес пра жыццё і норавы азерб. сялян, памешчыкаў, бурж. дзялкоў канца 19 — пач. 20 ст. (камедыі «Мяса табе, а косці мне», 1873; «З-пад дажджу ды ў лівень», 1895; «Героі нашых дзён», 1898; трагедыя «Гора Фахрэдзіна», 1896, і інш.). Вял. ўплыў на яго творчасць зрабілі п’есы А.М.Астроўскага. У фельетонах, публіцыст. артыкулах выкрываў коснасць, рэліг. фанатызм, прапагандаваў навуку і асвету.
т. 4, с. 60
ВЕЗУ́ВІЙ
(Vesuvio),
дзеючы вулкан на Пд Італіі, паблізу г. Неапаль. Выш. 1277 м. Утварае 3 конусы, якія нібы ўваходзяць адзін у адзін (сома). Асн. конус складзены з перапластаваных лаваў і вулканічных туфаў. Пры вывяржэнні выкідвае попел. Выхады газаў і пары. У час вывяржэння ў 79 загінулі гарады Пампеі, Геркуланум, Стабіі. Апошняе вывяржэнне 1957—59. На ніжніх ч. схілаў — сады, вінаграднікі, да выш. 800 м — хвойныя гаі. Вулканалагічная абсерваторыя. Турызм.
т. 4, с. 60
ВЕЗУВІЯ́Н
(ад месца знаходкі на г. Везувій),
ідакраз, мінерал класа астраўных сілікатаў, водны алюмасілікат кальцыю, магнію і жалеза, Ca10(MgFe)2Al4[SiO4]5 [Si2O7]2(OH,F)4.
Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі прызматычныя або дыпірамідальныя, шчыльныя і зярністыя масы. Колер зялёны або карычневы, радзей жоўты, блакітны ці чырвоны. Паўпразрысты. Бляск шкляны. Цв. 6—7. Шчыльн. каля 3,4 г/см³. Характэрны мінерал кантактна-метамарфічных парод і скарнаў. Празрыстыя разнавіднасці — вырабныя камяні.
т. 4, с. 60
ВЕЙГЕ́ЛА
(Weigela),
род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Каля 15 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі. На Беларусі інтрадукаваны і рэкамендаваны для зялёнага буд-ва вейгела квітучая (Weigela florida) і гібрыдная (Weigela hybrida), якая мае шмат розных садовых форм (адрозніваюцца формай, памерамі і афарбоўкай кветак — ружовыя, чырв., пурпуровыя і інш.).
Лістападныя кустовыя расліны з прамастойнымі парасткамі выш. да 3 м. Лісце супраціўнае, простае, эліпсоіднае. Кветкі адносна вялікія, трубчастыя, без паху, у малакветкавых (па 3—6 шт.) суквеццях. Плод — каробачка. Дэкар. святлалюбныя, патрабавальныя да ўрадлівасці глебы, зімаўстойлівыя расліны. Выкарыстоўваюцца ў адзіночных і групавых пасадках, для афармлення ўзлескаў.
т. 4, с. 60
ВЕ́ЙГЕЛЬ (Weigel) Алена
(12.5.1900, Вена — 6.5.1971),
нямецкая актрыса. Жонка Б.Брэхта. Праф. (1960). У 1918 дэбютавала ў «Новым т-ры» (Франкфурт-на-Майне). У 1923—32 выступала ў т-рах Берліна. Адна з лепшых інтэрпрэтатараў вобразаў драматургіі Брэхта. У 1933 эмігрыравала з Германіі. Працавала ў Парыжы, Капенгагене. З 1948 ва Усх. Берліне, разам з мужам стварыла т-р «Берлінер ансамбль», дзе выканала сваю лепшую ролю — Матухны Кураж («Матухна Кураж і яе дзеці» Брэхта).
т. 4, с. 60
ВЕ́ЙДЭМЕЕР (Weydemeyer) Іосіф Арнольд Вільгельм
(2.2.1818, г. Мюнстэр, Германія — 20.8.1866),
дзеяч ням. і амер. рабочага руху. У 1839—45 афіцэр прускай арміі. У 1845—47 займаўся журналістыкай. Чл. Саюза камуністаў з 1847. У час рэвалюцыі 1848—49 адзін з арганізатараў рабочых саюзаў і дэмакр. т-ваў у Вестфаліі. У 1851 эмігрыраваў у ЗША, дзе выдаваў штотыднёвую газ. «Die Revolution» («Рэвалюцыя»), працы К.Маркса і Ф.Энгельса і разам з Ф.А.Зорге заснаваў Пралетарскі саюз (1852), уваходзіў у кіраўніцтва заснаванага ням. эмігрантамі Амер. рабочага саюза (з 1853), удзельнічаў у працы Камуніст. к-та ў Нью-Йорку (з 1857) і інш. У час Грамадзянскай вайны ў ЗША палкоўнік арміі паўночнікаў (1861—65).
т. 4, с. 60
ВЕ́ЙДЭНБАЎМ (Veidenbaums) Эдуард
(3.10.1867, хутар Глазніекі Цэсіскага р-на, Латвія — 24.5.1892),
латышскі паэт. У 1887—92 вучыўся ў Дэрпцкім (Тартускім) ун-це (памёр у час выпускных экзаменаў). Адзін з найб. папулярных паэтаў у асяроддзі па-рэвалюцыйнаму настроенай інтэлігенцыі і рабочых Латвіі 1890-х гадоў. У паэзіі Вейдэнбаўма — крытыка бурж. маралі і рэлігіі, рэакц. тэндэнцый лат. л-ры, думкі пра хуткацечны час і несправядлівасці жыцця, услаўленне дружбы, хараства прыроды. Вершы Вейдэнбаўма распаўсюджваліся ў рукапісах. У 1908 пісьменнік Э.Трэйман-Зваргуліс выдаў зборнік яго твораў, за што быў зняволены ў турму. Пісаў нарысы па пытаннях палітэканоміі, права, па механіцы. Перакладаў на лат. мову творы Гарацыя, Ф.Шылера.
Тв.:
Kopoti raksti. Sej. 1—2. Riga, 1961.
т. 4, с. 60
ВЕ́ЙЗЭ Апалон Анатолевіч
(н. 23.8.1923, г. Аса Пермскай вобл., Расія),
бел. мовазнавец, педагог і перакладчык. Д-р пед. н. (1994), праф. (1993). Скончыў Свярдлоўскі пед. ін-т (1946). Працаваў у ВНУ Расіі, з 1968 у Мінскім лінгвістычным ун-це. Даследуе тэорыю тэксту: распрацоўвае праблемы лінгвістыкі (граматыкі) тэксту. Аўтар прац «Сэнсавая кампрэсія тэксту ў навучальных мэтах» (на англ. мове, 1982), «Праблемы тэкстуальнай лінгвістыкі» (у сааўт., 1983), «Чытанне, рэферыраванне і анатаванне замежнага тэксту» (1985) і інш., падручнікаў англ. мовы для сярэдняй школы і адаптаваных кніг для чытання на англ. мове. Пераклаў на англ. мову кн. У.Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі» і А.Вольскага «Сцяпан — вялікі пан» (1982), апавяданні В.Быкава, П.Пестрака, А.Кулакоўскага, Караткевіча, бел. нар. казкі, з англ. на рус. мову — раман В.Скота «Чорны карлік» (1961).
т. 4, с. 60
ВЕЙЛЬ (Weyl) Герман
(9.11.1885, г. Эльмсгорн, Германія — 8.12.1955),
нямецкі матэматык. Чл. Нацыянальнай АН ЗША. Скончыў Гётынгенскі ун-т (1908). Праф. Цюрыхскага політэхн. ін-та (1913—30), Гётынгенскага ун-та (1930—33). З 1933 у Прынстанскім ін-це перспектыўных даследаванняў (ЗША). Навук. працы па трыганаметрычных шэрагах і шэрагах па артаганальных функцыях, тэорыі функцый комплекснага пераменнага, дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненнях, па тэорыі неперарыўных груп і іх выкарыстанні ў геаметрыі і фізіцы.
Літ.:
Яглом Н.М. Герман Вейль. М., 1967.
т. 4, с. 61