ВЕЙГЕ́ЛА
(Weigela),
род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Каля 15 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі. На Беларусі інтрадукаваны і рэкамендаваны для зялёнага буд-ва вейгела квітучая (Weigela florida) і гібрыдная (Weigela hybrida), якая мае шмат розных садовых форм (адрозніваюцца формай, памерамі і афарбоўкай кветак — ружовыя, чырв., пурпуровыя і інш.).
Лістападныя кустовыя расліны з прамастойнымі парасткамі выш. да 3 м. Лісце супраціўнае, простае, эліпсоіднае. Кветкі адносна вялікія, трубчастыя, без паху, у малакветкавых (па 3—6 шт.) суквеццях. Плод — каробачка. Дэкар. святлалюбныя, патрабавальныя да ўрадлівасці глебы, зімаўстойлівыя расліны. Выкарыстоўваюцца ў адзіночных і групавых пасадках, для афармлення ўзлескаў.
т. 4, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)