Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СВЁНТАК (Казімір) (н. 21.10.1914, г. Валга, Эстонія),

рымска-каталіцкі царк. дзеяч Беларусі. Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю імя Фамы Аквінскага ў Пінску (1939). У 1939—44 в.а. пробашча парафіі ў Пружанах. У крас. 1941 арыштаваны і зняволены на 2 месяцы ў брэсцкую турму. У снеж. 1944 зноў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў, зняволенне адбываў у лагерах Сібіры і Комі АССР. Пасля вызвалення 16.6.1954 вярнуўся да пастырскай дзейнасці, з 1.12.1954 пробашч парафіі ў Пінску. З 13.4.1991 архібіскуп, мітрапаліт мінска-магілёўскі, апостальскі адміністратар Пінскай рымска-каталіцкай епархіі. 26.11.1993 ад папы Іаана Паўла 11 атрымаў званне кардынала.

С.​Ф.​Адамовіч.

К.Свёнтак.

т. 14, с. 255

СВІДЗЕ́РСКІ (Савелій Аляксеевіч) (23.4.1905, в. Дзяньгубка Крупскага р-на Мінскай вобл. — 13.5.1977),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы ўдасканалення камсаставу кавалерыі (1938). У Чырв. Арміі з 1927. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., Калінінскім, Зах., Цэнтр., Бранскім, 1-м і 2-м Бел. франтах, камандзір палка. Палк. С. вызначыўся ў крас. 1945 пры фарсіраванні р. Одэр (Германія) і захопе плацдарма, дзе асабістым прыкладам натхняў воінаў падраздзяленняў свайго палка на рукапашныя схваткі пры адбіцці некалькіх контратак праціўніка. Да 1953 у Сав. Арміі.

С.А.Свідзерскі.

т. 14, с. 255

СВІДЗІ́НА (Swida),

род кветкавых раслін сям. кізілавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы, радзей у Еўропе. На Беларусі 1 від — С. крывава-чырвоная (S. sanquinea). Трапляецца на схілах у лісцевых і мяшаных лясах. Больш за 10 відаў прайшлі інтрадукцыйную праверку ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі: С. Амома (S. amomum), белая (S. alba), шаўкавістая (S. sericea) і інш. Выведзена шмат садовых форм.

Лістападныя кусты або дрэвы выш. 1,5—6 м. Лісце супраціўнае, суцэльнае, чаранковае. Кветкі белыя, у шчытка- ці парасонападобных галоўчатых суквеццях. Плод — сакаўная, чорная або белая касцянка. З насення атрымліваюць тэхн. алей, чырванаватая драўніна ідзе на такарныя вырабы, з галін плятуць кошыкі і маты. Выкарыстоўваюць С. для замацавання пяскоў і схілаў. Дэкар., тэхн., меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Свідзіна белая.

т. 14, с. 255

СВІДЗІ́НСКІ (Іосіф Вікенцьевіч) (14.1.1918, г.п. Бялынічы Магілёўскай вобл. — 15.11.1996),

Герой Сав. Саюза (1943). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах. фронце. Разведчык яфрэйтар С. вызначыўся ў 1943 у час разведкі абароны праціўніка ў раёне Кіева, калі з групай байцоў выявіў агнявыя кропкі ворага, падарваў яго штабную машыну і здабыў важныя разведданыя для камандавання дывізіі.

І.В.Свідзінскі.

т. 14, с. 255

СВІДЗІ́НСКІ (Уладзімір Іванавіч) (20.5.1923, г. Віцебск — 16.3.1945),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1942). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Бранскім, Цэнтр., 3-м Бел., 1-м Укр. франтах. Камандзір стралк. роты лейтэнант С. вызначыўся ў 1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пн ад Кіева. У Віцебску на тэрыторыі з-да, дзе ён працаваў, устаноўлены бюст.

У.І.Свідзінскі.

т. 14, с. 255

СВІ́ДНА,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Галбіца, за 25 км на У ад г. Паставы. Пл. 0,97 км², даўж. 1,45 км, найб. шыр. 980 м, найб. глыб. 11,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 4 км. Пл. вадазбору 8,43 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы выш. 4—6 м, спадзістыя, разараныя. Пойма шыр. 10—20 м, забалочаная, укрыта хмызняком. Берагі нізкія, на ПдЗ сплавінныя, на У і З выш. 0,5—0,8 м абразійныя, пясчаныя і пясчана-гліністыя, пад хмызняком. Дно лейкападобнай формы, да глыб. 5 м выслана пясчанымі і апясчаненымі адкладамі, глыбей гліністым ілам. Зарастае. Сцёк у р. Заражанка.

т. 14, с. 255

СВІ́ДНАЕ,

вадасховішча ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля в. Свіднае. Створана ў 1986. Пл. 2,2 км², даўж. 2,8 км, найб. шыр. 2 км, найб. глыб. 4,6 м, аб’ём вады 5,7 млн. м³. Наліўное, вада падаецца з р. Убарць. Ваганні ўзроўню вады на працягу года да 2,5 м. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі.

т. 14, с. 256

СВІДО́ВЕЦ, Свідоўка, Балотніца, Плотніца,

рака ў Жытомірскай вобл. Украіны і ў Гомельскай вобл. Беларусі, правы прыток р. Убарць (бас. р. Прыпяць). Даўж. 61 км, у межах Беларусі — 16 км. Пл. вадазбору 600 км². Пачынаецца за 6 км на ПнЗ ад в. Кованка Алеўскага р-на Жытомірскай вобл., вусце каля в. Картынічы Лельчыцкага р-на (раней рака ўпадала ў р. Лохніца — прыток р. Убарць). Цячэ ў межах Палескай нізіны. Даліна амаль на ўсім працягу невыразная. Пойма ў верхнім і сярэднім цячэнні чаргуецца па берагах, у ніжнім — суцэльная, шыр. да 1,5 км, парасла лесам і хмызняком, месцамі адкрытая, лугавая, у асн. забалочаная. Рэчышча ў верхнім і сярэднім цячэнні слабазвілістае, шыр. 6—8 м, у ніжнім шыр. 15 м, на тэр. Беларусі каналізаванае. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.

т. 14, с. 256

СВІДРАВА́ЛЬНЫ СТАНО́К,

станок для свідравання адтулін у метал. і неметал. загатоўках.

Асн. характарыстыкі С.с. — найб. ўмоўны дыяметр свідравання, памеры конуса шпіндэля, вылет шпіндэля, найменшая і найб. адлегласць ад тарца шпіндаля да стала і да фундаментнай пліты. Тыпы універсальных С.с. у металаапрацоўцы: настольна-свідравальныя (аднашпіндэльныя), вертыкальна-свідравальныя (аднашпіндэльныя), радыяльна-свідравальныя, мнагашпіндэльныя, С.с. для глыбокага свідравання. Канструкцыі С.с. для дрэваапрацоўкі — свідравальна-пазавальныя і свідравальна-даўбёжныя (гл. Даўбёжны станок). Выкарыстоўваецца таксама для чыставой апрацоўкі (зенкеравання, разгортвання) адтулін, для наразання ўнутр. разьбы, для зенкавання паверхняў.

На Беларусі вертыкальна- і настольна-свідравальныя станкі вырабляе Маладзечанскі станкабудаўнічы завод.

т. 14, с. 256

СВІДРАВА́ННЕ,

утварэнне скразной або глухой цыліндрычнай адтуліны ў дэталі або вырабе з драўніны, металу і інш.; від апрацоўкі матэрыялаў рэзаннем.

Робіцца свердлам на свідравальных станках, а таксама такарных, расточных і інш. станках ці ўручную — калаўротам, дрылём ці механізаваным інструментам (электрасвердлам, электрадрылём). Можа служыць падрыхтоўчай аперацыяй (з-за адносна невысокай дакладнасці) перад расточваннем, зенкераваннем (гл. Зенкер), рассвідроўваннем (гл. Рассвідроўка), працягваннем і наразаннем унутр. разьбы. Выкарыстоўваюць лазернае С. (гл. Лазерная тэхналогія) адтулін у алмазных кругах і інш. вырабах з матэрыялаў вял. трываласці і нізкай цеплаправоднасці.

т. 14, с. 256