СВІДРАВА́ННЕ,
утварэнне скразной або глухой цыліндрычнай адтуліны ў дэталі або вырабе з драўніны, металу і інш.; від апрацоўкі матэрыялаў рэзаннем.
Робіцца свердлам на свідравальных станках, а таксама такарных, расточных і інш. станках ці ўручную — калаўротам, дрылём ці механізаваным інструментам (электрасвердлам, электрадрылём). Можа служыць падрыхтоўчай аперацыяй (з-за адносна невысокай дакладнасці) перад расточваннем, зенкераваннем (гл. Зенкер), рассвідроўваннем (гл. Рассвідроўка), працягваннем і наразаннем унутр. разьбы. Выкарыстоўваюць лазернае С. (гл. Лазерная тэхналогія) адтулін у алмазных кругах і інш. вырабах з матэрыялаў вял. трываласці і нізкай цеплаправоднасці.
т. 14, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)