Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАГІЛЁЎСКІЯ БАРЫСАГЛЕ́БСКІЯ ЦЭ́РКВЫ,

помнікі архітэктуры 19 ст. ў Магілёве. Комплекс складаецца з 2 цагляных будынкаў. Першы ўзведзены ў 17 ст. як жылы дом, у 19 ст. перабудаваны пад царкву (у л-ры вядомы як Барысаглебская, на самай справе наз. Крыжаўзвіжанская). Першапачаткова — 1-павярховы квадратны ў плане будынак, падзелены сцяной на 2 рознавялікія памяшканні. У 19 ст. палавіна ўсх. сцяны перароблена ў 3-гранную апсіду, да зах. сцяны прыбудавана 2-ярусная званіца з шатровым дахам і цыбулепадобнай галоўкай. На вільчыку ўзведзены гал. драўляны барабан (васьмярык на чацверыку). Перабудова надала будынку рысы псеўдарус. стылю. Другая царква пабудавана ў 1869. 6-стаўповы 3-нефавы крыжова-купальны храм. У арх.-стылявой трактоўцы спалучаны рысы класіцызму (руставаныя пілястры па вуглах, прафіляваны карніз асн. аб’ёму) і маскоўскага культавага дойлідства 17 ст. (5-купалле, кілепадобныя завяршэнні закамараў і парталаў, абрыс ліштваў акон).

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Магілёўскія Барысаглебскія цэрквы.

т. 9, с. 472

МАГІЛЁЎСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.

Існавалі ў 1809—1918. Падпарадкоўваліся Віленскай і Бел. навуч. акругам. Магілёўская мужчынская гімназія адкрыта 15.19.1809 на базе 4-класнага гал. нар. вучылішча (з 15.3.1789). Спачатку мела 3 класы, пазней — 4. Пры ёй дзейнічалі 2-класнае павятовае і 1-класнае прыходскае вучылішчы. У 1830 атрымала агульнарас. статус, пазней адкрыты 5—7-ы класы. З 1836 забаронена выкладанне на польск. мове. З 1838 дзейнічаў шляхетны пансіён, у 1860 адкрыты таксатарскія класы. У 1863 пераўтворана ў няпоўную класічную гімназію. З 1873 — поўная класічная гімназія. У 1870-я г. тут дзейнічаў народніцкі гурток (сярод яго членаў Р.П.Ісаеў, С.П.Кавалік, М.К.Судзілоўскі). У 1915 гімназія ўтрымлівалася за кошт казны, збораў за навучанне і на працэнты з уласных капіталаў. Штогод вучылася 450—550 юнакоў. Сярод выхаванцаў — М.А.Грамыка, О.Ю.Шміт. Магілёўская жаночая гімназія засн. 1.1.1865. Пры гімназіі існавала пед. аддзяленне і пансіён на 30 дзяўчынак. Штогод вучылася 400—500 вучаніц. Выпускніцы атрымлівалі званне хатняй настаўніцы. Закрыта ў пач. 20 ст. Прыватная жаночая гімназія В.​Н.​Касовіч засн. ў 1859 як 2-класнае жаночае вучылішча. У 1872 пераўтворана ў 4-класнае, з 1904—7-класнае 1-га разраду; з 1906 прыватная гімназія, з 1911 мела правы дзярж. Утрымлівалася за кошт збораў за навучанне і невял. дзярж. субсідыі. У 1912 адкрыты 8-ы пед. клас. Створана дадатковае 3-класнае прафес. аддзяленне, дзе выкладаліся рукадзелле, кройка і шыццё. У 1915—259 вучаніц. Прыватная жаночая гімназія А.​С.​Раманоўскай адкрыта 25.8.1907 як 4-класнае прыватнае жаночае вучылішча. З 1913—8-класная гімназія з правамі дзярж. У 1915—159 вучаніц. Прыватная жаночая гімназія С.​Л.​Залескай адкрыта ў 1907; з 1911 мела правы дзярж. гімназіі. У 1915—8 класаў, 394 вучаніцы; 8-ы клас меў пед. арыентацыю, падзяляўся на матэм. і славеснае аддзяленні. Дзейнічаў прыходскі клас. Прыватная яўрэйская жаночая прагімназія Э.​П.​Хейфіц засн. ў 1865 як жаночы пансіён. У 1906—07 рэарганізавана ў прагімназію. Мела 4 класы. У 1915—94 вучаніцы. Дзейнічаў прыходскі клас. Прыватная яўрэйская жаночая прагімназія Б.​Д.​Каплан адкрыта ў вер. 1905. Мела 4 класы. У 1907—150 вучаніц. Закрыта ў 1911. Прыватныя гімназіі ўтрымліваліся за кошт збораў за навучанне.

Літ.:

Киприанович Г.Я. К истории женского образования в Западной России. Вильна, 1910;

Сборник сведений о средних учебных заведениях Виленского учебного округа. Вильна, 1873;

Созонов М.П. Историческая записка о Могилевской мужской гимназии, 1809—1909. Могилев, 1909;

Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.

А.​Ф.​Самусік.

т. 9, с. 472

МАГІЛЁЎСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1606—10,

выступленні рамеснікаў і гар. беднаты Магілёва супраць магістрата. Прычынай выступлення 1606 сталі злоўжыванні ўладай і хабарніцтва магістрата, непасільныя падаткі і грашовыя паборы. Яго ўзначаліла група рамеснікаў пад кіраўніцтвам старасты цэха саладоўнікаў Стахора Мітковіча. 20 і 22.6.1606 некалькі соцень гараджан запатрабавалі спыніць злоўжыванні асобных членаў гар. рады, а 25.6.1606 выступілі супраць усяго магістрата і войта. 15 ліп. яны скінулі раду і абралі новы склад магістрата. Паводле скаргі скінутай рады ў войтаўскі суд войт Я.​Валовіч 11.9.1606 адхіліў новы склад рады і прызначыў новыя выбары. Аднак рашэнне войта не было выканана. Жыгімонт III у лісце да гараджан вызначыў, што канфлікт павінен быць вырашаны ў каралеўскім судзе. 22.8.1608 у канцылярыі ВКЛ пры ўдзеле канцлера Л.​Сапегі паміж упаўнаважанымі абодвух складаў магістрата была падпісана дамова, згодна з якой новая рада, за выключэннем бурмістра Ходкі Багдановіча, прыгаворанага каралеўскім дэкрэтам да смяротнага пакарання, павінна была «дабыць свой тэрмін» і перадаць уладу ранейшаму складу рады, што і было зроблена. Аднак барацьба ў горадзе працягвалася. У 1610 да судовай адказнасці былі прыцягнуты арганізатары новага выступлення, якія ўзначалілі напад на ратушу: 5 чал. былі пакараны смерцю, астатнія — турэмным зняволеннем, выгнаннем з горада і канфіскацыяй маёмасці.

В.​І.​Мялешка.

т. 9, с. 473

МАГІЛЁЎСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ 1863,

ваенныя фарміраванні паўстанцаў у Магілёўскай губ. ў час паўстання 1863—64. Сфарміраваны пад кіраўніцтвам губернскай (ваяводскай) рэв. арг-цыі, падначаленай віленскаму паўстанцкаму цэнтру. Вайсковы начальнік (ваявода) Магілёўскай губ. — Л.Звяждоўскі. У ноч на 24.4.1863 атрад Звяждоўскага з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага ін-та захапіў павятовы г. Горкі і рушыў на злучэнне з Крычаўскім (Чэрыкаўскім) атрадам Я.​Жукоўскага, які павінен быў напасці на Крычаў і захапіць там артылерыю. Але ўлады паспелі нанесці папераджальны ўдар і рассеяць Крычаўскі атрад. Звяждоўскі павярнуў на 3, пераправіўся цераз Проню і, пераканаўшыся ў перавазе царскіх войск, 30.4.1863 непадалёк ад г. Прапойск распусціў атрад. Большасць паўстанцаў атрада (звыш 100 чал.) здаліся ўладам, Звяждоўскі і Жукоўскі ўцяклі. Толькі некалькі дзён пратрымаліся і інш. атрады Магілёўшчыны; Аршанскі атрад І.Будзіловіча (разбіты 26.4.1863 пад Пагосцішчамі), Быхаўскі — І.Анцыпы, Рагачоўскі — Т.Грыневіча. Камандзіры разбітых атрадаў трапіў у рукі ўлад і пасля суда расстраляны. У паўд. частцы Сенненскага пав. атрад сфарміраваў К.Жаброўскі і перайшоў з ім у Барысаўскі пав. З ім дзейнічалі і рэшткі атрада А.Алендскага, разбітага 27.4.1863 каля в. Славені (Талачынскі р-н). У маі 1863 Жаброўскі і Алендскі схоплены ў Барысаўскім пав. і расстраляны. Паўстанне на Магілёўшчыне не набыло размаху. Атрады складаліся гал. чынам з афіцэраў, студэнтаў, гімназістаў, дробных чыноўнікаў, мяшчан, шляхты і інш. Паводле звестак афіцыйнага гістарыёграфа В.​Ратча, агульная колькасць узбр. паўстанцаў на Магілёўшчыне не перавышала 800 чал.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 9, с. 473

МАГІЛЁЎСКІЯ СКА́РБЫ.

1) Знойдзены ў Магілёўскай губ. каля 1822. Ухаваны ў канцы 820-х г. Вядома 1300 цэлых і некалькі соцень фрагментавых куфіцкіх дырхемаў дынастый Амеядаў, Ідрысідаў, Абасідаў. Манеты чаканілі манетныя двары Пірэнейскага п-ва, Паўн. Афрыкі, Азіі, Закаўказзя. Рас. АН набыла 250 манет, лёс астатніх невядомы.

2) Знойдзены ў Магілёве ў 1936. Ухаваны ў 1790-я г. У глінянай пасудзіне было 476 залатых манет, з якіх вядома 466 экз. У скарбе манеты 16—18 ст. чаканкі манетных двароў Нідэрландаў, Даніі, Аўстрыі, Чэхіі, Саксоніі, Трансільваніі, Венецыі, Савоі, вольных імперскіх гарадоў і інш. Адзін з найбуйнейшых скарбаў залатых манет на тэр. Беларусі. Зберагаецца ў Эрмітажы (С.-Пецярбург).

т. 9, с. 473

МАГІЛЁЎСКІЯ ТЫТУНЁВЫЯ ПРАДПРЫЕ́МСТВЫ.

З тытунёвыя мануфактуры і 1 ф-ка, якія дзейнічалі ў Магілёве ў 1863—1914. Перапрацоўвалі тытунёвы ліст, які прывозілі з Бесарабіі, Крыма, Каўказа, Саратаўскай губ. Выраблялі махорку, тытунь усіх гатункаў, папяросы, цыгары. Мелі паравыя і вадзяныя рухавікі, чыгунныя станкі і інш. абсталяванне. На прадпрыемствах працавала ад 52 да 88 чал.

т. 9, с. 473

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Створаны на базе пераведзенага ў Магілёў Пінскага абласнога драматычнага тэатра. Адкрыты ў 1954 у будынку Магілёўскага гарадскога тэатра. У канцы 1950-х — 1960-я г. ў рэпертуары пераважала рус. драматургія («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, «Ягор Булычоў і іншыя», «Варвары» М.​Горкага, «Тры сястры» А.​Чэхава, «Жаніцьба Бальзамінава», «Беднасць не загана» А.​Астроўскага, «Грошы для Марыі» паводле В.​Распуціна, «Фантазіі Фарацьева» А.​Сакаловай, «Гісторыя аднаго кахання» К.​Сіманава, «Таня» А.​Арбузава і інш.). Сярод п’ес замежных аўтараў «Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра, «Каварства і каханне», «Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера, «Нора» Г.​Ібсена, «Замак Броўдзі» паводле А.​Кроніна, «Арфей спускаецца ў пекла» Т.​Уільямса, «Візіт дамы» («Візіт старой дамы») Ф.​Дзюрэнмата і інш. Да пач. 1980-х г. ставіліся і бел. п’есы: «Паўлінка» Я.​Купалы, «Галоўная стаўка», «Даруй мне» К.​Губарэвіча, «Дні нашага нараджэння» І.​Мележа, «Лявоніха на арбіце», «Не сумуй, Верачка» («Верачка») А.​Макаёнка, «Сотнікаў» паводле В.​Быкава, «Пад адным небам» А.​Маўзона, «Тры дні і тры ночы», «Амністыя», «Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага, «Аперацыя «Мнагажэнец» А.​Дзялендзіка і інш. Упершыню на бел. сцэне пастаўлены «Тутэйшыя» Я.​Купалы. У 1970—80-я г. ўвага аддавалася выразнасці сцэнаграфіі і муз. афармлення, разнастайнасці выяўл. сродкаў. Пастаўлены: «І смех і грэх» («Збянтэжаны Саўка» Л.​Родзевіча і «Прымакі» Я.​Купалы), «Клоп» У.​Маякоўскага, «Інтэрв’ю ў Буэнас-Айрэсе» Г.​Баравіка, «За ўсё добрае — смерць» Р.​Ібрагімбекава, «Каханне, джаз і чорт» Ю.​Грушаса, «Каса марэ» І.​Друцэ, і інш. Сярод пастановак 1990-х г.: «Маленькія трагедыі» А.​Пушкіна, «Шалёныя грошы» Астроўскага, «Сніўся мне сад у шлюбным уборы» Чэхава, «Вянчанне» Ж.​Анжуя, «Школа блазнаў» М. дэ Гільдэрода, «Тарцюф» Мальера, «Каханне пад вязамі» Ю.​О’Ніла, «Вынаходлівыя закаханыя» Лопэ дэ Вэгі і інш. Ставяцца спектаклі для дзяцей: «Па зялёных хвалях акіяна» С.​Казлова, «Зайчык-зазнайчык» С.​Міхалкова, «Пунсовая кветачка» паводле С.​Аксакава, «Чараўнік ізумруднага горада» паводле А.​Волкава і інш. У творчасці т-ра значную ролю адыгралі рэжысёры Б.​Валадарскі, Я.​Вялкаў, А.​Дольнікаў, У.​Караткевіч, В.​Маслюк, Ю.​Міроненка, В.​Шутаў. У розны час у ім працавалі нар. арт. СССР Я.​Палосін, засл. артысты Беларусі Р.​Белацаркоўскі (маст. кіраўнік), Ю.​Гальперына, А.​Даніловіч, Г.​Качаткова, Н.​Караткевіч, З.​Малчанава, А.​Раеўскі (рэжысёр), Ю.​Труханаў, Н.​Фядзяева, С.​Яворскі, А.​Яфрэменка, засл. арт. Расіі Э.​Міхайлава. У складзе трупы (1999): нар. арт. Расіі М.​Радзівонаў, засл. арт. Расіі А.​Палкін, засл. арт. Башкортастана С.​Кліменка, артысты Я.​Белацаркоўская, В.​Галкін, З.​Гурцава, Л.​Гурына, А.​Дудзіч, Н.​Калакустава, Г.​Лабанок, А.​Печнікава, К.​Печнікаў, А.​П’янзін, У.​Пятровіч, У.​Саўчыкаў, Г.​Угначова, А.​Чарнякова, А.​Шапавалава. Рэж. М.​Лашыцкі (з 1997), гал. мастак М.​Волахаў (1956—98).

Т.​В.​Пешына.

Да арт. Магілёўскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Тарцюф».

т. 9, с. 461

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1867 у Магілёве як Магілёўскі музей. У 1918 аб’яднаны з Магілёўскім царкоўна-археалагічным музеем, з 1924 быў аддзяленнем Бел. дзярж. музея, з 1929 Магілёўскі дзярж. музей. Меў філіялы: музей гісторыі і атэізму (1935—41), мемар. музей Р.​К.​Арджанікідзе (1937—41). У пач. Вял. Айч. вайны ўсе экспанаты разрабаваны. У 1949 аднавіў дзейнасць як гісторыка-краязн., з 1953 сучасная назва. Меў філіялы: музей гісторыі бітвы пад Лясной (1958—85, Слаўгарадскі р-н), музей дзекабрыстаў (1985—96). Пл. экспазіцыі 1390 м², больш за 105 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў знаходкі з археал. помнікаў Магілёўшчыны, берасцяная грамата 13 ст., калекцыі крыжоў 11—17 ст., зброя 14—19 ст., манеты ВКЛ, Рэчы Паспалітай і інш.; кнігі Магілёўскай друкарні, калекцыя абразоў, жывапісу 18 ст., катэхізіс 18—19 ст.; матэрыялы пра сац.-эканам. становішча, рэв. барацьбу працоўных пач. 20 ст., устанаўленне сав. улады, калектывізацыю, рэпрэсіі. У экспазіцыі Вял. Айч. вайны матэрыялы пра Магілёва абарону 1941, Магілёўскае народнае апалчэнне, партыз. рух, дзейнасць падполля, ваенна-аператыўных груп, пра Лупалаўскі лагер смерці, Магілёўскую аперацыю 1944 і інш. У аддзеле прыроды экспанаты флоры і фауны краю, глебавыя і кліматычныя карты, узоры карысных выкапняў. Зберагаюцца работы сучасных нар. майстроў разьбы па дрэве, керамікі, габеленаў, ткацтва, вышыўкі, узоры нар. адзення. Філіял — Магілёўскі музей этнаграфіі.

В.​М.​Аненкаў.

Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.​В.​Масленікава. Фрагмент экспазіцыі.
Будынак Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.​В.​Масленікава.

т. 9, с. 462

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й імя П.​В.​Масленікава.

Адкрыты 19.11.1990 у Магілёве, з 1996 імя П.Масленікава. Размешчаны ў Магілёўскага пазямельна-сялянскага банка будынку. Плошча экспазіцыі 700 м². У музеі больш за 2 тыс. экспанатаў, пераважна твораў бел. мастакоў 20 ст., у т. л. работы З.​Азгура, А.​Анікейчыка, Л.​Асецкага, А.​Бембеля, В.​Бялыніцкага-Бірулі, Г.​Вашчанкі, В.​Грамыкі, У.​Кожуха, У.​Кудрэвіча, А.​Малішэўскага, Л.​Марчанкі, А.​Маціевіча, М.​Савіцкага, Р.​Таболіча, В.​Юрковай. У 1997 у музеі адкрыта карцінная галерэя Масленікава, створаная на аснове падараванай музею яго персанальнай выстаўкі (128 твораў). Экспануюцца: творы, звязаныя з пачаткам творчай дзейнасці мастака ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (эскізы дэкарацый і касцюмаў да тэатр. пастановак 1938—41 і 1946—60); пейзажы, прысвечаныя родным мясцінам Беларусі, і пейзажы, звязаныя з паездкамі ў Крым, Алтай, Карпаты, Прыбалтыку; уласныя рэчы, мэбля, эцюды, карціны, апошні няскончаны твор Масленікава «Нябёсы». У музеі праводзяцца маст. выстаўкі, міжнар. пленэры жывапісу.

С.​В.​Строгіна.

т. 9, с. 462

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ДРА́МЫ І КАМЕ́ДЫІ імя В.​І.​Дуніна-Марцінкевіча.

Створаны ў 1970 у Бабруйску з выпускнікоў Бел. тэатр.-маст. ін-та (курс Б.​Платонава і В.​Рэдліх) і акцёраў інш. т-раў (часткова Магілёўскага абл. т-ра муз. камедыі), у 1975 трупа значна абноўлена. У 1977 прысвоена імя В.​Дуніна-Марцінкевіча. У першыя гады т-р арыентаваўся на распрацоўку героіка-патрыят. праблематыкі: «Хлопец з нашага горада» К.​Сіманава, «Трыбунал» А.​Макаёнка, «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева і інш. Паступова асн. месца ў рэпертуары занялі пастаноўкі п’ес на сучасную тэматыку: «Адны без анёлаў» Л.​Жухавіцкага, «Птушкі нашай маладосці» І.​Друцэ, «Палын» М.​Варфаламеева, «Энергічныя людзі» В.​Шукшына і інш. Значнага поспеху т-р дасягнуў пры пастаноўцы інсцэніровак празаічных твораў: «Бераг» Ю.​Бондарава, «Апошні тэрмін» В.​Распуціна, «Лесвіца ў неба» М.​Слуцкіса. Традыцыйнымі для яго сталі пастаноўкі рус. і замежнай класікі: «Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага, «Даходнае месца», «Свае людзі — паладзім» А.​Астроўскага, «Ветрык, вей!» Я.​Райніса, «Дзікун» Вальтэра, «Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра, а таксама сучаснай замежнай драматургіі: «Сола для гадзінніка з боем» А.​Заградніка, «Каханне пад вязамі» Ю.​О’Ніла, «Эмігранты» С.​Мрожака, «Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.​Патрыка, «Вязень 2-й авеню» Н.​Саймана. Асаблівая ўвага аддаецца падзеям, звязаным з гісторыяй горада і творчасцю Дуніна-Марцінкевіча: «Правілы гонару» В.​Бабровіча, «Камедыянт, альбо Узнёсласць сумнае надзеі» А.​Асташонка, «Пінская шляхта» і «Залёты» Дуніна-Марцінкевіча, «Вечар у Люцынцы» паводле твораў Дуніна-Марцінкевіча. У 1990-я г. ў рэпертуары: «Прымакі» Я.​Купалы, «Мікітаў лапаць» М.​Чарота, «Беларускія вадэвілі» («Два жаніхі» М.​Гарэцкага, «Збянтэжаны Саўка» Л.​Родзевіча), «Калізей» М.​Матукоўскага, «Чорная панна» А.​Дударава, «Паўночны аўкцыён» і «Султан Брунея» А.​Дзялендзіка, «Чорт у рабрыну» М.​Манохіна, «Русалка» А.​Пушкіна і інш. Найб. плённыя перыяды ў творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў В.​Каралько, Ф.​Пуховіча, М.​Кавальчыка, Г.​Несцера. У розны час у т-ры працавалі: засл. артысты Беларусі Б.​Баеў, Н.​Калаптур, П.​Масцераў, В.​Філатаў, Л.​Федчанка. Гал. рэжысёр С.​Паляшчанаў (з 1999), гал. мастак В.​Навакоўскі (з 1989).

Будынак т-ра ў Бабруйску ўзведзены ў 1978 (арх. В.​Крамарэнка) на аснове рэканструкцыі Дома культуры (1927—30, арх. А.​Оль). Гал. фасад вырашаны ў выглядзе своеасаблівага порціка з вертыкальнымі рэбрамі і вял. паверхняй зашклення. На глухіх сценах бакавых фасадаў рэльефныя кампазіцыі на тэмы мастацтва Па восі будынка размешчаны вестыбюль, фае, глядзельная зала на 700 месцаў з балконам і развітая сцэнічная група памяшканняў, у бакавых аб’ёмах — гардэробы, кулуары, буфеты. Памяшканні для абслугоўвання гледачоў ссунуты на паўпаверха адзін адносна аднаго і злучаны адкрытымі лесвіцамі. У дэкоры фасадаў выкарыстаны вапняк і паліраванае шкло, інтэр’ераў — туф, розныя пароды дрэва, маст. шкло; у афармленні інтэр’ераў удзельнічалі Б.​Папоў, М.​Пірагоў, маст. В.​Ананьеў, М.​Макашвілі.

А.​В.​Спрынчан, А.​А.​Воінаў (архітэктура).

Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.​І.​Дуніна-Марцынкевіча. Сцэна са спектакля «Султан Брунея».
Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.​І.​Дуніна-Марцінкевіча. Сцэна са спектакля «Пінская шляхта».

т. 9, с. 462