Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГРАЗІ́ВА,

рака ў Нараўлянскім р-не Гомельскай вобл. і ў Оўруцкім р-не Жытомірскай вобл. (Украіна), правы прыток р. Славечна (бас. Прыпяці). Даўж. 28,6 км, у т. л. 9 км на Беларусі (каналізаваная), 3,6 км на мяжы з Украінай. Пачынаецца за 1 км на З ад в. Гразіва Оўруцкага р-на. Цячэ па забалочанай лясістай мясцовасці. Жывіць вадасх. Свяча.

т. 5, с. 388

ГРА́ЗІ ЛЯЧЭ́БНЫЯ, пелоіды,

асадкі вадаёмаў, тарфяныя паклады, вывяржэнні гразевых вулканаў і інш. абводненыя прыродныя аргана-мінер. ўтварэнні з лек. ўласцівасцямі. Фарміруюцца пад уплывам геал., кліматычных, гідрагеалагічных і інш. прыродных фактараў з мінер. часцінак, рэшткаў раслінных і жывёльных арганізмаў, калоідных раствораў, вады. Вял. ролю адыгрываюць мікраарганізмы (да 1 млрд. на 1 г сухой гразі). Выкарыстоўваюць пры гразелячэнні.

Ад 25 да 97% масы гразей лячэбных складае гразевы раствор — вытворнае вады ці рапы, мінералізацыя якога ад 0,01 г/л у торфе і сапрапелях да 350 г/л у сульфідных мулавых гразях; рэакцыя кіслая (торф) ці шчолачная (сульфідныя гразі). Грубадысперсную аснову гразей лячэбных складаюць гліністыя і пясчаныя часцінкі, слабарастваральныя солі кальцыю і магнію, грубыя арган. рэшткі. Калоідны комплекс гразей лячэбных уключае тонкадысперсную частку (памер часцінак менш за 0,001 мм) са складаных арган. і аргана-мінер. рэчываў. Адрозніваюць гразі лячэбныя арганічныя (у сухім рэчыве, напр., торфе, сапрапелі, арганікі больш за 10%) і неарганічныя (сульфідныя і сопачныя, у т. л. вулканічныя гразі). Асн. ўласцівасці гразей лячэбных: пластычнасць, высокая цеплаправоднасць, здольнасць да адсорбцыі, што забяспечвае добрае ўтрыманне гразей лячэбных на целе хворага, правядзенне лячэбных працэдур пры больш высокай т-ры (у параўнанні з воднымі), пазбаўленне ад мікробаў скуры хворага. У пазакурортных умовах і пры адсутнасці паўнацэнных натуральных выкарыстоўваюць штучныя гразі лячэбныя, паводле складу набліжаныя да прыродных. На базе буйных радовішчаў гразей лячэбных ствараюцца гразевыя курорты.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 5, с. 388

ГРАЗНО́Ў (Васіль Васілевіч) (? — 12.3.1909),

бел. краязнавец, мастак і літограф. Скончыў Строганаўскае вучылішча (1862). З 1864 жыў у Вільні, выкладаў маляванне ў гімназіях. Даследаваў стараж.-рус. і бел. архітэктуру, матэрыяльную культуру і мастацтва. Сабраў унікальную калекцыю прадметаў бел. культуры і побыту. Навукова апісаў і замаляваў Барысаглебскую (Каложскую) царкву ў Гродне, замак у Лідзе, цэрквы-крэпасці ў Сынковічах Зэльвенскага і Мураванцы (Маламажэйкаве) Шчучынскага р-наў і інш. Многія малюнкі сталі ілюстрацыямі да кніг П.​М.​Бацюшкава («Беларусь і Літва», 1890), І.​В.​Карчынскага («Старажытная Каложская царква ў імя св. князёў Барыса і Глеба ў г. Гродне», 1908), 3-га т. «Маляўнічай Расіі» (1892) і інш. У Эрмітажы (С.-Пецярбург) захоўваюцца яго літаграфіі (лісты з альбома) «Унутраны від... Прачысценскага сабора ў г. Вільна», «Унутраны від Нікольскай царквы ў г. Вільна», «Выява Лідскага замка 14 ст. і царквы часоў Альгерда ў Вільні» і інш.

Тв.:

О древних церквах Северо-Западного края // Известия о занятиях седьмого археологического съезда в Ярославле 6—20 авг. 1887 г. Ярославль, 1887. № 10;

Коложская Борисоглебская церковь в г. Гродно. Вильна, 1893.

В.Гразноў. Сынковіцкая царква-крэпасць 2-я пал. 19 ст.

т. 5, с. 388

ГРАЗЬ,

рака, гл. Плясна.

т. 5, с. 388

ГРАЙМС-ГРЭЙВС (англ. Grimes Graves),

старажытны цэнтр здабычы крэменю эпохі неаліту (2300—1700 да н.э.) каля Брандана, на мяжы графстваў Норфалк і Суфалк (Англія). На плошчы каля 14 га знойдзены рэшткі 346 шахтаў, частка якіх мае глыб. 9—10 м. Ад вертыкальных тунэляў адыходзяць гарыз. галерэі. Здабыча вялася драўлянымі рыдлёўкамі і рагавымі прыладамі. У адной з шахтаў знойдзены алтар з крамянёвых глыб, вакол якога былі ўмацаваны рогі аленя, знаходзіліся прынашэнні (крэйдавыя шары, статуэтка жанчыны і інш.).

А.​В.​Іоў.

т. 5, с. 388

ГРА́КХІ (лац. Gracchus),

браты, палітычныя дзеячы Стараж. Рыма. Паходзілі са знакамітага роду Семпроніяў. Тыберый (162—133 да н.э.), нар. трыбун у 133, ва ўмовах нестабільнага становішча ў краіне правёў закон, які абмежаваў буйное землекарыстанне на грамадскім полі (агер публікус), але не атрымаў падтрымкі сярод сенатараў. На нар. сходзе адхілены ад улады (упершыню ў гісторыі Рыма), але паўторна выставіў сваю кандыдатуру ў нар. трыбуны. Забіты сенатарамі ў дзень выбараў. У 129 сенат спыніў надзяленне зямлёй паводле яго закону. Гай (153—121 да н.э.), нар. трыбун у 123 і 122 да н.э., аднавіў агр. заканадаўства брата, правёў законы ў інтарэсах гар. плебсу і саслоўя коннікаў, прапанаваў даць саюзнікам правы рым. грамадзян і інш. Загінуў у час узбр. паўстання.

Гракхі. Скульптурны партрэт. 19 ст.

т. 5, с. 389

ГРАМ,

долевая адзінка масы, роўная 0,001 кг. Пазначаецца г. 1 г з дакладнасцю да 0,2% роўны масе 1 см³ хім. чыстай вады пры т-ры яе найб. шчыльнасці (каля 4 °C).

т. 5, с. 389

ГРАМ ((Gramme) Зеноб Тэафіль) (4.4.1826, Жэе-Бадэнье, Бельгія — 20.1.1901),

бельгійскі электратэхнік, заснавальнік прамысл. вытв-сці эл. машын. Працаваў у Францыі. Атрымаў патэнт на эл. генератар пастаяннага току з кальцавым якарам (1869). У 1870 стварыў «Т-ва вытв-сці магніта-эл. машын Грама», якое вырабляла эл. генератары розных тыпаў з кальцавым якарам. У 1871 прадэманстраваў у Парыжскай АН першую дынамамашыну.

т. 5, с. 389

...ГРАМА (ад грэч. gramma рыса, літара, напісанне), другая састаўная частка складаных слоў, якая азначае: запіс, графічны відарыс, напр., галаграма, біяграма, гістаграма.

т. 5, с. 389

«ГРАМАВЫ́ ЎДАР»,

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. акупантаў супраць партызан і насельніцтва ў трохвугольніку чыгунак Віцебск—Полацк—Невель на тэр. Віцебскага, Гарадоцкага, Мехаўскага, Полацкага і Сіроцінскага р-наў у сак.крас. 1943. Праводзілася ў 2 этапы (21—27 сак. і 28 сак. — 2 крас. 1943) сіламі ахоўнай дывізіі, 4 ахоўных батальёнаў, батальёна з палка «Брандэнбург», 2 танк. узводаў, артыл. і сапёрных падраздзяленняў. Асн. сілы партызан брыгад імя С.​М.​Кароткіна, 3-й і 4-й Бел. і «За Савецкую Беларусь» з баямі выйшлі з-пад удараў карнікаў. У ходзе аперацыі карнікі загубілі 542 чал., вывезлі ў Германію 345 чал., разам з жыхарамі спалілі вёскі Задобрыя, Чытавухі Гарадоцкага, Дражакі, Заазер’е, Зуева, Лапакова, Шчамілаўка і Ямішча Сіроцінскага р-наў.

т. 5, с. 389