Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЛЕДЫ́ЧЫЯ

(Gleditsia),

род кветкавых раслін сям. бабовых. 12 відаў. Пашыраны ў Амерыцы, Усх. Азіі і трапічнай Афрыцы. У Талышскіх гарах (Усх. Закаўказзе) расце вельмі рэдкі рэліктавы від — гледычыя каспійская (G. caspia). На Беларусі ў паўд. і цэнтр. раёнах у культуры зрэдку трапляецца паўн.-амер. від гледычыя звычайная, або трохкалючкавая (G.triacanthos), інтрадукаваная ў канцы 19 ст.

Лістападныя дрэвы выш. да 28 м, на радзіме — да 45 м, дыям. ствала да 1 м, з ажурнай кронай. Ствол і галінкі ўкрыты доўгімі разгалінаванымі калючкамі. Лісце парнаперыстаскладанае даўж. 15—30 см. Кветкі дробныя, зеленаватыя, у гронкападобных суквеццях. Плады — цёмна-карычневыя струкі; пераважна шматнасенныя. Цвіце ў чэрвені. Доўга жыве (у Высокаўскім парку ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. Гледычыя звычайная мае ўзрост больш за 100 гадоў). Размнажаюць насеннем і каранёвымі атожылкамі. Дэкар. і тэхн. расліны, меданосы, маюць каштоўную драўніну.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 293

ГЛЕЙ,

слой глебы светлай афарбоўкі, які ўтвараецца пад уплывам жыццядзейнасці анаэробных бактэрый ва ўмовах працяглага пераўвільгатнення. Тэрмін увёў рус. вучоны Г.М.Высоцкі (1905) для вызначэння асветленых блакітных, зялёных ці шызых гарызонтаў глебы, колер якіх абумоўлены закіснымі злучэннямі жалеза. Глей валодае неспрыяльнымі водна-фіз. ўласцівасцямі, таксічны для раслін. На Беларусі характэрны для ўсіх тыпаў забалочаных глеб: тарфяна-балотных, падзолістых, дзярнова-падзолістых, дзярновых і інш.

т. 5, с. 294

ГЛЕ́ЙНІКІ

(Rhantus),

род жукоў сям. плывунцоў. 82 віды. Жывуць у стаячых або з павольным цячэннем водах сажалак, рачных затокаў, лясных рэк і ручаёў, часовых вадаёмаў. На Беларусі 9 відаў. Часцей трапляюцца глейнік плямагруды (Rh. notatus), глейнік чарнабрухі (Rh. suturellus) і глейнік жаўтабрухі (Rh. exoletus). Глейнік невядомы (Rh. incognitus) занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. 7—14 мм. Цела круглаватае, злёгку пукатае. Пярэдняспінка жоўтая, зрэдку з чорнай плямай пасярэдзіне. Надкрылы жоўтыя са шматлікімі чорнымі крапінкамі. Лічынкі з падоўжаным целам, рухомыя. Кукалкі развіваюцца на сушы. Дарослыя і лічынкі драпежнікі. Пры масавым размнажэнні шкодзяць рыбнай гаспадарцы. Адначасова карысныя — знішчаюць лічынак і кукалак камароў.

т. 5, с. 294

ГЛЕН

(Glenn) Джон Хершэль (н. 18.7.1921, г. Кеймбрыдж, штат Агайо, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў лётную школу Авіяц. трэніровачнага цэнтра ВМФ у Тэхасе (1943), школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў ВМФ у штаце Мэрыленд (1954). З 1959 у групе касманаўтаў НАСА. 20.2.1962 першым з амер. касманаўтаў здзейсніў арбітальны палёт вакол Зямлі на касм. караблі «Меркурый». Працягласць палёту 4,93 гадз.

т. 5, с. 294

ГЛЕН-МОР

(Glen More),

нізіна ў межах тэктанічнай упадзіны на Пн Вялікабрытаніі (Шатландыя). Даўж. каля 100 км. У межах Глен-Мор — ледавіковыя азёры Лох-Нес, Лох-Лохі, злучаныя з морам суднаходным Каледонскім каналам.

т. 5, с. 294

ГЛЕ́ТЧАР

(ням. Gletscher ад лац. glacies лёд),

тое, што ледавік (гл. Ледавікі).

т. 5, с. 294

ГЛЕЯСПО́РЫЙ

(Gloeosporium),

род недасканалых грыбоў сям. меланконіевых. Вядома каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Амерыцы, Індыі. На Беларусі глеяспорый парэчкавы (G. ribis) паразітуе на лісці парэчак, глеяспорый пладовы (G. fructigenum) — на семечкавых і костачкавых пладовых культурах, глеяспорый канюшынавы (G. trifoliorum) — на канюшыне.

Канідыяносцы кароткія, цыліндрычныя, палачкападобныя, аднаклетачныя, часта ад канічных да іголкападобных, сабраныя разам на плоскім або злёгку пукатым, светла- ці цёмна-бурым ложы (спляценне грыбных гіфаў). Канідыі бясколерныя, аднаклетачныя, выходзяць на паверхню склееныя сліззю. У цыкле развіцця адзначаны сумчатыя стадыі.

т. 5, с. 294

ГЛІАКСА́ЛЬ,

шчаўевы альдэгід, найпрасцейшы дыальдэгід, CHO—CHO. Жоўтыя крышталі з пахам фармаліну tпл 15°C, tкіп 51 °C, шчыльн. 1140 кг/м³ (20 °C). Раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры. Вадкі гліаксаль у прысутнасці вільгаці ператвараецца ў цвёрды палімер. Выкарыстоўваюць як тэкстыльна-дапаможнае рэчыва (надае незмінальнасць баваўняным і віскозным тканінам), для атрымання кубавых фарбавальнікаў. Гліаксаль раздражняе скуру.

т. 5, с. 294

ГЛІ́БАЎ

(Глебаў) Леанід Іванавіч (5.3.1827, с. Вясёлы Падол Палтаўскай вобл., Украіна — 10.11.1893),

украінскі паэт. Майстар баечнага жанру. Скончыў Нежынскі ліцэй (1855). У 1861—63 выдавец і рэдактар штотыднёвіка «Черниговский листок». Пісаў на ўкр. і рус. мовах. Першы зб. «Вершы» (1847, на рус. мове). Аўтар паэмы «Перакаці-поле» (пач. 1850-х г.), камедыі «Да міравога» (1862), твораў для дзяцей і інш. У байках (больш за 100, зб-кі 1863, 1872 і 1882 і інш.) асуджаў прыгонніцтва, бюракратызм, хабарніцтва, падхалімства і інш. Асобныя лірычныя вершы Глібава пакладзены на музыку, сталі папулярнымі песнямі. На бел. мову паасобныя творы Глібава пераклалі Э.Валасевіч, К.Камейша.

Тв.:

Твори. Т. 1—2. Київ, 1974.

В.А.Чабаненка.

т. 5, с. 294

ГЛІ́ВІН,

археалагічныя помнікі (стаянка, селішча, курганны могільнік) каля в. Глівін Барысаўскага р-на Мінскай вобл. На стаянцы днепра-дзяснінскай культуры (6—5-е тыс. да н.э.) знойдзена каля 3 тыс. крамянёвых прылад працы, на селішчы — ляпная кераміка 2 — 5 ст., фрагменты глянцавай міскі зарубінецкай культуры, ляпны і ганчарны посуд 8—13 ст. На могільніку крывічоў (9 ст.) пахавальны абрад — трупаспаленне ў насыпе, знойдзены ляпны посуд з плечукамі.

т. 5, с. 294