ГЛЕЙ,

слой глебы светлай афарбоўкі, які ўтвараецца пад уплывам жыццядзейнасці анаэробных бактэрый ва ўмовах працяглага пераўвільгатнення. Тэрмін увёў рус. вучоны Г.​М.​Высоцкі (1905) для вызначэння асветленых блакітных, зялёных ці шызых гарызонтаў глебы, колер якіх абумоўлены закіснымі злучэннямі жалеза. Глей валодае неспрыяльнымі водна-фіз. ўласцівасцямі, таксічны для раслін. На Беларусі характэрны для ўсіх тыпаў забалочаных глеб: тарфяна-балотных, падзолістых, дзярнова-падзолістых, дзярновых і інш.

т. 5, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)