ВАЗНЯСЕ́НСКІ,
пасёлак у Беларусі, у Чачэрскім р-не Гомельскай вобл., на р. Сож. Цэнтр Ленінскага с/с і калгаса. За 5 км на Пд ад г. Чачэрск, 60 км ад Гомеля, 42 км ад чыг. ст. Буда-Кашалёўская. 399 ж., 137 двароў (1995). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.
т. 3, с. 449
ВАЗНЯСЕ́НСКІ Аляксандр Мікалаевіч
(17.7.1888, с. Чукалы Ардатаўскага р-на, Мардовія — 16.1.1966),
рускі і бел. літаратуразнавец. Д-р філал. н. (1944), праф. (1927). Скончыў Варшаўскі ун-т (1913). Працаваў у Растоўскім ун-це (1915—21), БДУ (1921—30), ВНУ Масквы і Казані. Даследаваў гісторыю рус. і ўкр. літаратур, дакастр. л-ру Беларусі (станаўленне маст. прозы Я.Коласа, стылістыку эпічнай паэзіі Я.Купалы), бел. тэатр 1920-х г., метадалагічныя пытанні літ.-знаўства. Вылучыў рэаліст. і рамант. тэндэнцыі ў дакастр. бел. л-ры, даў параўнальна-тыпалагічную характарыстыку творчасці Я.Купалы ў кантэксце еўрап. літаратур.
Тв.:
Метод изучения литературы // Тр. БГУ. 1922. № 1;
Классификация методов историко-литературной науки // Там жа. 1925. № 6—7;
Асноўныя прынцыпы пабудовы беларускай навукі аб літаратуры. Мн., 1927;
Паэмы Янкі Купалы // Узвышша. 1927. № 1;
Другі Беларускі дзяржаўны тэатр // Там жа 1929. № 6;
Ля вытокаў мастацкай прозы Я.Коласа // Полымя. 1928. № 8;
1929. № 1—4.
У.М.Конан.
т. 3, с. 449
ВАЗНЯСЕ́НСКІ Андрэй Андрэевіч
(н. 12.5.1933, Масква),
рускі паэт. Скончыў Маскоўскі архітэктурны ін-т (1957). Першыя зб-кі вершаў — «Парабала» і «Мазаіка» (абодва 1960). Паэмы «Майстры» (1959), «Ланжумо» (1963), «Оза» (1964), «Аповесць пад ветразямі» (1971), «Авось» (1972), «Андрэй Палісадаў» (1980) вызначаліся асабістым паэт. почыркам, які вылучаўся на фоне тагачаснай уніфікаванай паэзіі. Аўтар зб. вершаў «Антысветы» (1964), «Ахілесава сэрца» (1966), «Цень гуку» (1970), «Погляд» (1972), «Дубовы ліст віяланчэльны» (1975), «Вітражных спраў майстар» (1976, Дзярж. прэмія СССР 1978), «Спакуса» (1978), «Несвядомае» (1981), «О.Аповесць» (1982), «Прарабы духу» (1984). У паэзіі Вазнясенскага значнае месца займаюць урбаністычныя матывы, раскрываецца антыгуманізм сучаснага свету, у якім самымі ранімымі застаюцца сэрца і душа чалавека. Выдаў кнігу ўспамінаў «Мне чатырнаццаць гадоў» (1980). На бел. мову творы Вазнясенскага пераклаў Р.Барадулін (зб. «Небам адзіным», 1980).
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84;
Аксиома самоиска. М., 1990.
Літ.:
Михайлов А. Андрей Вознесенский. М., 1970.
С.Ф.Кузьміна.
т. 3, с. 449
ВАЗНЯСЕ́НСКІ Мікалай Аляксеевіч
(1.12.1903, в. Цёплае Тульскай вобл., Расія — 30.9.1950),
савецкі дзярж. і парт. дзеяч. Акад. АН СССР (1943). Скончыў Камуністычны ун-т імя Свярдлова (1924). У 1938—41, 1942—49 старшыня Дзяржплана СССР. З 1939 нам. старшыні СНК (з 1946 — СМ) СССР. У Вял. Айч. вайну чл. Дзярж. к-та абароны. Чл. ЦК КПСС з 1939. Чл. Палітбюро з 1947 (канд. з 1941). Дэп. Вярх. Савета СССР з 1946. Аўтар кн. «Ваенная эканоміка СССР у перыяд Айчыннай вайны» (1947). Дзярж. прэмія СССР 1948. Рэпрэсіраваны па т.зв. Ленінградскай справе.
т. 3, с. 449
ВАЗНЯЧУ́К Леанід Мікалаевіч
(5.8.1929, Мінск — 1.2.1981),
бел. геолаг. Канд. геолага-мінералагічных навук (1963). Скончыў БДУ (1950). З 1969 у Ін-це геахіміі і геафізікі (цяпер Ін-т геал. навук) АН Беларусі. Навук. працы па стратыграфіі, палеагеаграфіі, геамарфалогіі і палеапатамалогіі антрапагену. Складальнік найб. дасканалай стратыграфічнай схемы антрапагенавай сістэмы Беларусі (1981). Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Літ.:
Санько А.Ф., Фещенко Ф.С. Творческий вклад Л.Н.Вознячука в развитие геологии плейстоцена // Проблемы плейстоцена. Мн., 1985.
А.Ф.Санько.
т. 3, с. 449
ВАЗО́К,
лёгкія выязныя сані ў беларусаў і інш. слав. народаў. Вядомы са стараж. часоў. Знешні выгляд і форма вазка залежалі ад заможнасці і сац. прыналежнасці іх уладальнікаў. Утульны, дэкаратыўна аздоблены кузаў меў звычайна козлы для вазніцы, яго абшывалі лубам або тонкімі дошкамі, у заможнай шляхты абівалі знутры сукном, высцілалі футрам, часам вазок быў з закрытым ці паўзакрытым верхам. Сяляне нярэдка замест вазка выкарыстоўвалі развалкі, паверх якіх у задняй частцы мацавалі трохбаковую рашотчатую спінку («драбінку») або плецены паўкош. У сельскай мясцовасці карыстаюцца і ў наш час.
В.С.Цітоў.
т. 3, с. 449
ВАЗУ́ЗА,
рака ў Смаленскай і Цвярской абласцях Расіі, правы прыток Волгі. Даўж. 162 км, пл. бас. 7120 км². Пачынаецца на Смаленска-Маскоўскім узвышшы. Сярэдні расход вады каля в. Пашуціна 38 м³/с. Паблізу вусця Вазузскае вадасх. (пл. 97 км²). На Вазузе гарады Сычоўка, Зубцоў.
т. 3, с. 449
ВАЙГА́Ч,
востраў на мяжы Баранцава і Карскага мораў, тэр. Расіі. Аддзелены ад мацерыка пралівам Югорскі Шар. Пл. каля 3,4 тыс. км². Паверхня раўнінная, у цэнтр. частцы 2 паралельныя грады. Выш. да 170 м. Складзены пераважна з гліністых сланцаў, пясчанікаў і вапнякоў. Арктычная тундра. Шмат азёр і балот. Населеныя пункты: Вайгач, Доўгая Губа, Варнек. Палярная станцыя (з 1950).
т. 3, с. 449
ВА́ЙДА
(Isatis),
род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе, Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца вайда фарбавальная (І. tinctoria). Расце ўздоўж чыгунак як рэдкая занесеная расліна. Культывуецца ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом. Лісце суцэльнае, чаргаванае, сядзячае. Кветкі дробныя, жоўтыя, сабраныя ў гронкі. Плод — аднанасенны звіслы пляскаты стручок. Лек. (антыбіятычны і проціцынготны сродак, выкарыстоўваецца супраць хвароб селязёнкі), тэхн. (лісце мае фарбавальнікі — індыга і басму, у насенні да 30% тлустага алею тыпу льнянога), кармавыя і меданосныя расліны.
т. 3, с. 449
ВА́ЙДА (Wajda) Анджэй
(н. 6.3.1926, г. Сувалкі, Польшча),
польскі рэжысёр. Скончыў Дзярж. вышэйшую школу т-ра і кіно ў Лодзі (1954). Першыя маст. фільмы «Пакаленне» (1955), «Канал» (1956), «Попел і дыямент» (1958), прысвечаныя падзеям 2-й сусв. вайны, сталі праграмнымі творамі польск. кінематаграфічнай школы.. Экранізаваў творы польск. класічнай і сучаснай л-ры («Попел», 1965; «Краявід пасля бітвы», 1970; «Беразняк», 1971; «Вяселле», 1973; «Зямля запаветная», 1975; «Паненкі з Вілька», 1979). Складаныя праблемы сучаснасці і нядаўняга мінулага ў фільмах «Усё на продаж» (1968), «Чалавек з мармуру» (1977), «Чалавек з жалеза» (1981). Сярод апошніх работ: «Пярсцёнак з арлом у кароне», «Корчак», «Перадвелікодны тыдзень». Сярод тэатр. пастановак у Польшчы і за мяжой: «Двое на арэлях» Дж.Гібсана, «Справа Дантона» паводле С.Пшыбышэўскай (таксама экранізацыя), «Д’яблы», «Злачынства і пакаранне» і «Настасся Піліпаўна», усе паводле Ф.Дастаеўскага, «Размовы з катам» К.Мачарскага, «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра. Працуе на тэлебачанні (серыялы, інсцэніроўкі). Дзярж. прэмія Польшчы 1974.
П.К.Мазоўка.
т. 3, с. 450