Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«ВАЕ́ННЫ КАМУНІ́ЗМ»,

назва эканамічнай палітыкі Сав. дзяржавы ў 1918—20; сістэма надзвычайных, выкліканых грамадз. вайной і ваен. інтэрвенцыяй мер, якія павінны былі захаваць дыктатуру пралетарыяту ў краіне з велізарнай перавагай дробнабуржуазнага насельніцтва. Найважнейшыя меры «ваеннага камунізму»: у галіне сельскай гаспадаркі — забарона гандлю збожжам і ўсімі харч. таварамі, харчразвёрстка, арганізацыя камітэтаў беднаты, фарсіраваны пераход да сацыяліст. формаў гаспадарання; у галіне прам-сці — нацыяналізацыя не толькі буйных, але сярэдніх і дробных прадпрыемстваў, надзвычайная цэнтралізацыя кіравання прам-сці; у галіне гандлю і размеркавання — забарона свабоднага гандлю і натуралізацыя гасп. адносін, прадуктаабмен паміж горадам і вёскай, размеркаванне прадметаў масавага спажывання па картачнай сістэме і класавай прыкмеце, адмена платы за жыллё і камунальныя паслугі; у галіне арганізацыі працы — увядзенне ўсеаг. прац. павіннасці, натуралізацыя і ўраўняльнасць пры аплаце працы, стварэнне працоўных армій і інш. На Беларусі палітыка «ваеннага камунізму» ажыццяўлялася дзярж. і парт. органамі Заходняй вобласці, Бел. ССР, ЛітБел, рэвалюцыйнымі камітэтамі. Палітыка «ваеннага камунізму» на Беларусі вызначалася тым, што краіна з’яўлялася тэатрам ваен. дзеянняў і прыфрантавой тэрыторыяй. На вызваленай тэр. Беларусі восенню 1920 пачалася нацыяналізацыя прам-сці. У сваіх крайніх формах ажыццяўлялася палітыка «ваеннага камунізму» ў галіне сельскай гаспадаркі ў Магілёўскай і Віцебскай губ., дзе ў адказ на гэта адбыліся сял. выступленні. Комплекс мерапрыемстваў «ваеннага камунізму» ў спалучэнні з грамадз. вайной і ваен. інтэрвенцыяй абвастрылі асн. супярэчнасць — паміж горадам і вёскай. Яскравай праявай крызісу палітыкі «ваеннага камунізму» было Кранштацкае паўстанне 1921. Процідзеянне сялянства стала асн. прычынай пераходу ад «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі.

С.​М.​Ходзін.

т. 3, с. 445

ВАЕ́ННЫ САВЕ́Т,

калегіяльны орган ваен. і паліт. кіраўніцтва, прызначаны для абмеркавання прынцыповых пытанняў ваен. будаўніцтва, арганізацыі ваен. дзеянняў, кіравання, падрыхтоўкі і забеспячэння войск. У залежнасці ад задач і прызначэння ваенны савет можа стварацца ў маштабе ўзбр. сіл, віду ўзбр. сіл, фронту, арміі, корпуса. Пастаянныя ваенныя саветы дарадчага характару існуюць у вышэйшых ваен. інстанцыях большасці дзяржаў свету. У Вялікабрытаніі пры Мін-ве абароны дзейнічае савет абароны, а пры дэпартаментах відаў узбр. сіл — адпаведныя яго к-ты (армейскі, ваенна-паветр., адміралцейства). Блізкія па структуры сістэмы ваенных саветаў існуюць у Германіі, Францыі і інш. У пач. Вял. Айч. вайны ў СССР існавалі ваенныя саветы франтоў на чале з камандуючымі войскамі, ВПС, войск ППА краіны, у 1942 — бранятанк. і механіз. войск, у 1943 — пры камандуючым артылерыяй і ваенным саветам. Гал. ўпраўлення фарміраванняў і ўкамплектавання Чырв. Арміі. У мясцовасцях, дзе абвешчана ваен. становішча, ваенныя саветы перадаваліся функцыі органаў дзярж. улады. Ва ўзбр. сілах краін СНД існуюць ваенныя саветы ў відах узбр. сіл, ваен. акругах, акругах ППА, на флатах, у арміях, флатыліях, пагран. войсках, войсках МУС і г.д. Вышэйшым калегіяльным органам ваен. кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь з’яўляецца калегія Мін-ва абароны, а ў ВПС, войсках ППА і армейскіх карпусах — ваенны савет.

т. 3, с. 445

ВАЕ́ННЫ ТРЫБУНА́Л,

гл. ў арт. Трыбунал.

т. 3, с. 445

ВАЁМІНГ (Wyoming),

штат на З ЗША. Пл. 253,3 тыс. км². Нас. 470 тыс. чал. (1993), гарадскога каля 80%. Адм. цэнтр — г. Шаен. Большую ч. тэр. займаюць Скалістыя горы. Найвыш. пункт — г. Ганет-Пік (4201 м). На У частка Вял. раўнін (​1/4 тэр. штата). Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. да -12 °C у гарах, у ліп. ад 10 да 24 °C. Ападкаў за год ад 100 мм у міжгорных катлавінах да 510 мм у гарах. Рэкі адносяцца ў асноўным да сістэмы Місуры — Місісіпі, Йелаўстанскі нац. парк з ракой і воз. Йелаўстан. Горназдабыўны штат: нафта, прыродны газ, сода, каменны вугаль, золата, серабро, жал. руда, медзь, уран. Лесанарыхтоўка (хвойныя пароды). Апрацоўчая прам-сць: нафтаперагонка, нафтахімія, вытв-сць угнаенняў, шкла. У сельскай гаспадарцы 78% даходаў дае жывёлагадоўля. 38% тэр. штата займае паша. Пераважае авечкагадоўля воўнавага кірунку і гадоўля буйн. раг. жывёлы мяснога кірунку; характэрны буйныя жывёлагадоўчыя гаспадаркі — ранча і фермы. Асн. с.-г. культуры: сеяныя травы (люцэрна), ячмень, пшаніца, кукуруза, цукр. буракі, бульба. ​2/3 апрацаваных зямель арашаецца. Штат перасякаюць чыгункі і аўтадарогі. Больш за 100 аэрапортаў і аэрадромаў. Турызм.

М.​С.​Вайтовіч.

т. 3, с. 446

ВА́ЖА,

возера ў Беларусі, у Мёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята, за 12 км на ПдЗ ад г. Мёры, уваходзіць у Абстэрнаўскую групу азёраў. Пл. 2,94 км², даўж. 2,62 км, найб. шыр. 1,11 км, найб. глыб. 5,1 км. Пл. вадазбору 24,4 км².

Схілы катлавіны на Пд, ПдЗ і У выш. 8—10 м, месцамі да 17 м, пад лесам, на Пн і ПнЗ разараныя. На У да возера прымыкае балота, берагі месцамі сплавінныя, паўн. і зах. абразійныя, часта зліваюцца са схіламі. 2 астравы агульнай пл. 1 га. Злучана пратокай (шыр. 200 м) з воз. Абстэрна; упадае рэчка без назвы.

т. 3, с. 446

ВА́ЖА ПШАВЕ́ЛА (сапр. Разікашвілі Лука Паўлавіч; 26.7.1861, с. Чаргалі Душэцкага р-на, Грузія — 10.7.1915),

грузінскі пісьменнік. Скончыў Гарыйскую настаўніцкую семінарыю (1882). У 1883—84 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Настаўнічаў. У 1879 выступіў з этнагр. нарысамі, у 1881 — з вершамі. Аўтар эпічных і філас. паэм, вершаў, драм. апавяданняў, нарысаў, публіцыст. і крытычных артыкулаў. У творах, набліжаных да нар.-паэт. легендаў і паданняў, паказаў мараль, героіку тагачаснай паўсядзённасці і мінуўшчыны, жыццё, псіхалогію і побыт горцаў, іх барацьбу за свае правы. Праблемы ўзаемаадносін чалавека і грамадства, чалавека і прыроды, любоў да радзімы і народа, услаўленне вольнага, незалежнага чалавека — асноўнае ў паэмах «Алуда Кетэлауры» (1888), «Этэры», «Бахтрыёні» (1892), «Госць і гаспадар» (1893), «Змеяед» (1901) і інш. Паасобныя вершы Важа-Пшавелы на бел. мову пераклалі С.​Грахоўскі, М.​Хведаровіч.

Тв.:

Рус. пер.Соч. Т. 1—2. М., 1958.

Літ.:

Лундберг Е., Гогоберидзе Е. Важа Пшавела. М., 1969.

Важа Пшавела.

т. 3, с. 447

ВА́ЖНІЦА,

тып старадаўняга збудавання ў гарадах і мястэчках ВКЛ, дзе ўзважвалі і вымяралі прывезеныя купцамі на продаж збожжа і інш. тавары. Найчасцей важніца — 1-павярховы мураваны ці драўляны будынак, унутры якога былі 2 памяшканні: уласна важніца, дзе захоўвалі гарадскія вагі і меры, і «мерніца», дзе ўзважвалі і вымяралі тавары. На Беларусі ў 16—18 ст. важніцы існавалі ва ўсіх значных гарадах; звычайна на гандл. плошчах, часам іх блакіравалі з ратушамі і гандлёвымі радамі.

т. 3, с. 447

ВАЗ,

сям’я легкавых аўтамабіляў, якія выпускаюцца Волжскім аўтамаб. з-дам з 1970 (г. Тальяці, Расія). Кузаў нясучы тыпу седан, універсал або комбі. Мадэлі 2101—2107 класічнай кампаноўкі маюць назву «Жыгулі», поўнапрывадная мадэль 2121 — «Ніва», пярэднепрывадныя 2108 — «Лада-Спадарожнік», 2109 і 21099 — «Лада-Самара» і асабліва малая мадэль — «Лада-Ака» (аб’ём цыліндраў 0,65 л; разам з КАМАЗам); мадэлі, што ідуць на экспарт, — «Лада». Рабочы аб’ём рухавіка да 1,6 л, магутнасць да 58 кВт, скорасць да 155 км/гадз.

Аўтамабілі ВАЗ: «Лада Ніва 4ВД» (уверсе); «Лада Самара 5д».

т. 3, с. 447

ВА́ЗА, Васа (швед. Vasa, польск. Wasa),

шведская каралеўская дынастыя, якая правіла ў Швецыі (1523—1654) і Польшчы (1587—1668). Засн. Густавам I [1523—60]. Каралямі Швецыі былі яго сыны Эрык XIV [1560—68], Юхан III [1568—92], Карл IX [1604—11], сын апошняга Густаў II Адольф [1611—32], дачка апошняга Крысціна [1632—54]. У Польшчы правілі Жыгімонт III (1587—1632, у 1592—1604 і кароль Швецыі), які ўстанавіў шведска-польскую асабістую унію [1592—99], яго сыны Уладзіслаў IV [1632—48] і Ян Казімір [1648—68].

т. 3, с. 447

ВА́ЗА (франц. vase ад лац. vas пасудзіна),

пасудзіна дэкар. ці утылітарнага прызначэння. Выкарыстоўваюцца для пластычнага і каляровага ўзбагачэння інтэр’ера, часам як творы манум.-дэкар. мастацтва (на фасадах будынкаў, агароджах). Вырабляюцца са шкла, фарфору, фаянсу, гліны, хрусталю, вырабных камянёў, металаў. Вядомы са стараж. часоў. У Стараж. Грэцыі ў залежнасці ад формы і прызначэння гліняныя вазы мелі розныя назвы (амфара, кратэр і інш.). Выраб і ўпрыгожванне вазы размалёўкай (вазапіс) — важная галіна ант. мастацтва. Тэктанічная яснасць формаў, іх функцыян. апраўданасць, гарманічнасць прапорцый зрабілі стараж.-грэч. вазы класічнымі ўзорамі для еўрап. мастацтва наступных эпох. На Беларусі ў 18—19 ст. вазы выраблялі ганчары Слуцка, Барысава, Магілёва і інш. на радзівілаўскіх і Целяханскай фаянсавай мануфактурах (гл. Целяханскія фаянсавыя вырабы). Цяпер вазы вырабляюць на Мінскім і Добрушскім фарфоравых, Барысаўскім хрусталёвым заводах, шклозаводзе «Нёман», аб’яднанні «Беларуская мастацкая кераміка», Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Відарысы вазы выкарыстоўваюцца як дэкар. матыў у размалёўцы па шкле, метале, кераміцы, у ткацтве.

М.​М.​Яніцкая.

Дэкаратыўныя вазы. Т.​Пятроўская. 1977.
Да арт. Ваза. Каляровае шкло шклозавода «Нёман» 1920—40-я г.

т. 3, с. 447