Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАЗАВО́Е,

у ВКЛ пошліна з кожнага воза за перавоз тавараў цераз мяжу.

т. 3, с. 447

ВА́ЗАПІС антычны,

размалёўка ант. керамічных пасудзін. Бярэ пачатак ад эгейскага мастацтва. Росквіту дасягнуў у Стараж. Грэцыі. Вазы і інш. пасудзіны размалёўвалі т.зв. чорным лакам, белай і пурпурнай фарбамі, пазалотай. Кампазіцыя размалёўкі арганічна спалучалася з формай пасудзіны. У гісторыі вазапісу вядомыя стылі: геаметрычны (9—8 ст. да н.э., гарыз. палосы рытмічных лінейных узораў), «дывановы» (7 ст. да н.э., паліхромныя выявы жывёл у спалучэнні з расліннымі ўзорамі), чорнафігурны (6 ст. да н.э.) і чырвонафігурны (апошняя чвэрць 6 — пач. 4 ст. да н.э.). З 2—3 ст. да н.э. стараж.-грэч. вазапіс паступова заняпаў, саступіўшы месца лакіраваным пасудзінам з рэльефным дэкорам або накладной арнаментальнай размалёўкай.

т. 3, с. 447

ВАЗАПРЭСІ́Н, антыдыурэтычны гармон,

нейрагармон многіх пазваночных жывёл і чалавека, які рэгулюе дыурэз. Паводле хім. прыроды — пептыд (октапептыд). Вазапрэсін вырабляецца гіпаталамусам, з якога ён паступае ў гіпофіз, потым у кроў. Выклікае скарачэнне капіляраў, што павышае крывяны ціск (прэсорны эфект) і стымулюе зваротнае ўсмоктванне вады ў ныркавых канальцах, зніжаючы дыурэз (антыдыурэтычны эфект). Недахоп вазапрэсіну ў арганізме можа прывесці да нецукр. дыябету, пры якім выдзяленне мачы рэзка павышаецца.

т. 3, с. 448

ВАЗА́РЫ (Vasari) Джорджа

(30.7.1511, г. Арэца, Італія — 27.6.1574),

італьянскі архітэктар, жывапісец, гісторык мастацтва; прадстаўнік маньерызму. Вучыўся ў Фларэнцыі ў Б.Бандынелі. Як мастак сфарміраваўся пад уплывам Мікеланджэла. У пабудовах (Палацца дэі Кавальеры ў Пізе, 1562; уласны дом, 1542; Палацца дэле Лоджэ, 1573—81 у Арэца; ансамбль Уфіцы ў Фларэнцыі, 1560—73) эклектычна спалучаў элементы рэнесансавай і маньерыстычнай архітэктуры. Сярод жывапісных работ: фрэскі ў Палацца Век’ё ў Фларэнцыі (з 1555), у Зале Рэджа ў Ватыкане (1571—73). Аўтар «Жыццеапісанняў найбольш вядомых жывапісцаў, скульптараў і дойлідаў», 1550 (рус. пер., т. 1—5, 1956—71) аб жыцці і творчасці італьян. мастакоў эпохі Адраджэння.

т. 3, с. 448

ВА́ЗАЎ Іван Мінчаў

(9.7.1850, г. Вазаўград, Балгарыя — 22.9.1921),

балгарскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Правадзейны чл. (з 1881), ганаровы чл. Балгарскай АН (з 1921). Ганаровы д-р філал. н. (1921). Вучыўся ў Калоферскім вучылішчы ў Б.Петкава (бацькі Х.Боцева), у Плоўдзіўскай гімназіі (1867—68). Удзельнік руху за нац. вызваленне Балгарыі. Жыў у эміграцыі ў Румыніі (1876—77) і Расіі (1887—89). Міністр асветы ва ўрадзе К.Стаілава (1897—99). У творах з гіст.-гераічнай тэматыкай (зб-кі вершаў «Журба Балгарыі», 1877; «Вызваленне», 1878; цыкл ліра-эпічных паэм «Эпапея забытых», 1881—84, і інш.) і сац.-сатырычных (раман «Новая зямля», 1896, і інш.) панарама нац. жыцця на працягу паўстагоддзя. Заклаў асновы балг. л-ры пасля вызвалення ад тур. іга, даў узоры асн. яе жанраў. Раман-эпапея «Пад прыгнётам» (1889—90, бел. пер. «У ярме», 1955) пра Красавіцкае паўстанне 1876. Аўтар «Аповесцяў і апавяданняў» (т. 1—3, 1891—93), камедый («Шукальнікі цёплых месцейкаў», 1903, і інш.), гіст. драм («Да бездані», 1908; «Барыслаў», 1909; «Івайла», 1913, і інш.). На бел. мову творы Вазава перакладалі У.Анісковіч, Н.Гілевіч і В.Нікіфаровіч.

Тв.:

Бел. пер. — [Апавяданні] // Скарб. Мн., 1967;

Рус. пер.Соч. Т. 1—6. М., 1956—57;

Избранное. Т. 1—2. М., 1977;

Пестрый мир: Юмор и сатира. М., 1986.

Літ.:

Иван Вазов: Биобиблиогр. указ. М., 1962.

Г.Я.Адамовіч.

т. 3, с. 448

ВАЗЕЛІ́Н

[франц. vaseline ад ням. Was(ser) вада + грэч. elaion аліўкавы алей],

аднародная сумесь цяжкага нафтавага масла і цвёрдых вуглевадародаў (парафін, цэрэзін, петралатум). Мазепадобная белая маса, шчыльн. 870—885 кг/м³, tпл 35—60 °C. Атрымліваюць расплаўленнем вуглевадародаў у масле з далейшай ачысткай сернай к-той і адбельвальнай глінай. Выкарыстоўваюць у медыцыне (аснова мазяў), электратэхніцы, у тэхніцы для кансервацыі металавырабаў, як змякчальнік гумы.

т. 3, с. 448

ВАЗЕЛІ́НАВАЕ МА́СЛА,

дыстыляванае высокаачышчанае нафтавае масла. Масляністая празрыстая вадкасць без паху і смаку, раствараецца ў эфіры і хлараформе. Выкарыстоўваюць у медыцыне (слабіцельнае, растваральнік камфары), парфумернай прам-сці (аснова касметычных крэмаў, губной памады), вытв-сці антыфрыкцыйных пластычных змазак, устойлівых да моцных акісляльнікаў.

т. 3, с. 448

ВАЗЕ́Х

(сапр. Мірза Шафі; 1796, г. Гянджа, Азербайджан — 28.11.1852),

азербайджанскі паэт, асветнік. Прадаўжальнік традыцый азерб. і перс. класічнай паэзіі. Пісаў інтымна-лірычныя і сатыр. вершы ў форме газелі, мухамаса, рубаі, месняві і інш. Паэтызаваў рамант. каханне, выступаў супраць заган феад. грамадства, занявольвання асобы, рэліг. фанатызму. Многія лірычныя вершы сталі нар. песнямі. Вазех — аўтар першай хрэстаматыі азерб. паэзіі, «Татарска-рускага слоўніка» для гімназій (з І.Грыгор’евым). Упершыню пераклад твораў Вазеха на рус. мову (з ням.) зрабіў М.І.Эйферт (выд. 1880, 1907).

Тв.:

Рус. пер. — Лирика. М., 1971.

т. 3, с. 448

ВАЗІ́ЛА Аляксандр Цімафеевіч

(9.9.1888, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. — 1943 ?),

грамадскі дзеяч, паэт, публіцыст. Вучыўся на вышэйшых курсах Лесгафта (у 1908 выключаны за ўдзел у рэв. руху), на курсах кааперацыі ў Петраградзе (1916—17). У 1912—13 друкаваўся ў газ. «Белорусский вестник» (літ. псеўд. Алек Дэ-Вазіліні, Аль-Вэ, Клім Злобіч, Праўдалюб, Антон Хатыня). У 1914 у г. Златауст выдаў зб. паэзіі «Хвілі» (канфіскаваны цэнзурай). У 1917—18 належаў да сацыял-дэмакратаў-інтэрнацыяналістаў, старшыня Быхаўскай пав. земскай управы. Уваходзіў у склад Бел. абл. к-та пры Усерас. Савеце сял. дэпутатаў. На Усебел. з’ездзе 1917 у Мінску выступіў супраць намераў абвясціць незалежную ад Расіі бел. дзяржаўнасць. У 1918 заг. агітацыйна-выдавецкага пададдзела Бел. аддзела Камісарыята па справах нацыянальнасцей Саюза камун Паўн. вобласці, рэдактар час. «Чырвоны шлях». Пасля 1918 ад паліт. дзейнасці адышоў. Неаднаразова быў рэпрэсіраваны. Паводле некаторых звестак загінуў у палітізалятары г._Уладзімір.

В.У.Скалабан.

т. 3, с. 448

ВАЗНЯ́К Міхайла

(Міхаіл Сцяпанавіч; 3.10.1881, с. Воліца Несцераўскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 20.11.1954),

украінскі літаратуразнавец. Акад. АН Украіны (1929), праф. (1939). Скончыў Львоўскі ун-т (1908). Даследаваў гісторыю стараж. ўкр. пісьменства, гісторыю нац. тэатра («Матэрыялы да гісторыі ўкраінскай песні і верша. Тэксты і заўвагі», т. 1—3, 1913—25, «Пачатак украінскай камедыі, 1619—1819», 1919; «Гісторыя ўкраінскай літаратуры», т. 1—3, 1920—24, і інш.). Многія работы прысвяціў творчасці ўкр. пісьменнікаў 19 — пач. 20 ст. Працаваў таксама ў галіне мовазнаўства («Галіцкія граматыкі ўкраінскай мовы», «Граматыка Лаўрэнція Зізанія 1596 г.», абедзве 1911) і фалькларыстыкі (склаў зб. «Украінскія народныя казкі», кн. 1—3, 1946—48). Асвятляў укр.-бел. літ. і культ. Сувязі 16—17 ст. (кн. «Пісьменніцкая дзейнасць Івана Барэцкага на Валыні і ў Львове», 1954).

Літ.:

Кабржыцкая Т.В., Рагойша В.П. Карані дружбы: Бел.-ўкр. літ. ўзаемасувязі пач. XX ст. Мн., 1976.

В.А.Чабаненка.

т. 3, с. 448