ВА́ЙДА

(Wajda) Анджэй (н. 6.3.1926, г. Сувалкі, Польшча),

польскі рэжысёр. Скончыў Дзярж. вышэйшую школу т-ра і кіно ў Лодзі (1954). Першыя маст. фільмы «Пакаленне» (1955), «Канал» (1956), «Попел і дыямент» (1958), прысвечаныя падзеям 2-й сусв. вайны, сталі праграмнымі творамі польск. кінематаграфічнай школы.. Экранізаваў творы польск. класічнай і сучаснай л-ры («Попел», 1965; «Краявід пасля бітвы», 1970; «Беразняк», 1971; «Вяселле», 1973; «Зямля запаветная», 1975; «Паненкі з Вілька», 1979). Складаныя праблемы сучаснасці і нядаўняга мінулага ў фільмах «Усё на продаж» (1968), «Чалавек з мармуру» (1977), «Чалавек з жалеза» (1981). Сярод апошніх работ: «Пярсцёнак з арлом у кароне», «Корчак», «Перадвелікодны тыдзень». Сярод тэатр. пастановак у Польшчы і за мяжой: «Двое на арэлях» Дж.Гібсана, «Справа Дантона» паводле С.Пшыбышэўскай (таксама экранізацыя), «Д’яблы», «Злачынства і пакаранне» і «Настасся Піліпаўна», усе паводле Ф.Дастаеўскага, «Размовы з катам» К.Мачарскага, «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра. Працуе на тэлебачанні (серыялы, інсцэніроўкі). Дзярж. прэмія Польшчы 1974.

П.К.Мазоўка.

т. 3, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)