ВА́ЙДА

(Isatis),

род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе, Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца вайда фарбавальная (І. tinctoria). Расце ўздоўж чыгунак як рэдкая занесеная расліна. Культывуецца ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом. Лісце суцэльнае, чаргаванае, сядзячае. Кветкі дробныя, жоўтыя, сабраныя ў гронкі. Плод — аднанасенны звіслы пляскаты стручок. Лек. (антыбіятычны і проціцынготны сродак, выкарыстоўваецца супраць хвароб селязёнкі), тэхн. (лісце мае фарбавальнікі — індыга і басму, у насенні да 30% тлустага алею тыпу льнянога), кармавыя і меданосныя расліны.

т. 3, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)