ВАЗНЯСЕ́НСКІ Андрэй Андрэевіч
(н. 12.5.1933, Масква),
рускі паэт. Скончыў Маскоўскі архітэктурны ін-т (1957). Першыя зб-кі вершаў — «Парабала» і «Мазаіка» (абодва 1960). Паэмы «Майстры» (1959), «Ланжумо» (1963), «Оза» (1964), «Аповесць пад ветразямі» (1971), «Авось» (1972), «Андрэй Палісадаў» (1980) вызначаліся асабістым паэт. почыркам, які вылучаўся на фоне тагачаснай уніфікаванай паэзіі. Аўтар зб. вершаў «Антысветы» (1964), «Ахілесава сэрца» (1966), «Цень гуку» (1970), «Погляд» (1972), «Дубовы ліст віяланчэльны» (1975), «Вітражных спраў майстар» (1976, Дзярж. прэмія СССР 1978), «Спакуса» (1978), «Несвядомае» (1981), «О.Аповесць» (1982), «Прарабы духу» (1984). У паэзіі Вазнясенскага значнае месца займаюць урбаністычныя матывы, раскрываецца антыгуманізм сучаснага свету, у якім самымі ранімымі застаюцца сэрца і душа чалавека. Выдаў кнігу ўспамінаў «Мне чатырнаццаць гадоў» (1980). На бел. мову творы Вазнясенскага пераклаў Р.Барадулін (зб. «Небам адзіным», 1980).
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84;
Аксиома самоиска. М., 1990.
Літ.:
Михайлов А. Андрей Вознесенский. М., 1970.
С.Ф.Кузьміна.
т. 3, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)