РУ́СКІЯ,
нацыя, асн. насельніцтва Расійскай Федэрацыі. Разам з беларусамі і ўкраінцамі належаць да ўсходніх славян. Жывуць таксама на Украіне, у Казахстане, Кыргызстане, Латвіі, Эстоніі, ЗША, Канадзе, Францыі і інш. У Рэспубліцы Беларусь 1142 тыс. чал. (перапіс 1999). Гавораць на рускай мове. Вернікі пераважна праваслаўныя.
Пачатковы этап фарміравання этнасу Р. адносіцца да 12—13 ст. — перыяду распаду ўсх.-слав. этнакультурнага адзінства стараж.-рускай дзяржавы — Кіеўскай Русі. Фарміраванне рус. народнасці ў 14—15 ст. абумоўлена сац.-эканам. развіццём, звязана з барацьбой супраць мангола-татарскай няволі і ўтварэннем Рускай цэнтралізаванай дзяржавы. Кансалідацыя рус. этнасу завяршылася ў 16 ст. Асн. этнагр. групы, якія адрозніваюцца дыялектамі («оканне» і «аканне») і некат. інш. асаблівасцямі, — паўн. і паўд. велікарусы. Сярэдневелікаруская група (цэнтр. раёны з Масквою) мае ў дыялекце і культуры паўн. і паўд. рысы. Дробныя этнагр. групы — паморы, мяшчора, казакі, стараверы і інш. Сельскія паселішчы ў мінулым на Пн маладворныя, хаты рубленыя, высокія, з драўляным дахам, на Пд мнагадворныя, хаты нізкія, каркасныя, з саламянай страхой і земляною падлогаю. У наш час аблічча сельскіх паселішчаў набліжаецца да гарадскога, аднак пэўная спецыфіка на Пн і Пд яшчэ застаецца. Традыц. рус. адзенне бытавала пераважна ў вёсцы. Сялянкі ў паўн. і сярэдневелікарус. абласцях паверх кашулі надзявалі сарафан, у паўд. — панёву (звычайна ў клетку). Дзяўчаты насілі на галаве павязку-стужку, замужнія жанчыны — кічку, сароку, на святы (пераважна на Пн) какошнік; з сярэдзіны 19 ст. гэтыя ўборы паступова замяняюцца хусткаю. Мужчынскі гарнітур амаль усюды складаўся з кашулі-касавароткі, якую насілі навыпуск, паверх нешырокіх штаноў, з поясам. Верхняе жаночае і мужчынскае адзенне — суконны кафтан, зіпун, зімою — футра, кажух. У 20 ст. традыц. вопратка трапляецца дзе-нідзе на Пд, радзей на Пн і ў Сібіры.
Доўгі час этнонімамі «Р.», «русіны» называлі беларусаў і ўкраінцаў. На Беларусі велікаросы з’явіліся ў 14—15 ст., што было звязана з традыцыямі міждынастычных шлюбаў паміж вял. князямі ВКЛ і князямі маскоўскімі, цвярскімі, разанскімі і інш. Сярод такіх груп згадваюцца пскавічы, паселеныя Вітаўтам у Гродне каля 1405. Значная колькасць «маскавітаў» стала жыць у зах. рэгіёнах Беларусі, пераважна ў гарадах Брэст, Вільня, Драгічын, Камянец, Слонім, Навагрудак. З 16 ст. на Беларусі знаходзілі прытулак Р. — уцекачы ад праследаванняў царк. і дзярж. улад. Абсалютная большасць нашчадкаў гэтых добраахвотных перасяленцаў і ваеннапалонных паступова асімілявалася з бел. насельніцтвам, чаму спрыялі блізкасць мовы і агульнасць рэлігіі — праваслаўе. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. на Беларусь перасялілася некалькі дзесяткаў тысяч Р., якія ўтварылі замкнёную этнаканфесійную групу старавераў (гл. Стараверства). У выніку адрознення ў рэлігіі яны да нашага часу захавалі сваю этнічную адметнасць. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. пасля далучэння зямель Беларусі да Рас. імперыі рус. насельніцтва тут павялічвалася марудна. У 2-й пал. 19 ст. доля рус. насельніцтва пабольшала, што ў значнай ступені было абумоўлена ўзмацненнем этнатрансфармацыйных працэсаў пасля паўстання 1863—64, калі рус. мова заняла пануючае становішча ў асвеце, кнігадрукаванні, перыяд. друку і інш. (гл. таксама Русіфікацыя). У найб. ступені працэс атаясамлівання сябе з рус. этнасам закрануў сац. эліту, гар. насельніцтва. Развіццё прам-сці, буд-ва чыгунак і дарог у канцы 19 ст. таксама прыцягнулі значныя групы Р. Паводле тагачаснай афіц. канцэпцыі, якую адстойвалі этнографы, беларусы і ўкраінцы разглядаліся як галіны адзінага рус. народа. Паводле перапісу 1897, у 5 бел. губернях жыло 492 921 чал. Р. (дакладней асоб, якія назвалі рус. мову роднай), што складала 5,8% ад усяго насельніцтва. Самая вял. колькасць і ўдзельная вага Р. назіралася ў Віцебскай губ. (98 тыс. чал., 13,3%). Вял. групы Р. жылі ў Віцебскім, Дзвінскім, Гарадоцкім, Полацкім, Рэжыцкім, Себежскім пав. Віцебскай губ., Вілейскім пав. Віленскай губ., Беластоцкім і Брэсцкім пав. Гродзенскай губ., Бабруйскім і Мінскім пав. Мінскай губ., Гомельскім пав. Магілёўскай губ. Р. была характэрна высокая урбанізаванасць (37,5% усіх Р. жыло ў гарадах), даволі высокі ўзровень пісьменнасці (293 чал. на 1 тыс.), а па колькасці асоб з адукацыяй «вышэй за сярэднюю» яны займалі 1-е месца. У перыяд беларусізацыі ў 1921 пастановай ЦВК БССР за рус. мовай быў замацаваны статус адной з 4 дзяржаўных (зацверджаны Канстытуцыяй 1927). У 1926—27 створаны 14 нац. рус. сельсаветаў (13 у Гомельскай акрузе і 1 Багушэўскі ў Бабруйскім р-не; існавалі да 1935—37), дзейнічалі рус. аддзяленні ў педтэхнікумах, каля 6% вучняў вучыліся ў рус. школах. Разам з тым у ходзе беларусізацыі этнонім «беларусы» стаў набываць дзярж. сэнс і пашыраў свой уплыў на ўсё шматнац. насельніцтва рэспублікі, у т. л. на Р., што вяло да паслаблення іх самасвядомасці. Пасля Вял. Айч. вайны Р. на Беларусі сталі адной з найб. хутка растучых этнічных груп (у 1959—659 тыс. чал., у 1970—939 тыс. чал., у 1979—1134 тыс. чал., у 1989—1342 тыс. чал.). Перапіс 1999 выявіў, што пры захаванні абсалютнай большасцю Р. сваёй мовы ў якасці роднай, назіраюцца і адаптацыйныя працэсы сярод Р. да бел. мовы і культуры (9,1% назвалі бел. мову роднай). Р. ў Рэспубліцы Беларусь маюць мажлівасці для захавання сваёй мовы, культуры, гіст. спадчыны, падтрымліваюць сувязі з гіст. радзімаю. У 1995 рус. мова набыла роўны статус з беларускай. На Беларусі дзейнічаюць Бел. грамадскае рэсп. аб’яднанне «Русь» (аддзяленні ў Віцебску, Гомелі, Гродне, Кобрыне, Мінску), Мінскае гар. т-ва рус. культуры «Русь». Асн. мэта іх дзейнасці — захаванне, вывучэнне, прапаганда рус. культуры, мовы, аб’яднанне людзей рус. нацыянальнасці, умацаванне дружбы рус. і бел. народаў. Пра гісторыю, гаспадарку і культуру Р. гл. ў арт. Расійская Федэрацыя.
Літ.:
Русские: Ист.-этногр. очерки. М., 1997;
Терешкович П. Русские в Беларуси // Нёман. 1992. №6;
Каспяровіч Г.І. Рускія на Беларусі (дэмагр. аспект) // Нацыянальная палітыка і міжнацыянальныя адносіны на Беларусі ў XX ст. Мн., 1997.
Г.І.Каспяровіч, П.У.Церашковіч.
т. 13, с. 469