Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЯСВІ́ЖСКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Існавала ў 16 і 18 ст. у г. Нясвіж Мінскай вобл. 1) Н.д. 16 ст. засн. М.Кавячынскім і Л.Крышкоўскім; ідэйным кіраўніком у першыя гады яе існавання быў С.Будны. Першая на тэр. Беларусі друкарня, якая карысталася кірыліцай. Друкар кірылічных выданняў невядомы. У 1562 выдадзены «Катэхізіс» Буднага — першая на Беларусі кніга на бел. мове, а таксама яго твор «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад богам» (не збярогся). Друкавала творы на польск. і лац. мовах (друкар Д.Ланчыцкі); усяго ў 1563—71 надрукавала 11 выданняў, у асн. творы палемічнай пратэстанцкай публіцыстыкі. Спыніла дзейнасць паводле загаду М.К.Радзівіла Сіроткі. Апошняе выданне — «Біблія» (пераклад на польск. мову Буднага) дадрукавана ў 1572 у Заслаўі ці ў маёнтку Кавячынскіх ва Уздзе. Большасць кніг Н.д. аформлены проста, без ілюстрацыйных гравюр. У маст. афармленні кніг прытрымлівалася друкарскіх традыцый Ф.Скарыны: выкарыстанне наборнага арнаменту, разнастайных шрыфтоў, ініцыялаў з дэкаратыўна-раслінным фонам. Маёмасць друкарні ў 1572 купіў Я.С.Кішка, які ў 1574 заснаваў Лоскую друкарню. 2) Н.д. 18 ст. (1750—90-я г.) засн. Радзівіламі. У 1751 падаравана мясц. калегіуму езуітаў. Гравёрам быў Г.Ляйбовіч. У ёй надрукавана каля 70 белетрыстычных, рэлігійных, палемічных і вучэбных твораў, панегірыкаў на польск. і лац. мовах, у т. л. «Пра жыццё і справы Аляксандра Вялікага» К.Руфа (1763), «Жыццё і ерасі Вальтэра» Ф.Нано (1781), «Артыкулы вайсковыя» (1754), альбом медзярытаў «Партрэты сям’і Радзівілаў...» (1757, усяго 165 гравюр на медзі).

Літ.:

Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

Г.Я.Галенчанка.

т. 11, с. 414

НЯСВІ́ЖСКАЯ ДЫВАНО́ВАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Засн. ў 1752 у прадмесці Нясвіжа Альбе ўладальнікам горада М.К.Радзівілам Рыбанькам як мастацкая майстэрня. У ёй працавала некалькі ткачых (тапісерак) мясц. паходжання. Кожная з іх мела па 4—5 памочніц-дзяўчат, якія пасля навучання таксама станавіліся майстрыхамі. Мяркуецца, што майстэрня была арганізавана для выканання разам з аналагічнай у Мірскім замку (адкрыта ў 1747) задуманай Рыбанькам серыі шпалераў са сцэнамі з гісторыі роду Радзівілаў. У 1757 яшчэ адна майстэрня створана ў Камянцы. У 1762 усе майстэрні пераведзены ў Карэлічы, дзе праца над шпалерамі прадоўжана (гл. Карэліцкія шпалеры).

В.С.Пазднякоў.

т. 11, с. 414

НЯСВІ́ЖСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ВЕ́ЖА,

помнік архітэктуры 2-й пал. 16 ст. ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Уваходзіць у комплекс Нясвіжскага касцёла езуітаў. Першапачаткова складалася з нізкай шатровай брамы (злучала горад з замкам; не захавалася) і высокай абарончай вежы. Вежа — квадратнае ў плане збудаванне, завершанае шатровым дахам. Глухі ніжні ярус з контрфорсамі вырашаны як масіўны цокаль. 2-і ярус аформлены прамавугольнымі, круглымі і квадратнымі аконнымі праёмамі, 3-і і 4-ы — арачнымі. Белыя атынкаваныя абрамленні праёмаў і між’ярусныя паяскі кантрастуюць з чырв. цаглянай муроўкай сцен, што стварае дэкар. 2-колерную гаму фасадаў. У архітэктуры вежы алюстраваны рысы бел. абарончага дойлідства, стыляў готыкі і рэнесансу.

М.А.Ткачоў.

т. 11, с. 415

НЯСВІ́ЖСКАЯ КАПЭ́ЛА РАДЗІВІ́ЛАЎ,

прыдворны аркестр кн. Радзівілаў у г. Нясвіж Мінскай вобл. ў 1724—1809. Засн. кн. М.К.Радзівілам. Іграла ў час баляў, свят, ваен. парадаў, касцельных службаў, з 1746 і тэатр. паказаў. Выступала таксама ў загарадным палацы ў Альбе, суправаджала радзівілаўскія выезды ў вотчыны Белае, Мір, Жоўква, Алыка. Да 1746 мела камерны характар і складалася з замежных музыкантаў (італьянцаў, немцаў, чэхаў), пазней яе склад павялічыўся (пераважалі палякі, беларусы, літоўцы). У 1751 пры ёй адкрыта Нясвіжская музычная школа. У 1733—80 сярод найб. вядомых музыкантаў капэлы Мацей з Карэліч (скрыпка), Ф.Яжомбек, Я.Баэрт, Я.Б.Сухенгаўз (клавіцымбалы), Кёнітцэр (флейта), Я.К.Фішэр (габой), Нойверг (арфа), Ф.Гофман (фагот), Вентцэль (валторна), Ю.Кагут (лютня) і інш. Капельмайстры: скрыпачы Е.А.Бакановіч (з 1749), Ян Ценціловіч (з 1751), дырыжоры Ф.Вітман (з 1756), Я.Шоль (і клавесін, з 1761), Д.Кёрнер (з 1770). У 1780 К.С.Радзівіл запрасіў вядомых музыкантаў Дж.Альберціні (клавесін, капельмайстар у 1783—84), Дж.Канстанціні (скрыпка), І.Фляйшмана (віяланчэль), Я.Дусіка (фп.), Я.Д.Голанда (клавесін, капельмайстар у 1782—1802), спевакоў В.Нікаліні, А.Калаўзека, А.Данезі, спявачак К.Вертэр, Герман. Апошні капельмайстар мясц. валтарніст А.Александровіч (1804—08).

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да Кастрычніка 1917 г. Мн., 1983. С. 182—183, 189;

Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990. С. 174—177.

т. 11, с. 415

НЯСВІ́ЖСКАЯ МАНУФАКТУ́РА ШАЎКО́ВЫХ ПАЯСО́Ў.

Дзейнічала ў г. Нясвіж Мінскай губ. ў 1-й пал. 18 ст. Працавала больш за 50 прыгонных.

Прадукцыя не вытрымала канкурэнцыі са слуцкімі паясамі і была закрыта.

т. 11, с. 415

НЯСВІ́ЖСКАЯ МУЗЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА (Існавала ў 1751—1809) (?) пры Нясвіжскай капэле Радзівілаў. Рыхтавала выканаўцаў-інструменталістаў і вакалістаў для капэлы і Нясвіжскага тэатра Радзівілаў. Вучыліся дзеці сялян з Нясвіжа і навакольных вёсак. Ігры на скрыпцы, віяланчэлі, флейце, габоі, фагоце, валторне, трубе, а таксама вакалу навучалі лепшыя музыканты і спевакі капэлы: Ф.Вітман (да 1780-х г.),

Я.Д.Голанд, Я.Дусік, Дж.Альберціні, І.Фляйшман, Дж.Канстанціні, В.Нікаліні (усе 1780-я г.) і інш. Верагодна, у школе атрымалі пач. муз. адукацыю прыгонныя скрыпачы Мацей з Карэліч і Я.Ценціловіч.

В.П.Пракапцова.

т. 11, с. 415

НЯСВІ́ЖСКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ,

навучальная ўстанова, якая рыхтавала настаўнікаў пач. школ. Створана ў 1875 у Нясвіжы замест закрытага дамініканскага кляштара па ініцыятыве міністра асветы Расіі графа Дз.А.Талстога і папячыцеля Віленскай навуч. акругі М.А.Сергіеўскага як «асветны і адукацыйны фарпост, які будзе служыць адпорам польскаму каталіцызму». У розны час у Н.н.с. выкладалі К.Ф.Шчансновіч, С.А.Кулагін, І.Ф.Нікалаеўскі, П.Р.Бывалькевіч, Л.К.Лычкоўскі, Ф.В.Лукашэвіч, С.А.Гурыновіч, Ф.А.Кудрынскі, ксёндз В.Гадлеўскі і інш. Тэрмін навучання 3—5 гадоў. Фінансавалася з дзярж. бюджэту. Мела фіз. і прыродазнаўчы кабінеты, хім. лабараторыю, актавую залу, клас для заняткаў ручной працай, інтэрнат для навучэнцаў. Пры семінарыі дзейнічала ўзорнае пач. вучылішча, метэаралаг. станцыя (з 1900), музей (з 1910). У 1914 у фундаментальнай б-цы 3630 тамоў, у вучнёўскай — 1710. У жн. 1915 семінарыя эвакуіравана ў г. Вязьма Смаленскай губ. У час бежанства на вучобу прымаліся пераважна выхадцы з Беларусі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Н.н.с. дазвалялася прымаць асоб неправасл. веравызнання і жан. полу; створаны бел. вучнёўскі культ.-асв. гурток «Прасвета». Летам 1917 семінарыя рээвакуіравана ў Нясвіж. У час польскай акупацыі 1919 падпарадкоўвалася Беларускай школьнай радзе Меншчыны. У розны час у семінарыі вучыліся А.Галіна, А.Багдановіч, П.Дземідовіч, К.Міцкевіч (Я.Колас), В.Камлюк, А.Сташэўскі, В.Сташэўскі, М.Раманоўскі (К.Чорны) і інш. Закрыта ў снеж. 1919.

У.В.Ляхоўскі.

т. 11, с. 415

НЯСВІ́ЖСКАЯ РА́ТУША І ГАНДЛЁВЫЯ РАДЫ́,

помнікі архітэктуры 16 ст. ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Ратуша ўзведзена каля 1596 з цэглы на б. Рыначнай пл. Перабудавана ў 1752 у стылі позняга барока. Прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з 6-яруснай вежай (4 ніжнія чацверыкі, 2 верхнія васьмерыкі), завершанай гранёным купалам з ліхтаром. У 1836 пажарам знішчана завяршэнне вежы. У сярэдзіне 19 ст. чацверыкі накрыты пакатым шатровым дахам; асн. аб’ём — высокім кроквенным дахам з вальмай на паўд. тарцы. У 1990-я г. адноўлена ў першапач. выглядзе паводле праектнага плана канца 16 ст. і гравюры Т.Макоўскага 17 ст. Фасады амаль пазбаўлены дэкору. Узроўні ярусаў вежы і памяшканняў ратушы не супадаюць і злучаны драўлянымі ўсходамі. Гандлёвыя рады спачатку размяшчаліся сіметрычна абапал ратушы па даўжыні будынка. Паміж імі былі нешырокія праезды з арачнымі брамамі на тарцах. Ячэйкі-крамы былі адкрыты праёмамі ў бок праездаў; частка гандл. памяшканняў знаходзілася ў 1-м ярусе ратушы. У сярэдзіне 18 ст. гандл. рады перабудаваны: прадоўжаны за будынак ратушы, абкружылі яе з трох бакоў, утвараючы П-падобны ўнутр. замкнёны дворык; ячэйкі-крамы пераарыентаваны праёмамі да плошчы і прылеглых вуліц. Невысокія падоўжаныя карпусы гандл. радоў накрыты 1-схільнымі дахамі (са схілам у бок унутр. двара). Вулічныя фасады вырашаны ў выглядзе аркады, завершаны высокім атыкам. У дэкоры выкарыстаны прафіляваныя карнізы, абрамленні праёмаў, філянговыя нішы.

Т.В.Габрусь.

Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады.

т. 11, с. 415

НЯСВІ́ЖСКАЯ СЛУ́ЦКАЯ БРА́МА,

помнік архітэктуры барока ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Пабудавана ў 1690 на месцы брамы 16 ст., перабудавана ці адноўлена ў 1700 (паводле інш. звестак у 1760) на дарозе-дамбе ўздоўж возера, якая вяла ў горад з боку Слуцкага тракту. Мураваны 2-ярусны прамавугольны ў плане аб’ём з вял. арачным праездам унутры (даўж. 10,3 м), сцены ўмацаваны контрфорсамі, накрыты 2-схільным чарапічным дахам. Падоўжаныя фасады завершаны пластычнымі франтонамі з крывалінейным абрысам. На 1-м ярусе знаходзіліся памяшканні для варты, на 2-м — капліца, раскрытая праз вял. праём з балконам у бок горада. У 1970-я г. брама рэстаўрыравана.

Т.І.Чарняўская.

Нясвіжская Слуцкая брама.

т. 11, с. 415

НЯСВІ́ЖСКАЯ СУКО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў г. Нясвіж Мінскай губ. ў 1753—1867. У розны час вырабляла дываны, сукны, капелюшы і інш. Размяшчалася ў 5 драўляных будынках. Мела 6 катлоў, 5 стрыгальных машын, 160 калаўротаў, 6 ткацкіх станкоў (у 1756—25 станкоў). Дзейнічалі фарбавальня, стрыгальня, сукнавальня, склад, капялюшная майстэрня (з 1765). Працавала да 152 (1765) чалавек.

т. 11, с. 416