Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗАБЯНЬКО́Ў (Ігар Іванавіч) (н. 10.7.1940, г.п. Бягомль Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне радыётэхнікі. Канд. тэхн. н. (1979), праф. (1992). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1964). З 1964 у Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па тэорыі нелінейных інерцыйных радыёланцугоў, эл.-магн. сумяшчальнасці, лічбавых радыёпрыёмных прыладах, рухомай радыёсувязі.

Тв.:

Расчет нелинейной передаточной характеристики усилителя с обратной связью // Весці АН БССР. Сер. фіз.-тэхн. навук. 1980. Вып. 3;

Инфрадинный прием (у сааўт.) // Радиотехника. 1982. № 9.

т. 6, с. 491

ЗАБЯРЭ́ЗІНСКІЯ,

дзяржаўныя дзеячы, герба «Ляліва» ў ВКЛ. Паходзілі са стараж. літоўскага баярства, роднасныя Манівідавічам, Гедыгольдавічам, Аляхновічам, Дарагастайскім. У сярэдзіне 15 ст. баярын Юрый Рымавідавіч ад вял. кн. ВКЛ Казіміра атрымаў маёнтак Забярэззе ў Ашмянскім пав. (адсюль прозвішча роду). Найб. вядомыя: Ян (каля 1440—2.2.1508), сын Юрыя, маршалак дворны ў 1486—92, намеснік полацкі ў 1490—96 і новагародскі ў 1496—98, кашталян у 1492—99 і ваявода ў 1498—1505 трокскі, маршалак земскі з 1498. Адзін з найбуйнейшых магнатаў у Беларусі. Забіты ў час Глінскіх мяцяжу 1508. Ян (каля 1480—1538), сын Яна Юр’евіча, намеснік ваўкавыскі і крычаўскі, маршалак дворны ў 1503—16, ваявода новагародскі ў 1509—31, староста драгічынскі ў 1514—16, маркаўскі ў 1518 і мерацкі ў 1520, маршалак земскі ў 1522—37, ваявода трокскі з 1531. Ян (мянушка Малодшы; каля 1510 — каля 1545), сын Яна Янавіча, маршалак дворны з 1529. Апошні з роду З., іх маёнткі перайшлі да Заслаўскіх, Мсціслаўскіх, Збаражскіх.

В.​Л.​Насевіч.

т. 6, с. 491

Завада Мікалай Васілевіч

т. 18, кн. 1, с. 386

ЗА́ВАДЗЬ,

невялікі заліў ракі з павольным, часта зваротным цячэннем. Утвараюцца на рэках, якія маюць малы нахіл, моцна меандруюць.

т. 6, с. 492

ЗАВАДО́ЎСКІ (Міхаіл Мікалаевіч) (26.11.1900, в. Пчалінаўка Варонежскай вобл., Расія — 29.1.1960),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну, ген.-лейт. (1944), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы ўдасканалення вышэйшага камсаставу (1941), Вышэйшыя курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1918. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Калінінскім, Зах., 3-м Бел. франтах. Стралковы корпус пад камандаваннем З. вызначыўся ў чэрв. 1944 пры вызваленні Барысава, Оршы, Мінска, Літвы, у баях за Кёнігсберг. Пасля вайны ў Сав. Арміі.

т. 6, с. 492

Завадская Маргарыта Іванаўна

т. 18, кн. 1, с. 387

ЗАВА́ДСКІ (Уладзімір Георгіевіч) (13.1.1919, г. Орша Віцебскай вобл. — 20.6.1992),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Энгельскае ваен. авіяц. вучылішча (1940), Харкаўскі інж.-эканам. ін-т (1976). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Сцяпным, 2-м Укр. франтах у бамбардзіровачнай і разведвальнай авіяцыі. Удзельнік Маскоўскай, Курскай бітваў, вызвалення Украіны, Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі, Чэхаславакіі. Зрабіў 152 баявыя вылеты. Да 1956 у Сав. Арміі.

т. 6, с. 492

ЗАВА́ДСКІ (Юрый Аляксандравіч) (12.7.1894, Масква — 5.4.1977),

рускі рэжысёр, акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1948). Герой Сац. Працы (1973). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. Творчую дзейнасць пачаў у 1915 у студыі Я.​Вахтангава. У 1924—31 акцёр МХАТа. З 1924 кіраваў заснаванай ім студыяй. З 1940 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя Массавета і выкладчык у Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва (з 1947 праф.). Яго ігра вызначалася пластычнай вытанчанасцю, дакладнасцю сцэн. малюнка: Антоній («Цуд святога Антонія» М.​Метэрлінка), Калаф («Прынцэса Турандот» К.​Гоцы), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава). У пастаноўках героіка-лірычных спектакляў, рамант. трагедый, камедый («Шынкарка» К.​Гальдоні, «Атэла» У.​Шэкспіра, «Маскарад» М.​Лермантава) імкнуўся да сінтэзу розных тэатр. традыцый. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951, 1965. Ленінская прэмія 1965.

т. 6, с. 492

ЗА́ВАЙЦЬ,

вёска ў Нараўлянскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на З ад г. Нароўля, 190 км ад Гомеля, 20 км ад чыг. ст. Ельск. 447 ж., 187 двароў (1997). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 6, с. 492

ЗАВА́ЛАЧНАЯ МАШЫ́НА,

машына для завалкі (загрузкі) у сталеплавільныя агрэгаты (печы) цвёрдай шыхты (стальны лом, чыгун, руда, флюсы). Бываюць падлогавыя рэйкавыя (выкарыстоўваюцца ў мартэнаўскіх цэхах з печамі ёмістасцю 150 т і болей), бязрэйкавыя (для печаў ёмістасцю 5—20 т) і падвесныя (для печаў 20—150 т). Падлогавыя З.м. — цялежкі з хобатам, які ўводзіць у завалачнае акно печы мульду з шыхтай; падвесныя — маставы кран з галоўнай (загрузачнай) і дапаможнай (кранавай, для рамонтных работ) цялежкамі.

Падлогавая рэйкавая завалачная машына: 1 — мульда; 2 — мульдавая цялежка; 3 — цялежка машыны; 4 — мост.

т. 6, с. 492