ЗАБЯРЭ́ЗІНСКІЯ,
дзяржаўныя дзеячы, герба «Ляліва» ў ВКЛ. Паходзілі са стараж. літоўскага баярства, роднасныя Манівідавічам, Гедыгольдавічам, Аляхновічам, Дарагастайскім. У сярэдзіне 15 ст. баярын Юрый Рымавідавіч ад вял. кн. ВКЛ Казіміра атрымаў маёнтак Забярэззе ў Ашмянскім пав. (адсюль прозвішча роду). Найб. вядомыя: Ян (каля 1440—2.2.1508), сын Юрыя, маршалак дворны ў 1486—92, намеснік полацкі ў 1490—96 і новагародскі ў 1496—98, кашталян у 1492—99 і ваявода ў 1498—1505 трокскі, маршалак земскі з 1498. Адзін з найбуйнейшых магнатаў у Беларусі. Забіты ў час Глінскіх мяцяжу 1508. Ян (каля 1480—1538), сын Яна Юр’евіча, намеснік ваўкавыскі і крычаўскі, маршалак дворны ў 1503—16, ваявода новагародскі ў 1509—31, староста драгічынскі ў 1514—16, маркаўскі ў 1518 і мерацкі ў 1520, маршалак земскі ў 1522—37, ваявода трокскі з 1531. Ян (мянушка Малодшы; каля 1510 — каля 1545), сын Яна Янавіча, маршалак дворны з 1529. Апошні з роду З., іх маёнткі перайшлі да Заслаўскіх, Мсціслаўскіх, Збаражскіх.
В.Л.Насевіч.
т. 6, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)