Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЖУГДЖУ́Р,

горы ўздоўж паўн.-зах. ўзбярэжжа Ахоцкага м., у Хабараўскім краі Расіі. Выцягнуты дугой на 700 км. Пераважаюць выш. 800—1200 м, найвыш. 1906 м (г. Топка). Складзены з магматычных, часткова асадкавых парод. Пашырана шматгадовая мерзлата. Клімат умерана халодны, мусонны, з суровай зімой. На зах. схіле светлахвойная горная тайга з перавагай даурскай лістоўніцы, на ўсх. — ахоцкая горная тайга з аянскай елкі. Зубчастыя гальцы заняты кедравым сланікам і горнай тундрай.

т. 6, с. 92

ДЖУ́ЛІО РАМА́НА

[Giulio Romano; сапр. Піпі, Ріррі; 1492 або 1499, Рым — 1.11.1546],

італьянскі архітэктар і жывапісец. У 1515—24 працаваў у Рыме. Вучань Рафаэля, разам з якім размалёўваў Станцы і Лоджыі Ватыкана, пасля смерці настаўніка завяршыў размалёўку вілы Мадама (1521). З 1524 працаваў у Мантуі пры двары герцагаў Ганзага. Паступова адышоў ад класічных прынцыпаў мастацтва Высокага Адраджэння да маньерызму. Яго жывапісным творам уласцівы кампазіцыйная перагружанасць, ускладненасць ракурсаў і поз. У арх. пабудовах падкрэсленая пластыка і кантрастнасць формаў, мудрагелістая фактура руставаных паверхняў (асабісты дом у Мантуі, 1544) часта спалучаюцца з нечаканымі вонкавымі эфектамі, якія парушаюць строгую тэктоніку ордэрнай сістэмы (Палацца Дукале ў Мантуі, 1538—39). У сваім гал. творы — Палацца дэль Тэ ў Мантуі (1525—34) прадвызначыў далейшыя шляхі архітэктуры, стварыў адзін з ранніх прыкладаў восевай кампазіцыі.

Джуліо Рамана. Размалёўка «Залы гігантаў» Палацца дэль Тэ ў Мантуі.

т. 6, с. 93

ДЖУМАХМА́ТАЎ Асанхан Джумахматавіч

(н. 16.7.1923, г. Арашан, Кыргызстан),

кіргізскі дырыжор. Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1958, клас Б.Хайкіна). З 1948 дырыжор (з перапынкам), у 1973—83 гал. дырыжор Кіргізскага т-ра оперы і балета. У 1962—76 адначасова гал. дырыжор Аркестра нар. інструментаў імя К.Арозава, з 1969 Сімф. аркестра радыё і тэлебачання Кыргызстана. Муз. кіраўнік многіх оперных і балетных спектакляў. Старшыня Кірг. муз. т-ва (з 1987). Дзярж. прэмія Кыргызстана 1972.

т. 6, с. 93

ДЖУНГА́РСКАЯ РАЎНІ́НА, Джунгарыя,

раўнінная вобласць паміж гарамі Алтая і Усх. Цянь-Шаня, на ПнЗ Кітая. Пл. каля 700 тыс. км2, пераважныя выш. 600—800 м. Складзена з магутнага покрыва рыхлых адкладаў. Пустыні з масівамі градавых і барханавых пяскоў, саланчакі. Асобныя невысокія горныя кражы і драбнасопачнік. Клімат умераны кантынентальны, з гарачым сухім летам і халоднай сухой зімой. Сярэдняя т-ра студз. ад -20 да -25 °C, ліп. ад 20 да 25 °C з рэзкімі ваганнямі на працягу сутак. Рачная сетка рэдкая. Разрэджаная ксерафітная расліннасць (саксаул, тамарыск, палыны, салянкі). Пашавая жывёлагадоўля, месцамі аазісы. Радовішчы нафты.

т. 6, с. 93

ДЖУНГА́РСКІЯ ВАРО́ТЫ,

горны пра ход паміж хрыбтамі Джунгарскі Алатау на 3 і Барлык на У, у Казахстане, паблізу мяжы з Кітаем. Злучае. Балхаш-Алакольскую катлавіну і Джунгарскую раўніну. Даўж. каля 50 км, шыр. да 10 км, выш. 300—400 м. Пераважае паўпустынны ландшафт. У старажытнасці Дж.в. служылі праходам для качэўнікаў Цэнтр. Азіі і Казахстана.

т. 6, с. 93

ДЖУНГА́РСКІ АЛАТА́У,

горная сістэма ў Сярэдняй Азіі, паміж воз. Алаколь і р. Ілі, у Казахстане і часткова ў Кітаі. Працягнулася з ПдЗ на ПнУ амаль на 450 км, шыр. ад 50 да 190 км. Складаецца з некалькіх паралельных хрыбтоў: Каратау, Баскантау, Таксанбай, Беджынтау і інш. Выш. ад 1500 да 3000 м, найб. — 4464 м (г. Бесбаскан). Паўн. раёны ўтвораны з пясчанікаў, алеўрытаў і сланцаў, паўднёвыя — з вулканагенных парод; у цэнтр. ч. выходзяць стараж. крышт. пароды. Радовішчы поліметал. руд, медзі, рэдкіх металаў; тэрмальныя мінер. крыніцы. Характэрна змена вышынных ландшафтных паясоў: на ніжніх схілах — пустыні, паўпустыні і стэп, які на выш. 1200 м пераходзіць у леса-лугавы пояс, вышэй 2600 м — субальпійскія і альпійскія лугі. Ледавікі (агульная пл. больш за 1000 км2), у т.л. ледавікі Джамбула і Берга.

т. 6, с. 93

ДЖУ́НГЛІ

(англ. jungle ад джангал, на мове хіндзі — лес, зараснікі),

дрэвава-хмызняковыя зараснікі ў спалучэнні з высокімі грубасцяблістымі дрэвападобнымі злакамі (гіганцкім бамбукам, цукр. трыснягом, эрпантусам і інш.). Звычайна густыя, месцамі абвітыя ліянамі. Характэрны для вільготных мусонных абласцей тропікаў, пераважна ў Паўд. (Індастан) і Паўд.-Усх. Азіі (Індакітай. Зондскія а-вы); трапляюцца ў пераўвільготненых субтрапічных абласцях (Д. Усход і інш.). Часам Дж. памылкова называюць цяжкапраходныя ўчасткі забалочаных трапічных лясоў.

т. 6, с. 93

ДЖУ́НТА

(італьян. giunta),

выканаўчы орган муніцыпалітэта ў камунах, правінцыях і абласцях Італіі. Выбіраецца на 4 гады адпаведнымі муніцыпальнымі саветамі з ліку іх членаў. На чале Дж. ў камунах стаіць сіндык (мэр), у правінцыях і абласцях — прэзідэнт муніцыпальнага савета. Рашэнні Дж. кантралююцца прадстаўнікамі цэнтр. улады — прэфектамі правінцый і абл. камісарамі. Важныя рашэнні ніжэйстаячых муніцыпальных органаў зацвярджаюць вышэйстаячыя Дж.

т. 6, с. 93

ДЖУРА́ Султан

(1910, кішлак Кагалтам Бухарскай вобл., Узбекістан — 14.11.1943),

узбекскі паэт. Удзельнік баёў за вызваленне Беларусі ў гады Вял. Айч. вайны (пахаваны ў в. Казярогі Лоеўскага р-на). Скончыў Бухарскі пед. тэхнікум (1930). Друкаваўся з 1927. Аўтар паэт. зб-каў «Самаадданы» (1939), «Масква» (1941), у якіх апаэтызаваў родны край, дружбу, каханне, патрыятызм моладзі, гераізм бел. народа ў змаганні з фашызмам. На бел. мову яго творы пераклалі А.Астрэйка, С.Ліхадзіеўскі, К.Паўтаржыцкі, К.Цвірка.

Тв.:

Рус. пер. — Рождение истины. Ташкент, 1961.

т. 6, с. 93

ДЖУРАКУ́ЛАЎ Умаркул

(люты 1894, г. Самарканд, Узбекістан — 22.3.1973),

узбекскі майстар маст. керамікі; стваральнік школы сучаснай самаркандскай керамікі. Нар. мастак Узбекістана (1953). Фармоўцы вучыўся ў свайго бацькі Джуракула Кабулава, размалёўцы — у майстра У.Умарава з г.Гіждуван. Пачаў працаваць у 1902. Аўтар аздобленых падглазурнай размалёўкай збаноў са складаным рэльефным узорам, разнастайных пасудзін у форме птушак або драконаў, фігурак жывёл.

т. 6, с. 94