ДЖУГДЖУ́Р,

горы ўздоўж паўн.-зах. ўзбярэжжа Ахоцкага м., у Хабараўскім краі Расіі. Выцягнуты дугой на 700 км. Пераважаюць выш. 800—1200 м, найвыш. 1906 м (г. Топка). Складзены з магматычных, часткова асадкавых парод. Пашырана шматгадовая мерзлата. Клімат умерана халодны, мусонны, з суровай зімой. На зах. схіле светлахвойная горная тайга з перавагай даурскай лістоўніцы, на ўсх. — ахоцкая горная тайга з аянскай елкі. Зубчастыя гальцы заняты кедравым сланікам і горнай тундрай.

т. 6, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)