Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЖО́БЕР

(англ. jobber),

1) гістарычна — прадпрымальнік, які даваў напракат коней з экіпажамі.

2) Біржавы маклер, камісіянер (першапачаткова член Лонданскай фондавай біржы), які ажыццяўляе аперацыі за ўласны кошт (пры нефіксаваным даходзе), уступае ў здзелкі з брокерамі і інш. дзелавымі людзьмі.

т. 6, с. 88

ДЖО́ЗЕФСАН (Josephson) Браян Дэйвід

(н. 4.1.1940, г. Кардыф, Вялікабрытанія),

англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1970). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1960), дзе і працуе (з 1974 праф.). Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела і звышправаднікоў. Прадказаў (1960) праходжанне звышправоднага току праз тонкі слой дыэлектрыка, які раздзяляе 2 звышправаднікі (гл. Джозефсана эфект). Нобелеўская прэмія 1973 (разам з А.Джаеверам і Л.Эсакі).

Б.Джозефсан.

т. 6, с. 89

ДЖО́ЗЕФСАНА ЭФЕ́КТ,

працяканне звышправоднага току праз тонкі слой дыэлектрыка, які раздзяляе 2 звышправаднікі (кантакт Джозефсана). Прадказаны Б.Джозефсанам (1962); эксперыментальна выяўлены амер. фізікамі П.Андэрсанам і Дж.Роўэлам у 1963 пры вывучэнні вольт-ампернай характарыстыкі джозефсанаўскіх кантактаў.

Уласцівасці Дж.э.: электроны праводнасці праходзяць праз дыэлектрык з-за тунэльнага эфекту і, калі ток праз кантакт меншы за пэўнае значэнне, падзення напружання на кантакце няма (стацыянарны Дж.э.), а калі перавышае — узнікае падзенне напружання і кантакт выпрамяняе эл.-магн. хвалі (нестацыянарны Дж.э.). На аснове Дж.э. распрацаваны звышправодныя інтэрферометры, маламагутныя генератары, хуткадзейныя элементы ЭВМ, параметрычныя пераўтваральнікі, адчувальныя дэтэктары, узмацняльнікі і інш.

Да арт. Джозефсана эфект а — тунэляванне звышправодных пар; б — элемент Джозефсана; 1 — электронная пара; 2 — звышправаднік; 3 — дыэлектрык (слой вокіслу); 4 — падложка.

т. 6, с. 89

ДЖОЙС (Joyce) Джэймс Аўгусцін Алоіс

(2.2.1882, Дублін — 13.1.1941),

ірландскі пісьменнік. Выхоўваўся ў езуіцкіх школах, скончыў Дублінскі ун-т (1902). У 1904 пакінуў Ірландыю, жыў у Трыесце, Цюрыху, Парыжы. Аўтар кн. вершаў «Камерная музыка» (1907), зб. апавяданняў «Дублінцы» (1914), рамана «Партрэт мастака ў юнацтве» (1916), п’ес «Бліскучая кар’ера» (1900), «Выгнаннікі» (1915, апубл. 1918), шматлікіх эсэ і артыкулаў. Сенсацыйны поспех яму прынеслі раманы «Уліс» (1922) і «Памінкі па Фінегану» (1939), што аказалі вызначальны ўплыў на сусв. л-ру 20 ст. У аснове маст. сістэмы рамана «Уліс» «плынь свядомасці», якая паступова з маст. прыёму перарастае ў жанр. Характэрныя рысы твора — парадаксальнасць і суб’ектыўнасць, асацыятыўнасць, часава-прасторавыя напластаванні, звышнасычанасць шматзначнымі сімваламі, рознага роду словатворчасць. Вял. ролю адыгрываюць аналогіі з гамераўскай «Адысеяй» (у кампазіцыі, у парадыйным узнаўленні эпізодаў эпасу, у паралелях паміж міфалагічнымі героямі і персанажамі Дж.). Раман стаў бясспрэчным узорам л-ры постмадэрнізму. Яшчэ ў большай ступені стылявы поліфанізм характэрны для рамана «Памінкі па Фінегану», у якім адсутнічае канкрэтны час, а падзеі адбываюцца ў сне. На бел. мову раман «Уліс» пераклаў Я.Максімюк (1-я частка — 13 «эпізодаў» з 18 — выдадзена ў 1993 у Беластоку, Польшча); асобныя апавяданні пераклаў І.Бабкоў.

Тв.:

Рус. пер. — Дублинцы. Портрет художника в юности. Улисс. Т. 1—3. М., 1993—94;

У кн.: Поэзия Ирландии. М., 1988.

Літ.:

Жантиева Д.Г. Джеймс Джойс. М., 1967.

Е.А.Лявонава.

т. 6, с. 89

ДЖО́ЛІ (Joly) Джон

(1.11.1857, графства Офалі, Ірландыя — 8.12.1933),

англійскі геолаг і геафізік. Скончыў Трыніты-каледж у г. Дублін. З 1897 праф. у Дублінскім ун-це. Першым звярнуў увагу на значэнне радыеактыўных элементаў для цеплавога рэжыму Зямлі. Па колькасных вызначэннях наяўнасці радыеактыўных элементаў у розных горных пародах падлічыў колькасць энергіі, якая вылучаецца ў працэсе радыеактыўнага распаду. Атрыманыя звесткі выкарыстаў для пабудовы геатэктанічнай гіпотэзы, якой спрабаваў растлумачыць перыядычнасць тэктанічных працэсаў.

т. 6, с. 89

ДЖОН (John) Агастэс Эдвін

(4.1.1878, г. Тэнбі, Вялікабрытанія — 31.10.1961),

англійскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў Слэйда ў Лондане (1894—98). З 1903 член «Новага англійскага мастацкага клуба». Прэзідэнт Каралеўскага т-ва жывапісцаў-партрэтыстаў (1948—53). Буйны майстар рэаліст. партрэта (Б.Шоу, каля 1913—14; Т.Гардзі, 1923, і інш.), аўтар жанравых карцін («Жанчына, якая ўсміхаецца», 1910; «Жабракі», каля 1912—14, і інш.), а таксама дэкар. кампазіцый, афортаў і літагравюр. Творам Дж. ўласцівы глыбокая характарнасць і псіхал. насычанасць вобразаў, упэўненая тэмпераментная манера пісьма.

т. 6, с. 89

ДЖО́НКА

(малайскае djong, скажонае кіт. чуань судна),

грузавое драўлянае ветразевае судна з шырокімі і высока прыўзнятымі кармой і носам. Мае 2—4 мачты. Ветразі чатырохвугольнай формы з цыновак і бамбукавых рэек. Асадка невялікая, грузападымальнасць да 600 т. На Дж. перавозяць грузы, выкарыстоўваюць як жыллё. Распаўсюджаны ў Паўд.-Усх. Азіі.

Джонка.

т. 6, с. 89

ДЖОНС (Jones) Джон Пол

(6.7.1747, Кіркбін, каля г. Дамфрыс, Вялікабрытанія — 18.7.1792),

ваенна-марскі дзеяч, нац. герой ЗША. Каля 1773 перасяліўся ў амер. калоніі Вялікабрытаніі. У вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 адзін з арганізатараў і кіраўнік флоту каланістаў, на чале невял. флатыліі здзейсніў нападзенне на англ. порт Уітхавен і спаліў яго (1778), на чале пашкоджанага фрэгата ўзяў на абардаж 44-пушачны брыт. фрэгат (22.9.1779). Па запрашэнні Кацярыны II у 1788—89 служыў у рас. ВМФ, контр-адмірал. У рус.-тур. вайну 1787—91 на чале паруснай эскадры Дняпроўскага лімана ва ўзаемадзеянні з вёславай флатыліяй К.Насаў-Зігена і войскамі А.В.Суворава ў чэрв. 1788 разбіў тур. флот каля Ачакава. Памёр у Парыжы. Прах Дж. ў 1905 перавезены ў ЗША.

т. 6, с. 89

ДЖОНС (Jones) Джэймс

(6.11.1921, г. Робінсан, штат Ілінойс, ЗША — 9 5.1977),

амерыканскі пісьменнік. Удзельнічаў у 2-й сусв. вайне, быў цяжка паранены. Вядомасць прынёс антымілітарысцкі раман «3 гэтага часу і навек» (1951). Аўтар раманаў «Тонкая чырвоная рыса» (1962), «Вясёлы месяц май» (1971), «Толькі пакліч» (1978) і інш., а таксама кніг нарысаў «В’етнамскі дзённік» (1974), мемуараў «Другая сусветная вайна» (1975), аповесцей, рэпартажаў, кінасцэнарыяў. Распрацоўваючы канкрэтна-гіст. тэмы 2-й сусв. вайны, «вял. дэпрэсіі» ў Амерыцы 1930-х г., разважаў над вечнымі праблемамі: чалавек і вайна, жыццё і смерць, любоў і нянавісць, свабода і абавязак. Значнае месца ў рэаліст. прозе займае элемент натуралізму, абумоўлены маст. задачамі.

Тв.:

Рус. пер. — Отныне и вовек. М., 1986.

Літ.:

Олдридж Дж. Джеймс Джонс: простодушный в Париже // Оддридж Дж. После потерянного поколения: Сб. ст.: Пер. с англ. М., 1981.

Е.А.Лявонава.

І.Джонс. Банкетная зала палаца Уайтхал у Лондане. 1619—22.

т. 6, с. 90

ДЖОНС (Jones) Ініга

(15.7.1573, Лондан — 21.6.1652),

англійскі архітэктар. Неаднаразова наведваў Італію, дзе вывучаў работы А.Паладыо (да яго трактата «Чатыры кнігі пра архітэктуру» выдаў каментарыі ў 1715) і Дж.Віньёлы. У 1615—43 гал. дазорац каралеўскіх будынкаў. Як адзін з буйнейшых прадстаўнікоў англ. паладыянства сцвярджаў у айч. архітэктуры прынцыпы класічнага дойлідства. Яго праект палаца Уайтхал у Лондане (1619—22; пабудавана Банкетная зала), віла каралевы («Куінсхаўс») у Грынвічы (1616—35) адметныя выразнасцю кампазіцыі і высакароднай прастатой формаў.

т. 6, с. 90