Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЖГІРЫ́, яршы (Gymnocephalus),

род рыб сям. акунёвых. 4 віды: Дж., або ёрш звычайны (G. cernua); Дж., або ёрш-насар, або біручок (G. acerina); Дж., або ёрш паласаты (G. schraetser); Дж., або ёрш Балона (G. baloni). Пашыраны ў вадаёмах Еўразіі, акрамя Крайняй Поўначы, Каўказа, Крыма, Сярэдняй Азіі і бас. Ціхага ак. На Беларусі 3 віды: звычайны (мясц. назва ёрш, ажгур, яжгур) жыве ў рэках, азёрах і інш. вадаёмах, насар (мясц. назвы біручок, бабыр, ваўчок, чыранос) трапляецца ў Дняпры, Балона знойдзены ў Прыпяці.

Даўж. да 30 см, маса да 200 г (зрэдку да 600 г). Цела сціснутае з бакоў. На галаве вял. поласці сенсорных каналаў. Рот невялікі, высоўны, паўніжні. Пераднакрыўка з некалькімі шыпамі. На накрыўцы моцны шып. Спінны плаўнік адзін, калючая частка зліта з разгалінаванай. Кормяцца беспазваночнымі, ікрой і маляўкамі рыб. Аб’екты лоўлі.

Л.В.Кірыленка.

Джгіры: 1 — насар; 2 — звычайны; 3 — Балона; 4 — паласаты.

т. 6, с. 88

ДЖГІР БАЛО́НА, ёрш Балона (Gymnocephalus baloni),

рыба сям. акунёвых атр. акунепадобных. Выяўлены ў 1970 у сярэднім і ніжнім цячэнні р. Дунай і некат. яго прытоках. На Беларусі ёсць у р. Прыпяць ніжэй г. Пінск (1984).

Даўж. да 13 см, маса да 41 г. Цела кароткае, высокае. Афарбоўка жаўтавата-карычневая. На нізе галавы, шчэлепных накрыўках і брушку дробныя карычневыя плямкі. На баках цела 4—6 цёмных папярочных палос. На спінным, хваставым і анальных плаўніках цёмныя плямы. Галава кароткая, тупая, крута пераходзіць у цела. У большых асобін ёсць характэрны горб.

Т.М.Шаўцова.

т. 6, с. 88