сюдо́й і сюдо́ю, прысл.
Абл. У гэтым напрамку, у гэты бок. — З коньмі сюдой не пралезеш! — сказаў Серада. Брыль.
сюды́, прысл.
У гэты бок, у гэта месца; проціл. туды. Артылерыйская кананада даходзіла сюды [на бераг Пцічы] прыглушаным громам. Чорны. Тры гады таму назад, прыйшоўшы сюды, пагранічнікі абралі месца пад заставу каля гэтай вось хаты. Брыль. Вечарам сабралася моладзь у Аленчынай хаце. Сюды зайшоў і Шулевіч. Колас. // Ужываецца ў простай мове пры запрашэнні, загадзе, закліку падысці, падаць, паглядзець і пад. Яшчэ здалёку .. [Толя] прыўзняўся і памахаў рукою: — Дзядуля, хадзіце сюды! Якімовіч. Гэй, сюды, муляры, Маляры, слесары, Цесляры, гантары! Будзе толк! Будзе лад! Бядуля.
•••
(І) туды і сюды гл. туды.
Ні туды ні сюды гл. туды.
То туды, то сюды гл. туды.
сюды́-туды́, прысл.
1. У той і другі бок; у розныя бакі. [Міхал] выпраг каня.., жуючы хлеб, прайшоў сюды-туды паміж .. кустоў. Чорны. І чалавек бегае сюды-туды з самага цямна з потным ілбом. Кулакоўскі. Трымаючыся на задніх нагах,.. [вусень] вадзіў сюды-туды сваёй чорнай бліскучай галавой. Гарбук.
2. У некаторыя месцы. Трэба сюды-туды схадзіць.
3. Нішто сабе, ніштавата, дапушчальна. Калі днём яшчэ сюды-туды, то ў гэты вячэрні змрок адчуваеш сябе нібы ў магіле. Лынькоў.
сюдэ́й і сюдэ́ю, прысл.
Абл. У гэтым напрамку, у гэты бок. Я сюдэй пайду, — сказаў .. [чалавек], паказаўшы рукой у прасцяг сцежкі на ўзгорак, за якім мясціліся вясковыя гумны. Галавач.
сюд-ту́д, прысл.
Разм.
1. Раз-пораз, вельмі часта. Шэрая вязаная хустка з пушком абдымала яе плечы. Жанчына сюд-туд папраўляла хустку, нацягваючы яе ўверх. Пестрак. Гарасім сюд-туд кідаў вокам на маю работу. Якімовіч.
2. Узад і ўперад, з аднаго боку ў другі. Мы з рэдактарам шпацыравалі сюд-туд па калідоры. Сабаленка. На досвітку цягач з важкім трохвугольнікам двойчы прайшоў сюд-туд і прабіў дарогу з аэрадрома ў Міхалі. Алешка. // З аднаго месца ў другое. Я хацеў зноў прылегчы і пачаў папраўляць ватоўку. «Дзе ж рэчавы мяшок?» — махнуў я рукою сюд-туд. Няма. С. Александровіч.