ні́жай, прысл.
Тое, што і ніжэй (у 1, 3 знач.).
ніжне... (а таксама ніжня...).
Першая састаўная частка складаных слоў са значэннем: які размяшчаецца або ўзнікае ў ніжняй частцы чаго‑н., напрыклад: ніжнеамурскі, ніжнегрудны.
ні́жні, ‑яя, ‑яе.
1. Які знаходзіцца ўнізе; проціл. верхні. Ніжняя губа. □ Калі дагараў ужо ніжні паверх панскага палаца, атрад Сёмкі-матроса рушыў з двара. Лынькоў. Сонца сваім ніжнім краем кранулася чорнай рысы далягляду, пачало апускацца за лес. Краўчанка.
2. Блізкі да вусця ракі. У ніжнім цячэнні [Дняпра] .. знаходзяцца славутыя дняпроўскія парогі. Курто.
3. Які надзяваюць непасрэдна на цела; сподні. Ніжняя кашуля.
4. Самы нізкі па тону (аб гуках). Ніжнія ноты.
•••
Ніжні чын гл. чын.
ні́жнік, ‑а, м.
Уст. Малодшая фігура ў ігральных картах; валет. У першай кучцы [карт] пасярэдзіне аказаўся .. туз, а з краю — званковая дзевятка, з другога — [к]растовы ніжнік. Колас.
ніжня... (гл. ніжне...).
Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «ніжне...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: ніжняволжскі, ніжнялужыцкі.
ніжэ́й,
1. Выш. ст. да прысл. нізка 2.
2. прысл. Далей (пры спасылцы на наступнае месца тэксту).
3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «ніжэй» выражае прасторавыя і колькасныя адносіны: а) уніз ад якой‑н. прасторавай мяжы. Другім сваім паўкругам Гнілое балота ўпіралася ў Сухія груды. Груды былі значна ніжэй процілеглага вала. Колас; б) па цячэнню ракі ўніз ад якога‑н. месца. Рэчка ніжэй завадзі пашыраецца і цячэ неглыбокай бліскучай стужкай. Аляхновіч; в) менш за якую‑н. колькасць, у напрамку памяншэння па лічбаваму раду. Тэмпература ніжэй нуля. □ Ісці ніжэй трох долараў прадавец яўна не хацеў. В. Вольскі.
•••
Цішэй вады, ніжэй травы гл. цішэй.
ніжэй...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «далей», «пазней» пры спасылцы на наступнае месца тэксту, прамовы, напрыклад: ніжэйпадпісаны, ніжэйадзначаны.
ніжэйадзна́чаны, ‑ая, ‑ае.
Адзначаны, упамянуты далей, ніжэй. Ніжэйадзначаныя пункты дагавору.
ніжэйпада́дзены, ‑ая, ‑ае.
Пададзены далей, ніжэй. Ніжэйпададзеныя факты.