Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нія́к, прысл.

Ніякім чынам; зусім. Воз ніяк не мог пераехаць насыпу, якім былі абнесены могілкі. Сабаленка. Ніяк не клеіцца размова, Хоць думак шмат у галаве. Колас.

ніякава́та, прысл.

Разм.

1. Няёмка, не па сабе, сарамліва. На калгасным двары Сяргей адчуваў сябе ніякавата: староннім чалавекам ён тут ужо быць не мог, а гаспадаром — яшчэ не меў права. Шахавец. Хлопцы прыціхаюць, убачыўшы Надзю, а Валянцін ніякавата апускае вочы: значыць, не для дзявочага вуха нешта было сказана. Кулакоўскі. // безас. у знач. вык. Пра адчуванне няёмкасці, сарамлівасці. Як бы ўсё вымерла навокал. Ад нямога бязлюддзя Віктару стала ніякавата. Навуменка. Стала ніякавата хадзіць [Любе] у школу з меншымі па ўзросту вучнямі. Грамовіч.

2. Нязручна. На вуліцы ў касцюме адчувалася вольна, але ніякавата — асабліва неставала рамяня. Карпаў.

нія́каватасць, ‑і, ж.

Разм. Стан, пачуццё няёмкасці, сарамлівасці. Неўзабаве прыйшлі Андрэй Полаз і Раўнаполец. Трымалі яны сябе ў пачатку крыху афіцыйна ці, магчыма, проста адчувалі ніякаватасць у гасцях у дырэктара. Шамякін. Таццяна сумелася, адчула ніякаватасць. Марціновіч.

нія́каваты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Няёмкі. Ніякаватае становішча. □ Адышоў [Васіль ад свайго станка] з болем на душы і з такім ніякаватым адчуваннем, нібы пакінуў таварыша ў бядзе. Кулакоўскі.

нія́кі, ‑ая, ‑ае, займ. адмоўны.

1. Які б ні быў; ніводны (ужываецца ў адмоўных сказах). Нявідны не цешыў сябе ніякімі ілюзіямі. Колас. Ніякая работа, калі яна работа, не бывае марнаю. Мы не даробім, даробіць нехта. Арабей. Заімшэлыя сцены аселі, і вельмі можа быць, што ўжо гады два ніякая жывая душа тут не была. Чорны.

2. Разм. У спалучэнні з часціцай «не» ужываецца для адмаўлення якасці, уласцівасці ў значэнні: зусім не. — Ніякі я не піяніст, проста аматар музыкі, — адказаў на маё пытанне Платон Іванавіч. Пальчэўскі. Ён быў ніякі не стары, гэты балбатлівы шавец, яму, напэўна, і за сорак яшчэ не пераваліла. Васілёнак.

•••

Ніякі род гл. род.

Без нічога ніякага гл. нішто ​1.

Не вытрымліваць ніякай крытыкі гл. вытрымліваць.

Ніякім чынам гл. чын.