ніз, ‑у; мн. нізы, ‑оў; м.
1. Ніжняя частка чаго‑н.; проціл. верх. Верх халяў быў шэры ад пылу, а ніз памок ад расы. Мележ. Ціха было ў густым бары; закрыла ніз цемната. Колас. // Разм. Ніжні паверх дома.
2. Паверхня, бок прадмета, процілеглы яго верху. Ніз вечка. // Унутраны бок (матэрыі, вопраткі); спод.
3. Нізіннае месца. Над палямі мрок прарваўся, Па нізах расплыўся. Колас.
4. Ніжняе цячэнне ракі; нізоўе.
5. толькі мн. (нізы, ‑оў). Шырокія пласты працоўнага народа. Вялікі грамадзянскі і пісьменніцкі подзвіг Купалы .. у тым, што выхадзец з сацыяльных нізоў, чалавек, пазбаўлены магчымасці атрымаць сістэматычную адукацыю, змог узняцца да вяршынь класічнай мастацкай думкі. Ярош.
6. толькі мн. (нізы, ‑оў). Ніжнія ноты. Браць нізы.
нізавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які дзейнічае каля самай паверхні зямлі, вады і пад. Нізавы .. вецер гнаў пазёмку, ля кустоў і купін памятаў курганчыкі снегу. Асіпенка. Нізавы агонь хоць і бяжыць па зямлі, але ўсё-такі не-не ды і дакранецца да нізка звешаных галін, яны і ўспыхнуць. Гавеман.
2. Які знаходзіцца ў нізкім месцы. Нізавая дарога.
3. Спец. Які ўтварае ніжні ярус расліннага покрыва. Нізавыя травы.
4. Які размяшчаецца ў нізоўях ракі, па ніжняму яе цячэнню. Нізавыя парты.
5. Які звязаны непасрэдна з масамі, з народам; які абслугоўвае масы, народ. Нізавы друк. Нізавая арганізацыя. □ Ён, Шэлег, — .. нізавы работнік, доўгія гады працуе з людзьмі, якіх не назавеш анёламі. Навуменка. [У заяве] інжынер Ватулін, Валянцін Уладзіміравіч, прасіў абком партыі накіраваць яго на нізавую работу ў .. МТС. Лупсякоў.
ніза́льшчык, ‑а, м.
Рабочы, які займаецца нізаннем чаго‑н. (у рыбнай, тытунёвай прамысловасці, у вытворчасці абаранкаў і пад.).
ні́зам, прысл.
Па ніжняй частцы чаго‑н., па больш нізкаму месцу. Ад іскры паравоза загарэўся лес:.. агонь імкліва пашырыўся і ўзляцеў на верхавіны ялін і соснаў — і пайшоў шумець нізам і верхам. Шчарбатаў.
ніза́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. нізаць.
ні́засць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць нізкага (у 4 знач.). [Туляга:] Я такі баязлівы, нікчэмны чалавек, маладушны да нізасці. Крапіва.
2. Нізкі ўчынак.
ніза́цца, ніжацца; незак.
1. Набірацца, насаджвацца падрад на нітку, дрот і пад.
2. перан. Лёгка і свабодна падбірацца, спалучацца (пра думкі, словы і пад.). Машына скакала, гойдалася на калдобінах так, што часам у вачах цямнела, але думкі ўсё нізаліся адна на другую, адна святлей другой. Новікаў.
3. Зал. да нізаць.
ніза́ць, ніжу, ніжаш, ніжа; незак., што.
1. Набіраць, насаджваць падрад на нітку, дрот і пад. Нізаць сушаныя грыбы. □ Дзядзька пакінуў нізаць тытунь, глянуў у акно. С. Александровіч.
2. перан. Лёгка падбіраць, спалучаць адно з другім (пра словы, рыфмы і пад.). Ніжа без перадыху Сцяшынская слова на слова. Б. Стральцоў.
3. перан. Пранізваць, працінаць наскрозь. Яшчэ да таго як сяло апаноўваў шумны лівень, неба над прыціхлымі хатамі і агародамі нізалі стрэлы маланак. Мележ.