Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нічагу́сенькі, займ.

Разм. Узмацняльная форма да нічога ​1. Амаль што ўсе даведаліся аб сваіх. Адзін стары Міхайла нічагусенькі даведацца не можа... Бядуля.

нічагу́ткі, займ.

Разм. Тое, што і нічагусенькі. Стары Ярмалінскі кляўся і бажыўся, што «нічагуткі, каб я з гэтага месца не сышоў, не ведаю». Чорны.

нічо́га 1,

гл. нішто ​1 (у 1 знач.).

нічо́га 2,

1. прысл. Тое, што і нішто ​2 (у 1 знач.). Жывецца мне нічога.

2. безас. у знач. вык. Хоць бы што, не шкодзіць. Усе даўно стаміліся, а яму нічога.

3. у знач. пабочн. Неістотна, не мае значэння; абыдзецца. — [Васіль:] — Калі пачаць усё расказваць, дык і жыцця не хопіць, .. я і так вас затрымаў, адарваў ад кампаніі. — Нічога, нічога, — адказвае жанчына, — расказвайце. Арабей. — Нічога, знойдзем, — прамовіў дзядзька і павёў хлопца назад у лес. — Шапка — не іголка, знойдзем... С. Александровіч.

нічы́й, нічыйго, нічыйму, нічый (нічыйго), нічыім, аб нічыім, м.; нічыя, нічыёй, нічыю, ж.; нічыё, нічыйго, нічыйму, нічыё, нічыім, аб нічыім, н.; мн. нічые, займ. адмоўны.

1. Які не належыць нікому. [Сымон:] — Я... так... хлопец... падарожны, Праз сябе сам... Я... нічый! Колас. А вось чаму.. [сасну], нічыю, прыдарожную, за доўгія гады ніхто не ссек, — адказаць цяжка. Навуменка.

2. у знач. наз. нічыя́, ‑ёй, ж. Разм. Такі вынік гульні, барацьбы і пад., калі ні адзін з праціўнікаў не выйграе. Згадзіцца на нічыю.

нічы́йны, ‑ая, ‑ае, займ. адмоўны.

Разм.

1. Тое, што і нічый (у 1 знач.). Агарод тым часам можна і пашырыць — вядома, зямля тут нічыйная, закінутая. Хадкевіч.

2. У спартыўных спаборніцтвах — нікім не выйграны. Нічыйная партыя. □ Савецкія дзюдаісты выйгралі шэсць с[у]тычак, чатыры сустрэчы закончыліся нічыйным вынікам. «Звязда».