Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ніт 1, ‑а; мн. ніты́, ‑о́ў; м.

Металічны стрыжань, які мае на адным канцы галоўку, а на другім — разьбу, на якую накручваецца гайка; болт.

ніт 2, а́; мн. ніты́, ‑о́ў; м.

1. Злучэнне ніцяных петляў у ткацкім станку для падымання нітак асновы. Укідаць аснову ў ніты.

2. Спосаб ткання, ад якога залежыць від перапляцення ніцей у тканіне. А пасадзі .. [Алёну] за кросны! Няхай другая паспрабуе выткаць абрусы і коўдры ў шаснаццаць нітоў! Чарнышэвіч.

нітава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. нітаваць і нітавацца.

нітава́цца, ‑туецца; незак.

1. Злучацца нітамі ​1.

2. перан. Злучацца, сплятацца; звязвацца. І песня шчасця чуецца Між сёл і гарадоў, А з песняй той нітуецца Геройства і любоў. Кляшторны. І ўночы Галі не далі спакою думкі: яны нітаваліся адна з адною, і ўсё больш думалася пра Стася. Сабаленка.

3. Зал. да нітаваць.

нітава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

1. Злучаць, змацоўваць нітамі ​1.

2. перан. Злучаць, звязваць. Прынесла строгі і стройны план — трэцяя бальшавіцкая [вясна першай пяцігодкі]. Нітуе энергію, вядзе напралом, выцягваецца ў чацвёрты год апошні, напорны. Дудар. Пакуль .. [сэрца] б’ецца, пакуль не парвецца жылка, што нітуе яго з целам, ты жывеш. Карпаў.

нітавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да ніта ​1.

ні́тачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш.-ласк. да нітка.

•••

Па нітачцы бегаць гл. бегаць.

ні́тачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да нітак. Нітачная фабрыка. □ Тоўстую шэрую нітку [Іван] шморгае кавалачкам воску, каб даўжэй быў нітачны век. Лынькоў.

ні́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Тонка ссуканая пража, якая выкарыстоўваецца для шыцця, вязання і пад. [Варвара:] — Збегай, Косцік, вазьмі ў шуфлядзе чорны гузік і іголку з чорнай ніткай. Васілевіч. За прасніцай некалі маці тужыць, Суровая нітка праз пальцы бяжыць. Вялюгін.

2. Нізка (пацерак, караляў і пад.). Да .. шыі [мадонны на карціне] была падвешана (прыбіта цвічкамі) нітка сапраўдных караляў. Чорны.

3. Прадмет, які па сваёй форме падобны на нітку. У іржэўнік парванымі, патузанымі ніткамі паўпляталася павуцінне. Скрыган. // перан. Аб чым‑н. такім, што нагадвае нітку. [Самалёты] пакідалі за сабой танюткія серабрыстыя ніткі следу. Лынькоў.

4. перан. Аб чым‑н. пабудаваным, што выцягнулася ў выглядзе простай лініі. Нітка чыгункі. Нітка трубаправода. □ Чырванаватая нітка брукаванага тракту паблісквае вільгаццю. Лужанін.

5. перан. Тое, што злучае, служыць для сувязі. Газеты з’яўляюцца для Міхалкі вышэйшай школай — універсітэтам. Яны злучаюць яго нябачнымі ніткамі з усім светам. Бядуля. // Рад, чарада чаго‑н. Нітка ўспамінаў. □ Думкі паўзуць шэрай, блытанай ніткай. Лынькоў.

•••

Да (апошняй) ніткі — усё, поўнасцю, да канца (аграбіць, абабраць, праліць і пад.).

На жывую нітку — нетрывала (зрабіць што‑н.). Двор зарос травой, паркан пастаўлен на жывую нітку, на хляве — прагніўшая страха. Навуменка.

Прамокнуць да ніткі гл. прамокнуць.

Праходзіць чырвонай ніткай гл. праходзіць.

Шыта белымі ніткамі гл. шыты.

ніткава́ты, ‑ая, ‑ае.

Які падобны на нітку, мае выгляд ніткі.

ніткападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які падобны на нітку, нагадвае нітку. Ніткападобныя малекулы.