Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лянда́р, ‑а, м.

Уст. Гаспадар, уладальнік карчмы.

ляні́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць лянівага; лянота.

ляні́вец, ‑ніўца, м.

Паўднёваамерыканская млекакормячая жывёліна, якая жыве на дрэвах і слаба прыстасаваная да хадзьбы па зямлі.

ляні́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які схільны да ляноты, ухіляецца ад працы. Хітрым чалавекам стаў сын Амяльяніхі. Ды не толькі хітрым, але і лянівым. Кавалёў. [Барабаха:] — [Наймічка] на ўсе штукі здатная, толькі да работы лянівая. Якімовіч. / у знач. наз. ляні́вы, ‑ага, м. Цяжкая праца толькі для лянівых. Бічэль-Загнетава. Санлівага не дабудзішся, а лянівага не дашлешся. Прыказка. // Які выяўляе ляноту. — Цяпер маю ахвоту ў цяньку пасядзець пад гэтымі дубамі — лянівым і рахманым голасам сказаў Іван Мацкевіч. Бядуля.

2. Вялы, павольны (пра рухі, паходку і пад.). Праз паўгадзіны сяброўкі пляліся ўжо лянівай паходкай людзей, якім няма куды і няма чаго спяшацца. «Звязда». // перан. Які павольна, слаба дзейнічае. Спакойнае мора задумана і ціха плёскала на берагі лянівай белапеннай хваляй. Самуйлёнак. Недалёка за імшыстымі стваламі дрэў паблісквае лянівымі хвалямі рэчка. Нядзведскі.

ляно́к, ‑нку, м.

Памянш.-ласк. да лён. З аднаго боку [сцежкі] высокае, каласістае жыта, з другога — лянок, невялікі яшчэ. Кулакоўскі.

ляно́к 2, ‑нка, м.

Прэснаводная рыба сямейства ласасёвых.

ляно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.

1. Адсутнасць жадання працаваць, рабіць што‑н., займацца чым‑н. Пра бацьку ў вёсцы казалі, што праз ляноту сваю ён жыў у недагледжанай хаце. М. Стральцоў. // Стан вяласці, санлівасці. Лёнька аж прыжмурыў вочы: прыемна грэла ў спіну, цяпло расходзілася па целе і на ўсяго яго стала нагортвацца такая млявасць і нейкая лянота, што хоць пальцам не варушы. Капыловіч.

2. у знач. вык., каму з інф. Разм. Не хочацца, няма ахвоты. [Бондар:] — Ты далікатны! Так і выкіроўваеш, каб на баку паляжаць. Да таго ж лянота думаць... Гурскі.

ляны́, ‑ая, ‑ое.

Разм. Тое, што і лянівы. Ляныя валы паціху ідуць уперадзе сахі, бароняцца хвастамі ад аваднёў і мух, махаюць галовамі, аж ярмо рыпіць. Галавач. Бацька чамусьці аціх, ён нават пугай не пакручвае ўжо на коней, і яны ідуць павольнай ляною паходкай. Сабаленка. З дубровы дзьмуў ляны ветрык. Алешка.