Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ляжа́к, лежака, м.

1. Ніжняе апорнае ляжачае бервяно зруба.

2. Гарызантальная частка дымахода.

ляжа́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Нясвежы, даўні, заляжалы. Ляжалая мука. □ Ад зямлі ідуць густыя пахі ляснога рэдкатраўя, мокрага ад расы і сырасці ляжалага лісця. Пташнікаў.

2. Які доўга захоўваўся ў адпаведных умовах; вылежалы. Ляжалы лён. □ Пепінкі сапраўды былі цудоўныя, ляжалыя. Пальчэўскі.

ляжа́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Шырокі выступ печы, грубкі для ляжання і ацяплення. Побач з кухоннай печчу стаяла ляжанка, дзе ўжо трэці дзень гатавала страву гаспадыня. Колас. Мужчына вяла падняўся, спусціў з ляжанкі босыя ногі. Навуменка. Алег распаліў грубку і сядзеў на пакладзеным бокам зэдліку, пазіраючы ў полымя, якое ўжо гуло ў ляжанцы. Ермаловіч.

2. Месца, прыстасаванне для ляжання.

ляжа́нне, ‑я, н.

Стан паводле дзеясл. ляжаць (у 1 знач.). І настылі, і зацяклі [ногі] ад нязручнага ляжання. Арабей.

ляжа́цца, ‑жыцца; безас., незак. (з адмоўем).

Пра наяўнасць жадання ці магчымасці ляжаць. [Гардзіенка] варочаецца з боку на бок. Яму, відаць, не ляжыцца. Не ляжыцца і мне. С. Александровіч.

ляжа́ць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

1. Знаходзіцца ўсім целам на чым‑н. у гарызантальным становішчы (пра людзей і некаторых жывёл). Ваякі ляжалі ў самых разнастайных .. позах каля агню і ў [ш]алашах. Колас. Арон быў дома, ляжаў на ложку. Мурашка. Козлік .. ляжыць змучаны, сам не свой. Брыль. / У спалучэнні са словамі, якія паказваюць на тыя ці іншыя асаблівасці гэтага становішча. Ляжаць на баку. Ляжаць на спіне. Ляжаць ніцма. / У спалучэнні са словамі, якія раскрываюць прычыну ці стан такога становішча. Ляжаць у непрытомнасці. // Быць хворым, знаходзіцца ў пасцелі. Крушынскі захварэў на рак і ляжыць у ложку ўжо доўгі час. Бядуля. // (звычайна ў спалучэнні са словамі «ў зямлі», «у магіле» і пад.). Быць пахаваным.

2. Знаходзіцца, размяшчацца на якой‑н. паверхні нерухома (бакавой часткай, гарызантальна); проціл. стаяць (аб прадметах). Ляжаў пры дарозе вялікі камень. Хто ні ідзе, спыніцца каля яго, пасядзіць, адпачне, а то і падсілкуецца трохі. Якімовіч. Мяшок жыта ляжаў на зямлі каля самага ганку. Бядуля. Паабапал дарогі, у канавах, ляжалі спаленыя нямецкія танкі, разбітыя машыны, гарматы. Шамякін.

3. Пакрываць, ахутваць сабою што‑н. На платах пышнымі шапкамі ляжалі снягі. Скрыган. На траве, на пасевах ляжала густая раса. Шамякін. / Пра маршчыны, загар, румянец, і пад. На смуглявых шчоках у дзяўчыны ляжаў румянец. Гурскі. // перан. Са словамі «след», «клопат», «адбітак» і пад. азначае: быць прыкметным, адбівацца на чым-небудзь. На .. чыстым, бялявым тварыку ляжаў прыкметны клопат. Адамчык. На ўсіх рэчах у хаце ляжаў адбітак маладой свежай дбаласці. Васілевіч.

4. Змяшчацца, знаходзіцца дзе‑н. У пячурцы ляжаў .. [дзедаў] капшук з тытунём і крэсіва. Колас. // Захоўвацца дзе‑н. Грошы ляжаць у банку. // Не знаходзіць прымянення, быць без ужытку. Новае сіта на калочку вісіць, а старое пад лавай ляжыць. Прыказка.

5. Размяшчацца, займаць якую‑н. прастору; распасцірацца. Засценак Малінаўка ляжаў на поўдні былога Слуцкага павета, дзе канчалася поле і пачыналіся балоты Палесся. Чарнышэвіч. Злева ад вёскі аж да далёкага зубчастага лесу .. ляжала прасторнае поле. Шахавец.

6. Праходзіць, пралягаць; мець напрамак куды‑н. (пра дарогу і пад.). Дарога ляжала праз луг, а потым хавалася ў невялікім беразнячку. Гаўрылкін. Машына імкліва неслася і неслася наперад, і дарога перад ёю ляжала як страла. Б. Стральцоў. Далейшы шлях ляжаў на Смольню, да брата, Язэпа Міхайлавіча. Лужанін.

7. Быць укладзеным, надзетым тым ці іншым чынам. Валасы гладка ляжаць. □ Ваенная шапка ляжала на .. [дзядзькавай] галаве брылём на патыліцу. Капыловіч. // Размяшчацца на фігуры пэўным чынам (пра адзенне). Белы халат так зграбна ляжаў на .. [прафесары], як быццам гэта быў і не халат. Шахавец.

8. перан.; на кім. Быць чыім‑н. абавязкам. Камандзір палка заўсёды быў маўклівы і хмуры, бо адчуваў тую вялікую адказнасць, якая ляжала на ім. Чорны.

9. У спалучэнні са словамі «на душы», «на сэрцы», «на сумленні» азначае: быць прадметам затоеных турбот, пастаяннай трывогі, роздуму і пад. На душы ў .. [Малашкіна] ляжаў цяжар чагосьці нявырашанага. Пестрак.

•••

Душа (сэрца) не ляжыць да каго-чаго гл. душа.

Лежма ляжаць — доўга ляжаць.

Ляжаць аблогай — пра даўно не воранае, удзірванелае поле.

Ляжаць без задніх ног — не мець сілы паварушыцца (ад стомы і пад.).

Ляжаць мёртвым грузам — быць нявыкарыстаным, непатрэбным.

Ляжаць на баку (на печы) — нічога не рабіць, гультайнічаць.

Ляжаць пад сукном — заставацца без увагі, без разгляду (пра заяву, просьбу і пад.).

Ляжаць у аснове — з’яўляцца асновай, галоўным, зыходным элементам чаго‑н.

Ляжаць у руінах — быць разбураным.

Ляжаць як пласт (пластом) — ляжаць нерухома, не маючы сіл рухацца (пра хворага).

ляжа́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які ляжыць, знаходзіцца ў гарызантальным становішчы. Пад ляжачы камень вада не цячэ. Прыказка. / у знач. наз. ляжа́чы, ‑ага, м. — Эх вы, салдаты, салдаты! На ляжачага напалі, гуртом набеглі ды яшчэ рукі звязваеце, — з насмешкай прамовіў Сяргей. Колас.

2. Такі, які знаходзіцца ў пасцелі, не можа ўстаць, хадзіць (пра хворага). Ляжачы хворы.

ля́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Разм. Мясістае пакрыццё сцегнавой косці; сцягно.

ляжня́, ‑і, ж.

Разм. Стан паводле дзеясл. ляжаць (у 1 знач.).