лячы́цца, лячуся, лечышся, лечыцца; незак.
1. Прымаць лекі, лячэбныя працэдуры ад якой‑н. хваробы. Базыль папрасіў Кацярыну паглядзець гаспадарку, пакуль ён будзе лячыцца. Нікановіч.
2. Зал. да лячыць.
лячы́ць, лячу, лечыш, лечыць; незак., каго-што.
Імкнуцца паправіць, вярнуць здароўе пры дапамозе лекаў і іншых медыцынскіх сродкаў. Лячыць хворага. □ Цэлы год лечаць .. [Сасакі] дактары і ніяк не могуць вылечыць, не могуць перамагчы лютай, няўмольнай хваробы. Арабей. // Прымяняць лекі і іншыя медыцынскія сродкі для вылечвання якога‑н. хворага органа. Лячыць сэрца. Лячыць лёгкія. // Прымаць захады для спынення якой‑н. хваробы. Лячыць грып. // перан. Разм. Адбудоўваць, аднаўляць. Край ажывае, Лечыць свае раны, Будуе дбайна Свой шчаслівы лёс. Астрэйка.
лячэ́бнік, ‑а, м.
Уст. Кніга, у якой апісаны папулярныя спосабы лячэння розных хвароб.
лячэ́бніца, ‑ы, ж.
Лячэбная ўстанова спецыяльнага прызначэння. Ветэрынарная лячэбніца.
лячэ́бны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для лячэння, звязаны з лячэннем. Лячэбная ўстанова. Лячэбны пляж. Лячэбная фізкультура.
лячэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. лячыць і лячыцца.