Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ля́да, ‑а, М ‑дзе, н.

1. Дзялянка высечанага лесу, хмызняку; высека. Паабапал дарогі ляжала старое ляда з рэдкімі рэшткамі струх[л]елых пнёў. Шамякін.

2. Расчышчанае месца ў лесе пад пасеў або пад сенажаць. Засеяць ляда.

ляда́чы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і лядашчы.

ляда́шчы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Кволы, хілы; нядужы, слабы. За возам, навязаная на повад, брыла лядашчая карова .. падобная на шкілет. Лупсякоў. // Дрэнны, нягодны. [Банадысь:] «Ці няма ў вашым сяле краўца якога, хоць лядашчага?». Крапіва.

2. Стары, струхлелы; збуцвелы. Некалі на выгане пад вярбой стаяла .. лядашчая хатка. Грамовіч. Лядашчая вопратка слаба грэла.. і Людміла Лаўраўна, уздыхаючы, няспынна тупала, пляскала рукамі. Якімовіч.

лядзя́к, ледзяка, м.

1. Невялікі кавалак лёду; ільдзінка. Калёсы тарахцелі па нераста[л]ых ледзяках. Гартны. Пагодзіцца. Са стрэх ледзякі дзінькаюць. Барадулін.

2. перан. Разм. Пра чалавека, які вельмі змёрз ці мае халодны тэмперамент.

лядзя́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Абл. Дошка або скрынка з абледзянелым дном для катання зімой з горак. На санках, лядзянках — Грамадка дзяцей. Журба.

лядзя́ш, ледзяша, м.

Разм. Тое, што і лядзяк. Шына саней церла ледзяшы .. на дробны парашок. Баранавых. У вядры замярзае вада — там ляжыць круглы лядзяш. Навуменка.

лядні́к, ледніка, м.

Скопішча вялікай масы паўзучага лёду (у гарах ці палярных абласцях); глетчар.

ля́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ляда.

лядо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які адбываецца ў ільдах. Лядовае плаванне.

•••

Лядовае пабоішча гл. пабоішча.

лядо́к, ‑дку, м.

Разм. Памянш.-ласк. да лёд.