лянівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які схільны да ляноты, ухіляецца ад працы. Хітрым чалавекам стаў сын Амяльяніхі. Ды не толькі хітрым, але і лянівым. Кавалёў. [Барабаха:] — [Наймічка] на ўсе штукі здатная, толькі да работы лянівая. Якімовіч. / у знач. наз. лянівы, ‑ага, м. Цяжкая праца толькі для лянівых. Бічэль-Загнетава. Санлівага не дабудзішся, а лянівага не дашлешся. Прыказка. // Які выяўляе ляноту. — Цяпер маю ахвоту ў цяньку пасядзець пад гэтымі дубамі — лянівым і рахманым голасам сказаў Іван Мацкевіч. Бядуля.

2. Вялы, павольны (пра рухі, паходку і пад.). Праз паўгадзіны сяброўкі пляліся ўжо лянівай паходкай людзей, якім няма куды і няма чаго спяшацца. «Звязда». // перан. Які павольна, слаба дзейнічае. Спакойнае мора задумана і ціха плёскала на берагі лянівай белапеннай хваляй. Самуйлёнак. Недалёка за імшыстымі стваламі дрэў паблісквае лянівымі хвалямі рэчка. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)