зіхатлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які блішчыць, ззяе яркім, пералівістым святлом. Калі ўзнялося зіхатлівае сонца, над танкавымі калонамі ў бязвоблачным лагодным небе паявіліся нашы знішчальнікі. Мележ. // Напоўнены яркім ззяннем, святлом, бляскам. Раніца стаяла яркая, зіхатлівая. Шчарбатаў. // перан. Вельмі яркі, асляпляльны. Зіхатлівая прыгажосць гэтай дзяўчыны і незвычайная яе адвага ў гэтым .. складаным становішчы збівалі .. [Івана] з тропу. Быкаў.
зіхатну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да зіхацець.
зіхаце́нне і зіхце́нне, ‑я, н.
Яркае пералівістае святло, якое выпраменьваецца або адлюстроўваецца чым‑н. Зіхаценне зорак. □ Не так даўно глядзеў шчаслівы ён На баявыя бацькавы медалі, Іх зіхаценне дзіўнае і звон Яму спакою проста не давалі. Вярцінскі. Тут мне дорага ўсё, Да душы прыкіпелі І празрыстасць расы, І зіхценне вясёлак, І вясенняя песня Птушынай капэлы. Матэвушаў.
зіхаце́цца, ‑хачуся, ‑хацішся, ‑хаціцца і зіхце́цца, ‑хчуся, ‑хцішся, ‑хціцца; незак.
Разм. Тое, што і зіхацець, зіхцець. Маякі мігцяць-зіхацяцца. Гурло.
зіхаце́ць, ‑хачу, ‑хаціш, ‑хаціць і зіхце́ць, ‑хчу, ‑хціш, ‑хціць; незак.
1. Блішчаць, ззяць яркім, пералівістым святлом. Дні плылі спякотныя.., сонца зіхацела нясцерпна іскрыстым кругам. Мележ. Падобная на маланку, паласа пералівалася, зіхацела, азараючы панылы горны пейзаж. Шыцік. // Ярка, асляпляльна ўспыхваць. На двор жа страшна было вылезці: само неба, здаецца, лілося на зямлю і раз-поразу зіхацелі агністыя маланкі. Мурашка. І ў зорныя ночы, і ў ясныя дні Зіхцяць электрычнае зваркі агні. Гілевіч.
2. Ярка блішчаць, пералівацца, адбіваючы святло, праменне. На мокрай траве, на лістах алешніку буйнымі кроплямі зіхаціць раса. В. Вольскі. Асляпляльна зіхацеў снег. Шчарбатаў. // чым і без дап. Быць асветленым, упрыгожаным чым‑н. яркім. Елка ўся ў агнях зіхаціць, у цацках, істужкамі розных колераў прыбраная. Пянкрат. Шыбамі аконнымі здалёк зіхацеў маленькі гарадок. А. Вольскі. // Вылучацца яркім або светлым колерам. З аднаго боку клуба зіхацела жоўтай фарбай невялікая прыбудова. Ваданосаў. // Вылучацца навізной, чыстатой. У .. пакоі ўсё зіхацела ад чыстаты. Чорны.
зіха́ць, ‑ае; незак.
Абл. Каротка імгненна бліскаць. Маланка цяпер зіхала амаль бесперапынна. Даніленка.
зіхо́ткі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і зіхатлівы. З чорнага, блішчастага ад макраты каменнага жолаба, разбіваючыся аб скалу, ліўся, зіхоткі струмень вады. Быкаў.
зіхо́тны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і зіхатлівы. Стомлена жмурачыся ад зіхотнага сонца, .. [Ганна] перавяла позірк на поле. Мележ.