зіхацець, ‑хачу, ‑хаціш, ‑хаціць і зіхцець, ‑хчу, ‑хціш, ‑хціць; незак.
1. Блішчаць, ззяць яркім, пералівістым святлом. Дні плылі спякотныя.., сонца зіхацела нясцерпна іскрыстым кругам. Мележ. Падобная на маланку, паласа пералівалася, зіхацела, азараючы панылы горны пейзаж. Шыцік. // Ярка, асляпляльна ўспыхваць. На двор жа страшна было вылезці: само неба, здаецца, лілося на зямлю і раз-поразу зіхацелі агністыя маланкі. Мурашка. І ў зорныя ночы, і ў ясныя дні Зіхцяць электрычнае зваркі агні. Гілевіч.
2. Ярка блішчаць, пералівацца, адбіваючы святло, праменне. На мокрай траве, на лістах алешніку буйнымі кроплямі зіхаціць раса. В. Вольскі. Асляпляльна зіхацеў снег. Шчарбатаў. // чым і без дап. Быць асветленым, упрыгожаным чым‑н. яркім. Елка ўся ў агнях зіхаціць, у цацках, істужкамі розных колераў прыбраная. Пянкрат. Шыбамі аконнымі здалёк зіхацеў маленькі гарадок. А. Вольскі. // Вылучацца яркім або светлым колерам. З аднаго боку клуба зіхацела жоўтай фарбай невялікая прыбудова. Ваданосаў. // Вылучацца навізной, чыстатой. У .. пакоі ўсё зіхацела ад чыстаты. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)