Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зірк 1, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца ў значэнні дзеясловаў зірнуць і зіркнуць пры выражэнні нечаканасці, раптоўнасці выяўлення або наступлення чаго‑н. — Мама! — устрывожыліся дзеці. — Нашай грушы няма! Дзядзька грушу забраў!.. Маці зірк у акно: праўда, дзічкі як бы ўжо няма. Ракітны. «Вось каб і грошы так жа знайсці!» — прамовіў парабак. Аж зірк — а пад нагамі скураны кашалёк. С. Александровіч.

зірк 2, ‑у, м.

Абл. Погляд, позірк. Першы Нахлябічаў зірк быў на Галену. Чорны. Увайшла бабка, акінула зіркам маладых настаўнікаў. Колас.

зі́рканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. зіркаць.

зірка́сты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З вострым зрокам; зоркі. Што з таго, што дзед Мікалай — такі зіркасты і дасціпны — заўважыў... Пагаманілі і толькі. Якімовіч.

2. З вялікімі вачамі; вірлавокі. А вочы чаго варты: зіркастыя, стальныя, бязлітасныя.. Дзіва што шчупакі без жалю знішчаюць не толькі іншую рыбу, але і сваіх родных дзетак! Паслядовіч.

зірка́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і зіркасты. Зіркатая сіняя страказа села на.. сцяблінку і ў той жа час пырхнула. Хомчанка. Абвёў [дзед Сапрон] усю грамаду не зусім зіркатымі вачамі, сказаў яшчэ: — Э-эх, многа чаго помню!.. Лёс такі наш. Каваль.

зі́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Кідаць позірк на каго‑, што‑н.; паглядаць. Вада ў рацэ гарэла і пузырылася, як брага. Шэмет зіркаў на кожную бурбалку. Лобан. Я ўзняў галаву і глянуў на дзяўчынку, што сядзела побач і зіркала то ў кніжку, то на мяне ды хітравата ўсміхалася. Мыслівец. / Пра вочы. Вочы з-пад барановай шапкі з адвіслымі вушамі зіркаюць востра, пільна. Мележ.

зі́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да зіркаць.

зірну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм. Паглядзецца. Заскочыла ў хату Аленка, Тараса Шаўчэнку ўзяла, хустачку на плечы пакінула, зірнулася ў люстэрачка ў бляшанай аправе і на вуліцу выйшла. Колас.

зірну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Кінуць позірк; глянуць, паглядзець. Старыя зірнулі адзін на аднаго, паківалі галовамі. Новікаў. Куды ні зірнеш — усюды іскрыстая бель, аж слепіць вочы. Машара. // Заглянуць куды‑н. Зірнуць за вугал. □ Бондар падышоў да акна, зірнуў на двор. Навуменка. // Глянуць, каб даведацца пра што‑н. [Сашка] яшчэ не ведаў, што гэта за шум такі на вуліцы, і выбег зірнуць. Чорны.

2. перан. Аднесціся да каго‑, чаго‑н. якім‑н. чынам, ацаніць як-небудзь. Другая падзея прымусіла.. [Максіма] яшчэ больш сур’ёзна зірнуць на самога сябе. Шамякін.