Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гу́та, ‑ы, ДМ ‑гуце, ж.

Даўнейшая назва шклозавода.

[Ад ням. Hütte.]

гуталі́н, ‑у, м.

Мазь для чысткі скуранога абутку; вакса. Старанна адпрасаваў [Коля] рубашку і гальштук, да бляску пацёр гуталінам боты. Якімовіч.

[Ад ням. gut — добры.]

гутапе́рча, ‑ы, ж.

Пластычная маса, блізкая па сваіх уласцівасцях да каўчуку, якая атрымліваецца з зацвярдзелага соку некаторых трапічных раслін і скарыстоўваецца ў медыцыне і тэхніцы.

[Англ. guttapercha з малайск.]

гутапе́рчавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гутаперчы. // Зроблены з гутаперчы. Гутаперчавы клей. Гутаперчавы мяч.

гутаперчано́сны, ‑ая, ‑ае.

Які мае ў сабе сок, прыгодны для вырабу гутаперчы. Гутаперчаносныя расліны.

гу́тарка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Дзелавая або сардэчная размова. Пачалася гутарка людзей, што не бачыліся можа толькі адзін дзень, але ў якіх сабралася за гэты дзень шмат навін. Шахавец.

2. Лекцыя, даклад, паведамленне, разлічаныя на абмен думкамі прысутных. Часопіс пачынае друкаваць цыкл гутарак аб камунізме. «Звязда». Урокі работы над тэкстам часцей за ўсё праводзяцца ў форме гутаркі. Барсток.

3. Літаратурны твор, пабудаваны ў форме дыялогу. Гутаркі і з явіліся найбольш, падыходзячым жанрам літаратурных твораў, зручным для прапагандысцкай работы. Пшыркоў.

4. Гаворка, чутка. Таксама тут і здань здалася — Аб ёй і гутарка вялася, — Што быццам нехта на вадзе, Яшчэ нябачаны нідзе, Сядзеў і з люлькі зацягаўся Ды раптам згінуў, бы распаўся... Колас.

гутарко́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Якім карыстаюцца ў гутарцы, размове. Гутарковая мова. // Уласцівы вуснай народнай мове. Гутарковы стыль. Гутарковыя інтанацыі.

2. Пабудаваны ў плане размовы, гутаркі; дыялагічны.

гутарлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Гаваркі, схільны да размоў. Заўсёды гутарлівы, Іван Мацвеевіч цяпер упарта маўчаў. Бядуля. // перан. Шумлівы, ажыўлены; незмаўкальны. Гутарлівы бор. □ Збоку ветру ў такт спявае Гутарлівы ручаёк. Колас.

гу́тарыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., з кім і без дап.

Весці гутарку; размаўляць. Захар нейкі час яшчэ сядзеў і гутарыў з Раманам. Колас. Збяруцца.. мужчыны на вуліцы, гутараць, кураць. Брыль. // Расказваць, перадаваць чуткі пра што‑н. А людзі часам гутараць, А ў людзях сказ жыве, Што жыў на бедным хутары Хлапец Лявон Сувей. Панчанка.

гу́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм. Гушкаць. У Каці вочы загарэліся: што гэта за пасылка Гарасіму? А ён і не збіраецца распакоўваць, гутае на руках, як малое дзіця. Лобан.