Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гуд, ‑у, м.

Тое, што і гудзенне. Пчаліны гуд. □ Мы слухалі з табой прыход вясны ў полі, Спеў жаўрука нястомны, Машын сталёвых гуд. А. Астапенка.

•••

Гудам гудзець гл. гудзець.

гудзе́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. гусці і гудзець, а таксама гукі гэтага дзеяння. Рыгор адхіліўся ад акна; разам з гэтым змоўкла гудзенне аэраплана. Гартны. Раптам да вёскі пачалі далятаць нейкія нячутныя дагэтуль гукі, — ні то гудзенне жука, ні то малатарні. Чарот.

гудзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; ‑дзім, ‑дзіце, ‑дзяць; незак.

Разм. Тое, што і гусці. Тэлеграфныя драты прыціхлі — не гудзяць, прыбраліся ў серабрыстыя пацеркі. Пестрак. Роем пчол гудзеў натоўп сялян. Нікановіч.

•••

Гудам гудзець — вельмі моцна гудзець. Буры. Навальніцы. Гудам бор гудзе. Бядуля.

гудну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да гудзець.

гудо́к, ‑дка, м.

1. Механічнае прыстасаванне для падачы сігналаў шляхам гудзення. Андрэй торгае гудок, моўчкі паварочвае рэгулятар. Іржавы манеўравы паравоз пачынае дрыжэць усім сваім старым нутром. Лынькоў.

2. Працяжны аднастайны гук, сігнал, пададзены з дапамогай такога прыстасавання. Пераклікаліся ранішнія гудкі, крычалі на розныя галасы. Бядуля. Люблю, як займаецца золак, Абуджаны гулам гудкоў, Як дзеці спяшаюцца ў школы, Як хлопцы ідуць да станкоў. А. Александровіч.

3. Старарускі трохструнны смычковы музычны інструмент.

гудо́шнік, ‑а, м.

Уст. Музыкант, які іграў на гудку (у 3 знач.).

гудрані́равацца, ‑руецца; незак.

Зал. да гудраніраваць.

гудрані́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Пакрыць (пакрываць) гудронам. Гудраніраваць дарогу.

гудро́н, ‑у, м.

Чорнае смалістае рэчыва — астатак, які атрымліваецца пры перагонцы нафты.

[Фр. goudron.]

гудро́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гудрону. Гудронны пах. // Пакрыты гудронам. Гудронная дарога.