гук, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Ваганні паветра, якія мы ўспрымаем слыхам. Гукаў не было, нават не чулася шолаху траў, які звычайна ўлоўлівае вуха ў такую начную пару ўлетку. Хадкевіч.
2. ‑у. У фізіцы — хістальны рух частак паветра або другога асяроддзя. Скорасць гуку. Тэорыя гуку.
3. ‑у. У музыцы — тон адпаведнай вышыні ў адрозненне ад шуму. Музыкальны гук.
4. ‑а. Найменшы членараздзельны элемент чалавечай мовы. Галосныя гукі. Зычныя гукі.
•••
Камбінаторыка гукаў гл. камбінаторыка.
Ні гуку — а) пра глыбокую цішыню. Змоўкла радыё, ні гуку, І голас дыктара заціх. Колас; б) загад маўчаць, не абзывацца. — Здавайся, нас тут многа! І ні гуку! — моцным шэптам загадаў Палікар. Чорны.
гука...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнню адпавядае слову гук, напрыклад: гуказапіс, гуканепранікальны.
гукаапера́тар, ‑а, м.
Спецыяліст у галіне гуказапісу.
гукаво́браз, ‑а, м.
Падбор гукаў мовы, які стварае ілюзію сэнсавай адпаведнасці гукавой формы слова яго прадметнаму значэнню.
гукавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да гуку (у 2 знач.). Светлавыя і гукавыя з’явы.
2. Які перадае, узнаўляе або запісвае гукі. Гукавы апарат.
3. Які складаецца з гукаў. Гукавая сігналізацыя.
4. Які мае адносіны да гука (у 4 знач.). Гукавы склад слова.
•••
Гукавое кіно гл. кіно.
гуказа́піс, ‑у, м.
Запіс спецыяльнымі апаратамі гаворкі або музыкі на плёнку, пласцінку і пад.
гуказапісны́, ‑ая, ‑ое.
Прызначаны для гуказапісу. Гуказапісны апарат.
гуказдыма́льнік, ‑а, м.
Прылада для ўзнаўлення гукавога запісу; адаптар.
гукаізаляцы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да гукаізаляцыі. Гукаізаляцыйны матэрыял. Гукаізаляцыйныя ўласцівасці.
гукаізаля́цыя, ‑і, ж.
Здольнасць не дапускаць пранікнення гукаў і шуму, а таксама сукупнасць сродкаў, якія забяспечваюць непранікальнасць гукаў, шуму. Гукаізаляцыя памяшкання. Павысіць гукаізаляцыю.