гул, ‑у, м.
Працяжны аддалены шум, грукат. Самалёты зніклі, паступова суцішыўся іх гул. Мележ. Вечар звінеў ад цыкад. У гарах стаяў няясны гул, нібы недзе далёка рушыліся абвалы. Каваль.
гуле́ц, ‑льца, м.
Разм. Удзельнік якой‑н. гульні. Новая прыгода паддала гульцам весялосці, бо накіравала іх думкі ў другі бок ад азарту, троху зменшыла палкую цікавасць да картаў. Гарэцкі. // Любіцель гуляць у што‑н.
гу́лі, ‑яў; адз. няма.
Разм. Гулянне, забава. Балі ды гулі ў лапці абулі. З нар. Эх, як весела жыць: песні, музыка... Ну, гуляй, каму хочацца гу́ляў... Чарот.
гу́лкасць, ‑і, ж.
Добрае гучанне; звонкасць, гучнасць. — Хораша выходзіць! — забыўшы ўсё на свеце, захоплены гулкасцю і выразнасцю водгулля, прамовіў Садовіч і гукнуў яшчэ раз. Колас.
гу́лкі, ‑ая, ‑ае.
1. Гучны, далёка чутны. Гулкія грымоты. □ Уласныя крокі палохалі Леаніда — яны здаваліся яму занадта гулкімі. Шахавец. Гулкі фабрычны Гудок пранясецца, Сілай крынічнай Работа пальецца. А. Александровіч.
2. Здольны ўзмацняць гул; з моцным рэзанансам. Гучны адзінокі стрэл пачуўся воддаль, рэха пранесла яго далёка, і ён паўтарыўся недзе ў гулкай цясніне гор. Самуйлёнак. А музыкі ў гулкай зале Ладзяць скрыпкі і цымбалы. Бядуля.
гуллі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць гуллівага. Калі гатова была наладзіцца зноў атмасфера бурнай весялосці, бесклапотнай гуллівасці, гарэзлівасці, нехта ўвайшоў у пакой, абвясціў: — У горадзе пажар! Лынькоў.
гуллі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Вясёлы, жартаўлівы. Гуллівы настрой. □ Голас у .. [Аксаны] чысты, лёгкі, і песня гэткая ж лёгкая і гуллівая, як бліскучыя чорныя яе вочы. Галавач.
2. Ахвочы пагуляць; гарэзлівы, шустры. Гуллівае дзіця. Гуллівая вавёрка. □ Мігатліва бліскацелі трапяткія крылачкі гуллівых стракоз. Пестрак. // перан. Рухавы, зменлівы. [Жыта] то калышацца вясёлымі гуллівымі хвалямі, то нікне шэрымі каласамі ў нейкай задуме. Дуброўскі. Зіму змыюць паводкі гуллівыя. Бядуля.
гульба́, ‑ы ж.
Разм. Дзеянне паводле дзеясл. гуляць (у 5 знач.). // Гулянка, папойка. Дзень гульбы, век журбы. Прыказка.
гу́льбішча, ‑а, н.
1. Разм. Гулянка, гулянне. Падыходзілі старыя, глядзелі на гульбішча і скокі, а самі гаварылі стала і сур’ёзна аб вясне і аб ураджаі. Каваль.
2. Уст. Месца народнага гуляння. А наводдаль, у баку ад публічнага гульбішча, віднеліся купальні. Гартны.