Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гуз, ‑а, м.

Пукатасць, нараст на целе чалавека або жывёлы ад удару, запалення і пад. Набіць гуз. □ Дужай мужчынскай рукою, якой так даўно не было на светлай галаве Даніка, Мікола правёў па «сівых» валасах малога, намацаў гуз ад кія і, заплюшчыўшы вочы, праз зубы ціха вылаяўся. Брыль. // Пукатая няроўнасць на чым‑н. Снегу было мала, на каляіністых дарогах чарнелі мёрзлыя земляныя гузы. Чорны. Скрыпучым голасам зарыпіць журавель над студняю з трухлявым дзер[а]вяным зрубам і гузамі лёду каля яго. Колас.

гузава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць гузаватага. Чалавек.. лёг на зямлю і, адчуўшы яе гузаватасць, адным махам рукі згроб сабе пад галаву імшыстую купіну. Чорны.

гузава́ты, ‑ая, ‑ае.

Няроўны, з гузамі і пукатасцямі. Гузаваты лоб. Гузаватая бяроза.

гуза́к, ‑а, м.

Разм. Тое, што і гуз. Сінія гузакі відны былі на лбе, падцёкі — ля скроняў, а на самой галаве нічога небяспечнага не заўважалася. Кулакоўскі. Кара на .. [ліпах] патрэскалася, паміж шурпатых гузакоў лёгка можа ўмясціцца дзіцячы кулак. Даніленка.

гуза́сты, ‑ая, ‑ае.

З вялікімі гузамі. Дзед Талаш падняў вочы на.. каржакаваты гузасты дуб з магутнымі лапамі, як бы чакаючы адказу на свае сумненні. Колас.

гу́зік, ‑а. м.

1. Металічная, касцяная або іншая зашпілька, пераважна ў форме кружка, якая прышываецца да адзення, абутку. Бліскучыя гузікі. Прышыць гузік. Адшпіліць гузікі.

2. Разм. Пра ўсё, што нагадвае па форме гэту зашпільку. Гузікі гармоніка.

гу́зікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гузіка. Гузікавая майстэрня.

гу́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

1. Разм. Хваставая частка тулава птушкі; задок.

2. Спец. Лішні хвосцік у літары, які атрымліваецца пры адліўцы шрыфтоў.

гузы́р, ‑а, м.

Абл. Ніжняя частка (снапа, ствала і пад.); камель. На гузыры той сухастоіны Наросты чорныя адны. Вітка. Кабеты пазатыкалі сярпы ў гузыры снапоў. Сачанка.