Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

го́ра, ‑а, н.

1. Стан глыбокага смутку, душэўнага болю, выкліканы якім‑н. няшчасцем. Маці ў горы і бацька ў горы — Сын, Васілёк, трэці дзень ужо хворы. Панчанка. На заплаканы тварык балюча глядзець, У вачах — недзіцячае гора. Гілевіч. // Няшчасце, бяда, якія выклікаюць такі стан. Зіна сядзела на траве і плакала, бяссільна, жаласна, як плача чалавек, да якога прыйшло непапраўнае гора. Карпюк. Людзі бачылі, як загінулі жонка і маленькі сын Аляксандрава. Ён цяжка перажываў тое гора. Дадзіёмаў.

2. Жыццёвыя нягоды, мукі, нястача. Тут пад ярмом кароны жыў, Цярпеў галечу, крыўду, здзек І чалавекам век не быў Забіты горам чалавек. А. Александровіч. У калгасе працаваць — гора і бяды не знаць. З нар.

3. у знач. вык. Разм. Бяда, няшчасце. Вось гэта грэбля — бяда і гора мікуціцкае. Колас. // безас. Цяжка, бяда каму‑н. Весць аб смерці Бандароўны Скрозь пайшла, як мора; Зашумела Украіна, — Гора панам, гора! Купала.

•••

Глынуць гора гл. глынуць.

Гора гараваць гл. гараваць.

Гора горкае — вялікае несуцешнае гора.

Дапамагчы гору (бядзе) гл. дапамагчы.

Заліць гора гл. заліць.

З горам папалам гл. папалам.

І гора мала каму гл. мала.

(І) смех і гора гл. смех.

У горы жыць ды з перцам есці гл. жыць.

го́рад, ‑а; мн. гарады, ‑оў; м.

1. Буйны населены пункт, адміністрацыйны, прамысловы, гандлёвы і культурны цэнтр. Сталічны горад. Горад нафтавікоў. Партовы горад. □ Горад шумеў, як дзень, так ноч, тысячамі галасоў. Колас. // Пра жыхароў такога населенага пункта. Увесь горад гаворыць пра апошнія падзеі.

2. Гіст. Населенае месца, абгароджанае і ўмацаванае сцяной. Старажытны славянскі горад.

•••

Вольны горад — а) сярэдневяковы горад, які вызваліўся з-пад улады феадала і набыў правы самастойнай дзяржавы; б) сучасны горад з асаблівым міжнародным рэжымам, вылучаны ў самастойную палітычную адзінку.

Губернскі горад — галоўны горад губерні.

Заштатны горад (уст.) — горад, які не мае адміністрацыйнага значэння.

Ні к сялу ні к гораду гл. сяло.

горадабудаўні́к, ‑а, м.

Удзельнік горадабудаўніцтва.

горадабудаўні́цтва, ‑а, н.

Мерапрыемствы, звязаныя з будаўніцтвам і добраўпарадкаваннем гарадоў і гарадской гаспадаркі. Захаванне архітэктурнай спадчыны і яе арганічнае ўключэнне ў структуру гарадоў, што павінны быць рэканструяваны, — адна з важнейшых праблем сучаснага горадабудаўніцтва.

горадабудаўні́чы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да горадабудаўніцтва. Горадабудаўнічыя работы.

го́ран, ‑рна, м.

1. Кавальская печ для награвання металу, забяспечаная мяхамі і паддувалам. У кузні было горача. Ярка палала вуголле. У горне ляжаў прадаўгаваты кавалак распаленага дабяла жалеза, ад яго з лёгкім трэскам разляталіся ў бакі блакітныя іскры. Курто. // Спецыяльная печ для абпальвання керамічных вырабаў.

2. перан.; чаго. Цяжкасці, выпрабаванне якія загартоўваюць, робяць стойкім каго‑, што‑н. Паэзія М. Танка.. вытрымала суровыя выпрабаванні, прайшла сапраўдную загартоўку ў горне жыцця. Шкраба.

3. Ніжняя частка доменнай печы, дзе згарае паліва.

гораўтвара́льны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з гораўтварэннем. Гораўтваральныя працэсы.

гораўтварэ́нне, ‑я, н.

Працэс утварэння гор.

го́рац, ‑рца, м.

Жыхар гор, горнай краіны. Паселішча горцаў.

го́рача,

1. Прысл. да гарачы (у 1, 3 знач).

2. безас. у знач. вык. Пра высокую нагрэтасць паветра. На дварэ горача. □ У паветры ўжо адчуваўся подых блізкай восені. Днём усё яшчэ было горача. Затое ноччу дацінаў холад. Асіпенка. Нібы ля сонца, горача на полі, Плугі дымяцца ад гарачыні. А. Астапенка.

3. безас. у знач. вык., каму і без дап. Пра адчуванне кім‑н. гарачыні, якая ідзе ад чаго‑н. моцна нагрэтага. З адчыненых дзвярэй школы валіла пара, горача было сядзець у суконных світках, у кажухах. Лобан. — Горача, — пачуўся з-за коміна звонкі дзіцячы голас. Чорны. // Пра адчуванне гарачыні ў целе ад наплыву моцных пачуццяў, перажыванняў і пад. Ад радасці ўнутры горача робіцца. Бядуля. [Візэнеру] рабілася і горача і холадна, калі ён думаў аб гэтай звышснайперскай кулі нябачнага стралка. Шамякін.

4. безас. у знач. вык., каму і без дап. Цяжка, многа бяды, клопату. Натхніцелі санацыйнага рэжыму добра разумелі, што заўтра ім будзе яшчэ больш горача на «крэсах усходніх», чым сёння, і гэта парахавая бочка рана ці позна павінна будзе, нарэшце, узарвацца. Майхровіч.

•••

Аж небу горача (стане, будзе і пад.) — пра самую высокую ступень інтэнсіўнасці якога‑н. дзеяння або дзейнасці. — І потым наносім такія моцныя ўдары, што аж небу горача робіцца, — лічачы, што размова скончана, устаў Карніцкі. Паслядовіч.

Ні холадна ні горача каму — пра раўнадушныя адносіны, адсутнасць цікавасці да чаго‑н. Дзед Астап проста сніць свае турэцкія баталіі, ад якіх цяпер нікому ні холадна ні горача. Лынькоў.