Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гайда́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца і го́йдацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Рытмічна хістацца з боку ў бок або зверху ўніз. Гайдацца на гушкалцы. □ Над пожняй хвоя, Быццам памяло, Гайдаецца і размятае хмары. Макаль. // Мець хвалісты выгляд, пералівацца хвалямі (пра якую‑н. паверхню). Акіян гайдаўся на прасторы. Звонак. Густы, працяглы шолах на кукурузным полі. Радасна пазіраць Тасі, як плыве, гайдаецца пад ветрам зялёнае мора. Бялевіч.

2. Зал. да гайдаць.

гайда́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е і го́йдаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Рытмічна хістаць з боку ў бок або зверху ўніз. Гайдаць калыску. □ Лес разбуджаны голле гайдае. Гаўрусёў. Любоўна ветры па загонах Жытцо, ярынку чуць гайдалі. Колас. / у безас. ужыв. Параход злёгку гайдала.

го́йдацца,

гл. гайдацца.

го́йдаць,

гл. гайдаць.

го́йканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. гойкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Да нас, ужо аднекуль з-пад ракі, даносіцца гойканне Анюты, але мы маўчым. Пташнікаў.

го́йкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Вымаўляць, выкрыкваць «гой». [Янук (скачучы, гойкае):] Гой, гой! Вяселле пачынаецца! Козел.

го́йкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да гойкаць.

го́йсанне і гайса́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. гойсаць, гайсаць.

го́йсаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і гайса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Хутка і мітусліва рухацца, перамяшчацца ў розных напрамках. Ашалелы ад страху статак гайсаў па лужку. «Работніца і сялянка». Дзятва гойсала, кугікала і круцілася ля вогнішча. Каваль. // Раз’язджаць, бегаць у пошуках каго‑, чаго‑н. Гендарсан гайсаў на сваёй кабыле па вёсках, шукаў работніц капаць бульбу. Чарнышэвіч. // Хадзіць, бегаць дзе папала без пэўнай мэты. Ты ж тут не гойсай па вуліцы, а вучыся добра.