Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гол, ‑а, м.

1. Забіты або прапушчаны ў вароты мяч, шайба. Забіць гол. Прапусціць гол у свае вароты.

2. Ачко, якое выйграе каманда, калі забівае мяч або шайбу ў чужыя вароты.

[Англ. goal.]

го́ла,

1. Прысл. да голы.

2. безас. у знач. вык. Пуста, нікога або нічога няма. Увечары на вуліцы стала пуста, гола: з канца ў канец не сустрэць чалавека. Скрыган. Мы ў полі, пры лесе, Ссякалі капусту. А сёння там гола, А сёння там пуста. Бялевіч.

голагало́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. З голай, непакрытай галавой. Праводзілі Галю бацька, Марына і голагаловы і босы Сцёпік. Ермаловіч. // З безвалосай, абстрыжанай ці лысай галавой.

го́лад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Адчуванне патрэбы ў ежы, моцнае хаценне есці. Адчуць голад. Прагнаць голад. □ Мікола ўжо і забыў, калі наядаўся ўволю. Нават у сне яго мучыў голад. Новікаў. // Працяглае недаяданне з-за недахопу ежы. Пухнуць з голаду. □ Выскачыў з бярлогі сумны воўк, Ад голаду сухі, бы корч. Бядуля.

2. Недахоп або адсутнасць харчовых прадуктаў як масавае няшчасце з прычыны неўраджаю, вайны і пад. У голад намруцца, у вайну налгуцца. Прыказка. // перан. Увогуле недахоп чаго‑н. жыццёва важнага, неабходнага. Рэпертуарны голад. Кніжны голад. □ Зямельны голад гнаў селяніна ў кабалу да памешчыка. Івашын.

го́ладна,

1. Прысл. да галодны (у 1 знач.).

2. безас. у знач. вык., звычайна каму. Пра галодны стан, адчуванне голаду кім‑н. Было страшна, голадна, але Анатоль ніколі не хныксіў, ніколі не наракаў на цяжкасці. Асіпенка.

голанасе́нныя, ‑ых.

Тып вышэйшых раслін, насенне якіх размешчана на адкрытых пладалісціках, а не ў пладовых абалонках.

го́лас, ‑у; мн. галасы, ‑оў; м.

1. Гукі, якія ўзнікаюць пры размове, крыку або спеве дзякуючы хістанню галасавых звязак. Раздаўся голас. Сціхлі галасы. □ Ноч застыла. Не чутно ні крокаў, ні галасоў, ні гукаў, нават мароз не трашчыць. Мележ. // Асаблівасці чыйго‑н. вымаўлення, гаворкі. Ласкавы голас. Пазнаць сябраў голас.

2. Гучанне галасавых звязак пры спеве; здольнасць спяваць. Прадаваць голас. Ставіць голас артысту. □ Расла яшчэ за князем на ўзбярэжжы Дзвіны-ракі дзяўчына-красуня, разумніца і рукадзельніца, з голасам салаўіным, і косамі, як чысты лён. Грахоўскі.

3. Асобная самастойная партыя многагалосага твора вакальнай і інструментальнай музыкі. Раманс для двух галасоў.

4. Гукі, якія ўтвараюцца некаторымі неадушаўлёнымі прадметамі. Голас ветру. Галасы мора.

5. перан.; чаго або які. Позыў, патрабаванне якога‑н. унутранага пачуцця, інстынкту і інш. Голас сумлення. □ [Маша] прыслухалася, нібы хацела пачуць нейкі патаемны голас душы. Шамякін.

6. Меркаванне, выказванне. Прыслухоўвацца да голасу мае. Голас людзей добрай волі.

7. Права прымаць удзел у абмеркаванні і вырашэнні якіх‑н. пытанняў, выказваць свае меркаванні па гэтых пытаннях. Удзельнічаць у выбарах з правам рашаючага голасу. // Само гэта меркаванне, выказанае ў якой‑н. форме. Падлік галасоў.

8. Разм. Клавіш музычнага інструмента. — Дзядзька Хведар, а дзядзька... — сказаў.. [Міша] да музыканта. — Вы хоць пот з твару змахніце... Ды і галасы хай трохі астынуць. Мыслівец.

•••

Голасам галасіць гл. галасіць.

Голас у голас — пра поўнае падабенства каго‑н.

Дзікім (дурным, немым, не сваім) голасам — вельмі моцна, што ёсць сілы (крычаць, плакаць).

На ўвесь голас — вельмі моцна, з усёй сілы (крычаць, плакаць).

Павысіць голас гл. павысіць.

Падаць голас гл. падаць.

Падняць (узняць) голас гл. падняць.

Траціць голас гл. траціць.

У адзін голас — а) адначасова, усе разам (адказваць, гаварыць і пад.). — Дзе ты быў дасюль, чаму не прыходзіў? — у адзін голас запыталі [хлопцы]. Чарнышэвіч; б) аднадушна, аднолькава (паўтараць, пацвярджаць і пад.). На пасяджэнні журы ўсе.. у адзін голас дамагаліся: танец з істужкаю паслаць на рэспубліканскі агляд. Сабаленка.

голасавядзе́нне, ‑я, н.

Майстэрства спалучэння двух або некалькіх галасоў (у 2 знач.) у адно сугучнае цэлае.

го́ласна, прысл.

Уголас, не шэптам. Голасна чытаць. // Гучна, моцна. Малатарня гула, і таму гаварыць прыйшлося ненатуральна голасна. Шамякін.

го́ласны, ‑ая, ‑ае.

Гучны, звонкі. Мэра ад голаснага плачу пераходзіць да ціхага ўсхліпвання і туліцца да Крушынскага. Бядуля.