го́рача,
1. Прысл. да гарачы (у 1, 3 знач).
2. безас. у знач. вык. Пра высокую нагрэтасць паветра. На дварэ горача. □ У паветры ўжо адчуваўся подых блізкай восені. Днём усё яшчэ было горача. Затое ноччу дацінаў холад. Асіпенка. Нібы ля сонца, горача на полі, Плугі дымяцца ад гарачыні. А. Астапенка.
3. безас. у знач. вык., каму і без дап. Пра адчуванне кім‑н. гарачыні, якая ідзе ад чаго‑н. моцна нагрэтага. З адчыненых дзвярэй школы валіла пара, горача было сядзець у суконных світках, у кажухах. Лобан. — Горача, — пачуўся з-за коміна звонкі дзіцячы голас. Чорны. // Пра адчуванне гарачыні ў целе ад наплыву моцных пачуццяў, перажыванняў і пад. Ад радасці ўнутры горача робіцца. Бядуля. [Візэнеру] рабілася і горача і холадна, калі ён думаў аб гэтай звышснайперскай кулі нябачнага стралка. Шамякін.
4. безас. у знач. вык., каму і без дап. Цяжка, многа бяды, клопату. Натхніцелі санацыйнага рэжыму добра разумелі, што заўтра ім будзе яшчэ больш горача на «крэсах усходніх», чым сёння, і гэта парахавая бочка рана ці позна павінна будзе, нарэшце, узарвацца. Майхровіч.
•••
Аж небу горача (стане, будзе і пад.) — пра самую высокую ступень інтэнсіўнасці якога‑н. дзеяння або дзейнасці. — І потым наносім такія моцныя ўдары, што аж небу горача робіцца, — лічачы, што размова скончана, устаў Карніцкі. Паслядовіч.
Ні холадна ні горача каму — пра раўнадушныя адносіны, адсутнасць цікавасці да чаго‑н. Дзед Астап проста сніць свае турэцкія баталіі, ад якіх цяпер нікому ні холадна ні горача. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)