ацале́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які аказаўся цэлы сярод разбуранага, уцалелы. Шура скора знайшла гэты дом — у цэнтры горада, адзін з ацалелых дамоў на цэнтральнай плошчы. Арабей. Адразу ж за вёскаю пачынаецца лес. І не проста лес, а даўні, ацалелы ад сякеры і пілы. Кавалёў. // Які захаваўся, не загінуў. Напаўжывыя ў вёску мы прыбеглі, Мы, ацалелыя падлеткі-пастухі. Лойка.
ацале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. Астацца цэлым, непашкоджаным сярод разбуранага, уцалець. Як ацалелі дрэвы тут кругом, Дзе фронт узрыў снарадамі грунт шэры? Танк. // Астацца жывым, не загінуць. Ацалець у жорсткім баі.
ацані́ць, ацаню, ацэніш, ацаніць; зак., каго-што.
1. Назначыць цану чаму‑н.; вызначыць вартасць чаго‑н. [Несцяровіч краўцу:] — Ацэнім тваю хату і за яе табе будаўніцтва сплаціць. Чорны.
2. перан. Даць ацэнку каму‑, чаму‑н., выказаць сваю думку пра што‑н., вызначыць ролю, характар каго‑, чаго‑н. — Смутак, напрыклад, можа мець апраўданне, што для таго ён, каб пасля яго больш ацаніць радасць. Чорны. Арон хутка ацаніў становішча. Мурашка. // Прызнаць станоўчыя якасці, каштоўнасць і пад. каго‑, чаго‑н. Не! Ніхто, толькі яна [пані] сама сябе можа ацаніць. Бядуля. Свет не бачыў падобнай мастацкай рукі: хай ацэняць цудоўны кілім мастакі... Дубоўка.