Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ахраматы́зм, ‑у, м.

Спец. Здольнасць аптычнай сістэмы не раскладаць светлавога праменя на састаўныя колеры пры пераламленні; бясколернасць.

[Ад грэч. a — без і chroma — колер.]

ахраматы́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які не раскладае светлавога праменя на састаўныя колеры пры пераламленні; бясколерны.

ахрамаці́н, ‑у, м.

Рэчыва клетачнага ядра, якое слаба афарбоўваецца.

[Ад грэч. achrōmatos — бясколерны.]

ахра́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Разм. Орган тайнага паліцэйскага нагляду ў дарэвалюцыйнай Расіі; ахраннае аддзяленне.

ахра́ннік, ‑а, м.

Агент ахранкі. Мікіту цяпер, калі ён задумаўся над словамі Зубковіча, пачынае здавацца, што вось-вось выйдзе нехта з-за стога, з-за хлява, возьме яго загрудкі і запытае: служыў ты ахраннікам ці не? Галавач.

ахра́п’е, ‑я, н., зб.

Бацвінне, капуснік і рознае агароднае пустазелле як корм для жывёлы. Назбіраць ахрап’я для кабаноў. □ Узнялі яе зарання, Не паспела і паспаць, Загадалі да снядання На ахрап’е назбіраць. Броўка.

ахрыпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да ахрыпнуць.

ахры́пласць, ‑і, ж.

Уласцівасць ахрыплага; хрыпата.

ахры́плы, ‑ая, ‑ае.

Які ахрып, з хрыпатою ў голасе. Калі адышоў ад прычала З цяжкімі вазамі паром, Ахрыплая чайка крычала, Зрываючы пену крылом. Непачаловіч.

ахры́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. ахрып, ‑ла; зак.

Стаць хрыплым (пра голас). Хай скамянею я, Хай лепш замоўкнуць струны, Калі пявучы рытм Ахрыпне ў грудзях зноў. Хведаровіч.